Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларуськалій» падаў скаргу ў Віленскі суд на спыненьне транзыту калійных угнаеньняў празь Літву


«Беларуськалій» аспрэчвае рашэньне ўраду Літвы аб прызнаньні дамовы зь «Літоўскімі чыгункамі» не адпаведнай крытэрам нацыянальнай бясьпекі.

Скарга была пададзена 28 студзеня, паведамляе BNS са спасылкай на прадстаўніка Віленскага акруговага адміністрацыйнага суду Аўдрыса Кутрэвічуса.

У ёй «Беларуськалій» патрабуе адмяніць як рашэньне ўрадавай камісіі, так і самога ўраду Літвы. На падставе іх рашэньняў «Літоўскія чыгункі» абвясьцілі пра скасаваньне дамовы зь «Беларуськаліем» з 1 лютага.

Пасьля таго як літоўская чыгунка паведаміла «Беларуськалію» пра рашэньне ўраду прызнаць несапраўдным кантракт на перавозку калійных угнаеньняў з 1 лютага, ёй паступілі заяўкі ад чатырох непадсанкцыйных беларускіх прадпрыемстваў — «Беларускай калійнай кампаніі» (БКК), «Белінтэртрансу», «Белкалію-Мігао» і «Белінтэртранс Балтык», а таксама ад літоўскага ТАА Lit Salt Trade.

Пакуль камісія разглядае прадстаўленыя дакумэнты, літоўская чыгунка сама адхіліла хадайніцтвы двух заяўнікаў, бо яны прэтэндавалі на перавозку грузаў па дамовах, якія больш ня дзейнічалі, або ўвогуле ня мелі дамоваў зь літоўскай чыгункай. Рэакцыя на астатнія заяўкі будзе пасьля рашэньня літоўскай Каардынацыйнай камісіі па ахове аб’ектаў, важных для забесьпячэньня нацыянальнай бясьпекі.

  • Кампанія «Літоўскія чыгункі» падпісала дамову зь «Беларуськаліем» увесну 2018 году, дамова дзейнічае да канца 2023-га. У адпаведнасьці зь ёю праз Клайпедзкі порт перавозіцца каля 11 млн. тон беларускіх угнаеньняў.
  • 9 жніўня 2021 году ЗША ўвялі санкцыі супраць дзясяткаў беларускіх кампаній, у тым ліку ААТ «Беларуськалій». Гэтыя санкцыі набылі моц 8 сьнежня. У канцы сьнежня літоўская ўрадавая камісія для праверкі ўгодаў стратэгічных прадпрыемстваў абвясьціла, што дамова «Літоўскіх чыгунак» зь беларускім вытворцам угнаеньняў «Беларуськалій» і зьмены ў ёй ствараюць пагрозу для бясьпекі краіны.
  • Прадстаўніца «Беларускай калійнай кампаніі» Ірына Саўчанка заявіла, што калі Літва паспрабуе спыніць транзыт у аднабаковым парадку, беларускі бок будзе падаваць у суд, а таксама ў суд могуць падаць пакупнікі ўгнаеньняў, якія ня хочуць плаціць па завышаных цэнах. Акрамя таго, Беларусь у такім выпадку можа спыніць чыгуначныя транзытныя зносіны зь Літвой. Аляксандар Лукашэнка, у сваю чаргу, прыгразіў Літве, што перакрые транзыт тавараў з Украіны.
  • 12 студзеня ўрад Літвы ўхваліў заключэньне спэцыяльнай камісіі, у якой пагадненьне паміж Літоўскай чыгункай і «Беларуськаліем» было ацэненае як неадпаведнае інтарэсам нацыянальнай бясьпекі Літвы. «Літоўскія чыгункі» ўжо афіцыйна паінфармавалі «Беларуськалій» пра скасаваньне дамовы з 1 лютага.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG