Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кібэрпартызаны»: Мы маглі б спыніць усю чыгунку


«Кібэрпартызаны»
«Кібэрпартызаны»

Беларуская чыгунка трэці дзень ня можа аднавіць онлайн-куплю квіткоў на цягнікі пасьля ўзлому электроннай сыстэмы. Адказнасьць за атаку на сэрвэры кампаніі ўзялі на сябе «Кібэрпартызаны». Іх мэта — запаволіць рух расейскага войска ў Беларусь.

Дэталі пра кібэратаку Свабодзе расказала прадстаўніца «Кібэрпартызанаў» і арганізацыі «Супраціў» Юльяна Шаметавец.

Сама Беларуская чыгунка дагэтуль не камэнтуе здарэньня. На сайце ёсьць паведамленьне, што продаж квіткоў не працуе ў поўным аб’ёме.

Ніхто з чыгункі або іншых дзяржаўных установаў, паводле Шаметавец, не кантактаваў з «Кібэрпартызанамі». Але калі было б выканана галоўнае патрабаваньне, то яны б імгненна дапамаглі аднавіць працу сыстэмы.

«Калі 50 палітвязьняў будуць вызваленыя, то „Кібэрпартызаны“ цягам 15 хвілін падзеляцца ключамі для шыфроўкі, і тады многія сыстэмы могуць быць папраўленыя спэцыялістамі. Калі спатрэбіцца дапамога „Кібэрпартызанаў“, то, я ўпэўненая, яны змогуць яе аказаць», — кажа Юльяна Шаметавец.

«Узламаць сыстэму БЧ было складаней, чым сыстэму МУС»

«Кібэрпартызаны», па словах Шаметавец, выбачаюцца перад пасажырамі, якім атака прынесла нязручнасьці. Яны намагаліся як найменш нашкодзіць звычайным пасажырам.

«Але трэба памятаць, што людзям, якія ў турме, яшчэ больш нязручна. Гэта цана за актыўнасьць супраціву і барацьбы супраць дыктатарскага рэжыму», — кажа прадстаўніца «Кібэрпартызанаў».

Яна дадае, што ў саму сыстэму «кібэры» праніклі яшчэ на пачатку сьнежня. Гэта, на яе думку, дае ўяўленьне, колькі прафэсіяналаў можа працаваць у БЧ. Сама ж атака пачалася ў нядзелю ў 23.00 і скончылася ранкам у 9.00.

«Узламаць сыстэму БЧ для „Кібэрпартызанаў“ было складаней, чым сыстэму МУС. Таму што трэба было ня толькі прачытаць базы дадзеных, але і магчы іх адрэдагаваць, выдаліць бэкапы. Там не хапае спэцыялістаў. Яны карыстаюцца вельмі старым праграмным забесьпячэньнем, многае з гэтага не ліцэнзійнае. Мы таксама бачым, якімі кампуатарамі карыстаюцца розныя ўстановы. На жаль, за 27 год да такога ўзроўню скацілася наша эканоміка і наша інфраструктура. Наколькі мне вядома, „Кібэрпартызаны“ да гэтай пары маюць нейкі доступ да БЧ».

«Дзяржава ня ў стане кантраляваць стратэгічна важную інфраструктуру»

Агулам кампанія, паводле Шаметавец, удалася. Але пакуль рана ацэньваць паўнавартасныя страты, бо недастаткова інфармацыі, ці запаволілася прыбыцьцё расейскіх войскаў.

«Тым ня менш партызаны паказалі, што дзяржава ня ў стане кантраляваць стратэгічна важную інфраструктуру. Чарговы раз мы бачым, што там працуюць ляяльныя людзі, але не экспэрты або прафэсіяналы сваёй працы. І, вядома ж, гэта было важнае палітычнае пасланьне і патрабаваньне пра вызваленьне палітвязьняў, у тым ліку. Было вельмі важна паказаць, што беларусы не сустрэнуць з энтузіязмам расейскую армію, або нейкую іншую, асабліва калі тыя будуць выкарыстоўваць стратэгічна важную інфраструктуру для перавозкі сілаў і сродкаў да мяжы з Украінай», — лічыць Юльяна Шаметавец.

Паводле прадстаўніцы «Кібэпартызанаў», атака прынесла вялікую шкоду камэрцыйным рэйсам. Там уплыў быў вялікі.

«У „Кібэрпартызанаў“ была магчымасьць адключыць сыгнальную сыстэму і аўтаматызацыю. Але яны гэтага вырашылі не рабіць, бо яны не спэцыялісты, ня ведалі, як гэта можа паўплываць на цягнікі. Але была магчымасьць спыніць усё і адразу. Не было жаданьня стварыць нейкую надзвычайную сытуацыю, якая б паўплывала на звычайных грамадзян. У мяне гэта выклікае глыбокую павагу, што „кібэры“ намагаюцца ня шкодзіць звычайным грамадзянам. І гэта датычыць ня толькі гэтай атакі. Заўсёды зь вялікай асьцярожнасьцю вырашаецца, якія базы дадзеных будуць выдаленыя і якая сыстэма будзе пашкоджаная». — кажа Шаметавец.

«„Кібэрпартызаны“ паказваюць беларусам, што ніхто не здаецца»

Прадстаўніца «Кібэрпартызанаў» кажа, што дзякуючы іх дзейнасьці ўнутры сыстэмы ствараецца вялікая напружанасьць. Па яе словах, шмат сілавікоў пішуць «Кібэрпартызанам», каб іхныя прозьвішчы былі выдаленыя з розных сьпісаў.

«Шмат людзей сыходзіць з сыстэмы. Гэта ўплывае на яе стан унутры. „Кібэрпартызаны“ паказваюць беларусам, што ніхто не здаецца, што „Кібэрпартызаны“ і „Супраціў“ — гэта адзіныя арганізацыі, якія ствараюць напружанасьць і працягваюць барацьбу супраць дыктатарскага рэжыму ўнутры Беларусі. А гэта вельмі важна».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG