Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Алег Грузьдзіловіч пераслаў з турмы калядныя падарункі сваім унукам. ФОТА


Алег Грузьдзіловіч
Алег Грузьдзіловіч

Што зьняволены журналіст Свабоды падарыў сваім унукам і што ён піша праз краты.

Зьняволены журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч мае чацьвёра ўнукаў — Еву (12), Соф’ю (8), Кастуся (6) і Аляўціну (1,9 года), якіх ён вельмі любіць. Звычайна ён дорыць ім на Каляды і Новы год падарункі. Аднак гэтым разам праз арышт зрабіць гэтага ня змог, але прыдумаў выйсьце: Алег прыслаў дзецям рысункі тых падарункаў, якія хацеў бы ім уручыць на сьвяты.

Вінашаваньне з турмы ад Алега Грузьдзіловіча
Вінашаваньне з турмы ад Алега Грузьдзіловіча
Віншаваньне ўнучкі Соф'і і ўнука Кастуся ад Алега Грузьдзіловіча
Віншаваньне ўнучкі Соф'і і ўнука Кастуся ад Алега Грузьдзіловіча

Жонка Алега Грузьдзіловіча Марʼяна расказала, што дзеці былі рады такім падарункам ад дзядулі.

«Ім вельмі спадабалася! Дык яны ж і яму спачатку даслалі свае малюнкі. Напрыклад, самай маленькай Алеццы бацькі далі каляровыя алоўкі, і яна ў канцы лiста бацькоў таксама штосьці нарысавала там. Але ўсё гэта знаходзіцца там, у Алега», — патлумачыла Мар’яна Грузьдзіловіч.

Віншаваньне для ўнучкі Аляўціны
Віншаваньне для ўнучкі Аляўціны

Пасьля ліста нявесткі, якая напісала, як яны езьдзілі сустракаць Новы год у Горадню, Алег Грузьдзіловіч уявіў гэта і намаляваў такую карцінку
Пасьля ліста нявесткі, якая напісала, як яны езьдзілі сустракаць Новы год у Горадню, Алег Грузьдзіловіч уявіў гэта і намаляваў такую карцінку

Што журналіст Алег Грузьдзіловіч напісаў у апошніх лістах

Успаміны аб затрыманьні

Заўтра будзе 3 тыдні ад майго затрыманьня (Алега Грузьдзіловіча затрымалі чарговы раз 23 сьнежня 2021 г. — РС). Не бывае дня ці ночы, каб гэтая карціна не стаяла ў мяне перад вачыма. Гірлянды, незнаёмцы ў гасьцях, твой званок на мой тэлефон, а я ўпершыню не магу на яго адказаць. «Мусік — гэта хто, жонка?». І пачалося новае жыцьцё ў расстаньні. Але нічога, пратрымаемся. Ты не маркоцься, усё наладзіцца. З такой жонкай, як ты, мужчыны не губляюцца.

Так Алег Грузьдзіловіч вершам і малюнкам апісаў унукам свой арышт.
Так Алег Грузьдзіловіч вершам і малюнкам апісаў унукам свой арышт.

Аб прагулках у няволі

Выводзяць у невялікія дворыкі. Вось калі ты з боку Нямігі бачыш вежы старой турмы, дык гэта каля іх. Выводзяць якраз пад адной зь вежаў. Гуляем гадзіну, дыхаем сьвежым паветрам, можам нават крыху пабегаць унутры па пэрымэтры. Сёньня прыкладна зрабіў 200 пэрымэтраў пешкі і 50 бегма. Змагаемся з гіпадынаміяй — трэба. Ходзім яшчэ і па камэры, але пятачок 2 кв. м. Бо ямо нармальна, а рухаемся мала. Целіка ў нашай камэры няма, таму навінаў мала. Ну ты сама ведаеш, якая гэта крыніца.

Сёньня была прагулка ў незвычайным дворыку: сярэдніх памераў, але з добрай бэтоннай падлогай, бязь лёду, таму было зручна хадзіць. Упершыню за амаль тры тыдні пабегаў ня толькі на месцы, але і па-сапраўднаму. Ура!

Пра «смачныя» перадачы

Тое, што ты перадала — усё дарэчы ў нармальных памерах + торба, + тэчка для папер + канвэрты і паштоўкі, усё выдатна. І самая бомба — твае трубачкі найсмачнейшыя. Хлопцы за іх зноў перадаюць вялікі дзякуй і захапленьне тваім кулінарным талентам. Малайчына, папрацавала выдатна. Уяўляю: бляха, застаўленая трубачкамі. Пэўна, былі дзьве. Як шкада, што не паспытаў цеста — мой любімы слодыч.

Пра Казахстан

Сёньня ў камэру прынесьлі апошнюю СБ (хацеў напісаць «сьвежую», але зразумеў, што такое слова для гэтай газэты не пасуе. Дык прачыталі дадатковыя зьвесткі пра Казахстан. Зразумела, валяць усё на ЗША, «каляровая» рэвалюцыя, але мяркую, там нашая хвароба плюс азіяцка-мусульманскі акцэнт. І гэта там будзе паўтарацца, як калісьці было ў Кіргізіі. Там яшчэ і барацьба кланаў, ну паглядзім.

Перасьлед Алега Грузьдзіловіча

16 ліпеня 2021 году сілавікі прыбылі ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе. Сканфіскавалі тэхніку. Таксама зь ператрусам прыйшлі да Алега Грузьдзіловіча, якога пазалетась пазбавілі акрэдытацыі МЗС Беларусі. Яго затрымалі і пакаралі арыштам на 10 дзён. Ніякіх абвінавачаньняў тады ня выставілі.

Алега Грузьдзіловіча затрымалі паўторна 23 сьнежня і замянілі яму меру стрыманьня з абавязаньня яўкі на ўтрыманьне пад вартай, перавялі ў СІЗА № 1 Менску на вуліцы Валадарскага. 28 сьнежня прайшоў першы допыт Грузьдзіловіча. Сьледчыя выставілі яму абвінавачаньне паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.

За кратамі ў дадзены момант знаходзяцца таксама кансультант Радыё Свабода Ігар Лосік, асуджаны на 15 гадоў, а таксама па крымінальнай справе за кратамі журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG