Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Transparency International: У Беларусі пачынаецца «вялікая карупцыя»


Міжнародная няўрадавая арганізацыя Transparency International (TI), якая базуецца ў Бэрліне, апублікавала штогадовы рэйтынг успрыманьня карупцыі ў сьвеце (corruption perception index).

У дасьледаваньні гаворыцца, што, хоць узровень карупцыі захоўвае ранейшыя паказьнікі па ўсім сьвеце, сытуацыя амаль у 75% краін Усходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі за апошнія 10 гадоў або пагаршалася, або яны практычна не дабіліся прагрэсу, дэманструючы «зачараванае кола» ўмацаваньня аўтарытарызму, росту карупцыі і колькасьці парушэньняў правоў чалавека.

Што тычыцца Беларусі, справаздача адзначае, што ў параўнаньні зь мінулым годам паказьнік успрыманьня карупцыі ў Беларусі зьнізіўся на 6 балаў (з 47 да 41). Жорсткія рэпрэсіі ўлады, якія надышлі ў адказ на агульнанацыянальныя пратэсты ў сувязі з фальсыфікацыямі прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, прывялі да задушэньня свабоды слова і мірных сходаў, гаворыцца ў прэс-рэлізе TI ў сувязі з публікацыяй справаздачы. Прэс-рэліз падкрэсьлівае, што ў выніку зьнішчэньня сыстэмы дэмакратычных стрыманьняў і супрацьвагаў у беларускім грамадзтве ў краіне цяпер пачынаецца «вялікая карупцыя» (grand corruption), зьвязаная з вышэйшымі палітычнымі элітамі.

Адначасова Беларусь разам з Армэніяй, Малдовай, Украінай і Узбэкістанам пералічана сярод краін, дзе за 10 гадоў паказьнікі ў рэйтынгу карупцыі значна палепшыліся.

Рэйтынг Transparency International ахоплівае 180 краін і тэрыторый. Сытуацыя ў іх ацэньваецца па дадзеных з больш чым дзясятка вонкавых крыніц, у тым ліку Сусьветны банк, Сусьветны эканамічны форум, кансалтынгавыя кампаніі і розныя аналітычныя цэнтры. Чым меншы лік на шкале ад 0 да 100, тым краіна ўспрымаецца як больш карумпаваная.

Апошнія 10 гадоў сярэдні індэкс успрыманьня карупцыі ў сьвеце застаецца на ўзроўні 43 балаў, пры гэтым ніжэй за адзнаку 50 балаў знаходзяцца дзьве траціны краін.

Па выніках 2021 году рэйтынг краін з самым нізкім узроўнем карупцыі ўзначальваюць Данія, Новая Зэляндыя і Фінляндыя (усе па 88 балаў), а апошнія радкі ў індэксе займаюць Сырыя (13), Самалі (13) і Паўднёвы Судан (11).

На тэрыторыі ад Усходняй Эўропы да Цэнтральнай Азіі толькі ў трох дзяржаў індэкс успрыманьня карупцыі вышэйшы за цяперашні сярэднесусьветны паказьнік 43 балаў: у Грузіі, Армэніі і Чарнагорыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG