Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У палітыку ня лез, пастаянна жыў у Камарове. Што вядома пра Ільлю Вайцяховіча, якога затрымалі, калі прыехаў на пахаваньне бацькі


Ільля Вайцяховіч
Ільля Вайцяховіч

Цяпер Ільля ў ізалятары на Акрэсьціна. Пра абвінавачаньні пакуль нічога не вядома.

Ільлю Вайцяховіча затрымалі 14 студзеня на памежным пераходзе «Ўрбаны» на беларуска-латвійскай мяжы. Ён ехаў у Беларусь на пахаваньне бацькі, вядомага бізнэсоўца, дэпутата Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Эдуарда Вайцяховіча.

У Латвіі Ільля быў разам з жонкай, якая мае латвійскае грамадзянства. Сям’я пастаянна жыве ў Камарове на Мядзельшчыне. У Рыгу яны паехалі, бо жонка Ільлі цяжарная і хацела нарадзіць дзіця ў Латвіі.

Падчас памежнага кантролю на мяжы Ільлю Вайцяховіча затрымалі. Паводле інфармацыі сайта rfrm.by, па яго зь Менску выехалі супрацоўнікі ГУБАЗіКу, іх чакалі тры гадзіны. 72 гадзіны ўтрыманьня пад вартай у Ільлі скончыліся 17 студзеня. Пра выстаўленьне яму абвінавачаньня, як і пра афіцыйныя прычыны затрыманьня, пакуль нічога не вядома. Родныя пакуль таксама не камэнтуюць сытуацыю.

Ільлі Вайцяховіча не было на пахаваньні ягонага бацькі Эдуарда Вайцяховіча, якое прайшло 15 студзеня.

«Ільля — малодшы сын Эдуарда Антонавіча, — сказаў у размове са Свабодай знаёмы сям’і. — У яго жонка з Латвіі, яна паехала туды нараджаць. І Ільля зь ёй быў, калі памёр бацька. Ён стала жыве тут. Старэйшы сын Эдуарда, Павал, таксама тут. Яны былі з маці на пахаваньні. Чаму затрымалі Ільлю, ніхто ня ведае. Ён ня быў актывістам, пасьля выбараў таксама не актыўнічаў у палітыцы. Яны ўсе займаліся бізнэсам, мелі пляны яго разьвіцьця ў Камарове».

Ільля Вайцяховіч, якога затрымалі, калі ён прыехаў на пахаваньне бацькі ў Беларусь
Ільля Вайцяховіч, якога затрымалі, калі ён прыехаў на пахаваньне бацькі ў Беларусь

Сям’і Вайцяховічаў у пасёлку Камарова належыць некалькі аб’ектаў — кавярня «Камяніца», прадуктовая крама, пякарня «Камарова», аўтамабільны сэрвіс з такой жа назвай. Як расказалі Свабодзе жыхары пасёлка, у апошні год Ільля Вайцяховіч актыўна займаўся адкрыцьцём яшчэ адной вялікай крамы, а таксама невялікага бровара. Гэтыя аб’екты ўжо амаль гатовыя. У інтэрвію сайту 34travel у 2017 годзе Эдуард Вайцяховіч казаў, што вельмі ганарыцца тым, што ягоныя сыны засталіся жыць у Камарове.

«Ніхто не разумее, чаму затрымалі Ільлю і ў чым яго хочуць абвінаваціць, — расказаў у размове са Свабодай яшчэ адзін яго знаёмы. — Ільлю затрымлівалі ў Менску адразу пасьля выбараў, у жніўні 2020 году. Тады прысудзілі 15 сутак, аднак вызвалілі празь некалькі дзён, цалкам тэрміну ён не адбыў. Тады з ізалятараў вызвалялі ўсіх, каго затрымалі ў першыя дні пратэстаў. Больш нічога зь ім не здаралася, ён быў пастаянна на месцы, у Камарове. Ня ўдзельнічаў ні ў чым, займаўся бізнэсам».

Паводле непацьверджанай інфармацыі, імя Ільлі Вайцяховіча магло быць у базе «Беспарадкі», якую нібы стварылі беларускія сілавікі пасьля падзей жніўня і восені 2020 году. Туды заносяць усіх, хто быў затрыманы на акцыях пратэсту. Аднак, як расказвалі Свабодзе іншыя верагодныя фігуранты гэтай базы, звычайна былыя асуджаныя паводле «народнага» артыкула 23.34, хоць і з праблемамі, але беларускую мяжу перасякаюць. Іх толькі пільней надглядаюць мытнікі — загадваюць паказаць усе наяўныя грошы і складаюць акт асабістага агляду багажу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG