Юрыст Гары Паганяйла зьвярнуўся ў Вярхоўны суд са скаргай на выданьне Аляксандрам Лукашэнкам указу № 14 аб прызначэньні рэфэрэндуму аб зьмене Канстытуцыі.
Паганяйла адзначыў, што ўказ выдадзены асобай, якая ня мае на тое неабходных паўнамоцтваў. Ён кажа, што працэдура выбараў кіраўніка дзяржавы ў 2020 годзе «не была завершаная ў сувязі з адмовай Вярхоўнага суду ў разглядзе скаргаў кандыдатаў у прэзыдэнты на рашэньні Цэнтрвыбаркаму».
Юрыст нагадаў, што пасьля выбараў кандыдаты Андрэй Дзьмітрыеў, Ганна Канапацкая і Сьвятлана Ціханоўская зьвярнуліся ў ЦВК са скаргамі на яго рашэньне прызнаць Лукашэнку абраным прэзыдэнтам Беларусі. Калі ЦВК адхіліла скаргі, яны паспрабавалі аспрэчыць рашэньне ў Вярхоўным судзе, але суд адмовіўся пачынаць справу.
«Між тым, права падаць скаргу аб прызнаньні выбараў несапраўднымі належыць кандыдатам у прэзыдэнты, а адпаведнае рашэньне Цэнтральнай камісіі можа быць абскарджанае ў Вярхоўным судзе на працягу 10 дзён (арт. 79 Выбарчага кодэксу). Такім чынам, адзін з устаноўленых законам суб'ектаў па аспрэчваньні вынікаў выбараў, прызнаньні іх несапраўднымі адмовіў кандыдатам у іх праве на правасудзьдзе».
Паколькі абавязковыя працэдуры па аспрэчваньні вынікаў выбараў не былі выкананыя, «прыняцьце А.Р.Лукашэнкам прысягі, уступленьне яго на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь нельга прызнаць адпаведнымі Канстытуцыі і прынятымі ў адпаведнасьці з ёй актамі заканадаўства», – гаворыцца ў скарзе.
«У сілу выкладзеных абставін выдадзены ўказ № 14 асобай, не надзеленай адпаведнымі паўнамоцтвамі ва ўстаноўленым законам парадку, зьяўляецца юрыдычна нікчэмнай, гэта значыць не падлягае выкананьню», – падкрэсьліў юрыст.
Ён просіць Вярхоўны суд адкрыць на падставе яго скаргі грамадзянскую справу і «вынесьці рашэньне, якім прызнаць дзеяньні, якія абскарджваюцца, неправамернымі».
Гары Паганяйла зьяўляецца старшынём юрыдычнай камісіі Беларускага Гэльсынскага камітэту, а таксама ўпаўнаважаным у правах чалавека пры офісе Сьвятланы Ціханоўскай.
20 студзеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб тым, што канстытуцыйны рэфэрэндум пройдзе 27 лютага 2022 году. Пытаньне рэфэрэндуму: «Ці прымаеце вы зьмены і дапаўненьні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь?»