Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усьмешка Сашы была відаць праз маску» — алімпійская прызэрка Астапчук пра першы дзень суду над Івуліным


Аляксандар Івулін, архіўнае фота
Аляксандар Івулін, архіўнае фота

Суд Савецкага раёну Менску 17 студзеня пачаў разгляд крымінальнай справы супраць вядомага журналіста і футбаліста «Крумкачоў» Аляксандра Івуліна. Працэс вядзе судзьдзя Сяргей Шаціла.

Івуліна абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Аляксандар быў затрыманы 3 чэрвеня ў сваёй кватэры, адседзеў 30 дзён адміністрацыйнага арышту, а пасьля стаў фігурантам крымінальнай справы.

За першым днём працэсу назірала штурхальніца ядра, алімпійская прызэрка 2008 году Надзея Астапчук. Яна падзялілася са Свабодай сваімі ўражаньнямі ад суду.

«Саша вельмі добра выглядаў. Ён настроены пазытыўна. Там шмат такіх пытаньняў, якія разумнаму чалавеку цяжка ўспрымаць без усьмешкі і гумару. Там усе ўсьміхаліся, а ня толькі ён. А ў Сашы ўсьмешка нават праз маску была відаць», — кажа Астапчук.

Спартсмэнка кажа, што суд яе нічым не зьдзівіў.

«Усё праходзіць па такой схеме, да якой мы ўжо троху звыклі: аднатыпныя, манатонныя, вельмі доўгія абвінавачаньні ад пракурора. Абвінавачаньне зачытвалася сямнаццаць хвілін. Сашу абвінавачвалі ў тым, што ён не дазваляў транспарту праехаць у час акцый у цэнтры Менску».

На судзе Івуліну быў выстаўлены пазоў ад «Менсктрансу» ў памеры 39 тысяч рублёў. Нібыта ягоныя дзеяньні нанесьлі такую шкоду прадпрыемству.

«Было вельмі доўгае апытаньне адваката „Менсктрансу“, адкуль узялася гэтая лічба, па якой формуле яна вылічвалася. Нічога ўцямнага мы так і не пачулі. Гэтае пытаньне так і засталося загадкай.

Прадстаўніца „Менсктрансу“ сказала, што асабіста ня бачыла Івуліна, які б перакрываў дарогу», — кажа спадарыня Астапчук.

Яна працягвае, што доўгаю была частка абвінавачаньня наконт ролікаў на ютуб-канале «Честнок».

«Нібыта відэа, зьмешчаныя на канале, выстаўляюць у нэгатыўным сьвятле дзейную ўладу. Ён кажа, што ён журналіст і браў камэнтары ў людзей, а ня нешта прыдумляў сам, нічога не выразаў. Гэта работа журналіста — публікаваць інтэрвію. Цікава, як гэта будзе трактавацца?»

Сваёй віны Івулін не прызнаў. Кажа, што дарог не перакрываў, а тым больш не займаўся арганізацыяй нейкіх акцый.

Усе ахвотныя на суд трапіць не змаглі, бо ў залі не хапала месцаў. Напрыклад, ня трапіла чэмпіёнка сьвету па фрыстайле Аляксандра Раманоўская.

«Было шмат людзей, я адразу стала ля дзьвярэй, бо разумела, што ўсе ня трапяць. Пусьцілі адразу маму і прадстаўніцу „Менсктрансу“, а яшчэ было два шэрагі па шэсьць месцаў. То бок фактычна на суд трапілі каля 15 чалавек. У другую палову дня зайшлі іншыя людзі, каб як мага болей знаёмых і сяброў яго пабачылі», — кажа Астапчук.

Судовы працэс працягнецца 18 студзеня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG