Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Вярхоўны суд пакінуў у сіле прысуд Міколу Дзядку; Яўгену Бароўскаму не перадалі лекаў і зьмясьцілі яго ў ШЫЗА


Сьледчы ізалятар №1 ГУУС Менску
Сьледчы ізалятар №1 ГУУС Менску

Колькасьць палітвязьняў у Беларусі набліжаецца да 1000. Па стане на 25 студзеня іх 995 чалавек.

Вярхоўны суд пакінуў у сіле прысуд палітвязьню Міколу Дзядку

25 студзеня Вярхоўны суд разгледзеў апэляцыйную скаргу на прысуд палітзьняволенага Міколы Дзядка, паведамляе «Вясна». Скаргу Міколы разглядала судовая калегія Вярхоўнага суду, у якую ўваходзілі судзьдзі Ўладзімер Давыдаў, Андрэй Кавальчук і Мікалай Грынцэвіч. У паседжаньні ўзяў удзел пракурор Генэральнай пракуратуры Андрэеў.

Калегія пакінула скаргу без задавальненьня, а прысуд — бязь зьменаў. Гэта значыць, што ў хуткім часе Мікола Дзядок будзе этапаваны ў калёнію адбываць пакараньне.

10 лістапада анархіста, блогера і аўтара «Новага Часу» Міколу Дзядка пакаралі 5 гадамі калёніі. Яго прызналі вінаватым па трох крымінальных артыкулах:

  • арт. 342 — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх;
  • арт. 361 — заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
  • арт. 295-3 — незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да прадметаў, паражальнае дзеяньне якіх заснавана на выкарыстаньні гаручых рэчываў.

Мікола Дзядок віны не прызнаў, сказаўшы ў апошнім слове, каб усе, хто мае дачыненьне да палітычных працэсаў, «ня мелі ілюзій». На яго перакананьне, ніякаму тэрору не спыніць разьвіцьцё і прагрэс.

Палітвязень Бароўскі не атрымлівае лячэньня ў калёніі

Палітвязень Яўген Бароўскі, якога асудзілі на 4 гады зьняволеньня, моцна захварэў у калёніі, але належнай мэдычнай дапамогі яму не аказваюць, паведамляе «Новы час».

Па прыбыцьці ў ПК-15 Яўгена Бароўскага адразу зьмясьцілі ў ШЫЗА «для прафіляктыкі», пазбавілі перадачы і спатканьня. Пасьля напісаньня скаргі спатканьне адбылося, але перадачы так і не было.

Па словах жонкі палітвязьня, ён мусіць працаваць з тэмпэратурай 38–39. Яўгена не паклалі ў лякарню, якая разьмешчана на тэрыторыі калёніі, і ўвогуле ніякіх захадаў не было. Вераніка Бароўская расказала, што яе муж застанецца ў ШЫЗА як мінімум да пятніцы.

«Пасьля майго візыту ў ПК-15 наконт перадачы мэдыкамэнтаў для мужа мы атрымалі адмову — кажуць, заява на разглядзе. У мужа тэмпэратура 38–39, пры гэтым замест лячэньня яны адправілі яго ў ШЫЗА. І цяпер, думаю, ягоны стан толькі пагаршаецца», — паведаміла жонка.

Яўгена Бароўскага асудзілі на 4 гады калёніі агульнага рэжыму за ўдзел у адным зь нядзельных маршаў 2020 году ў Менску. Пакараньне з 9 ліпеня 2021 году палітвязень адбывае ў магілёўскай ПК-15.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG