Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За салют 31 сьнежня ў 23:34 мужа і жонку адправілі сустракаць Новы год на Акрэсьціна


Салют, ілюстрацыйнае фота
Салют, ілюстрацыйнае фота

Міліцыянты, як выявілася, чакалі людзей непадалёк ад месца салюту і затрымалі іх.

Алена і Мікалай Гаеўскія 31 сьнежня 2021 году запусьцілі салют у двары роўна ў 23:34, але адразу пасьля гэтага іх затрымалі сілавікі. У Партызанскім РУУСе на мужа і жонку склалі пратаколы паводле арт. 24.23 КаАП за «несанкцыянаванае пікетаваньне» (былы артыкул 23.34 у старой рэдакцыі Адміністрацыйнага кодэксу). Іх справы разглядзелі 3 студзеня ў судзе Партызанскага раёну, піша праваабарончы цэнтар «Вясна».

Судовыя працэсы вёў судзьдзя Міхаіл Макарэвіч. Ніхто зь іх сваёй віны на судзе не прызнаў. Паводле пратаколу, яны «пікетавалі шляхам запуску піратэхнічнага вырабу (фаервэрку) згодна з раней разьмешчанымі ў дэструктыўных тэлеграм-каналах заклікамі».

Мікалай на судзе патлумачыў, што салют быў на 100 залпаў і запусьціў ён яго «выключна з асабістых меркаваньняў», бо ў 2020 годзе адбываў суткі па «народным» артыкуле 23.34 КаАП. Але ён адзначыў, што яны з жонкай аніякіх лёзунгаў не выкрыквалі і пікетаваньня не праводзілі.

Сьведка-міліцыянт на судзе расказаў, што асабіста назіраў за запускам салюту. Ён сьцьвярджае, што салют быў у бела-чырвоных колерах, а пасьля запуску Мікалай і Алена выкрыквалі «правакацыйныя лёзунгі». Суд у выніку даў больш веры міліцыянту.

Акрамя гэтага, доказам віны стала і «падпіска на дэструктыўныя тг-каналы, са зьместам якіх яны ўвесь час знаёміліся».

На думку судзьдзі Макарэвіча, запуск салюту ў 23:34, яго колер, а таксама лёзунгі ў грамадзкім месцы сьведчаць менавіта пра палітычны характар дзеяньняў‌ Мікалая і Алены. Вынікам суду стаў арышт Мікалая на 15 сутак, а Алены — на 13 сутак.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG