Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як пачаўся суд над журналістам Аляксандрам Івуліным


Аляксандар Івулін
Аляксандар Івулін

Суд Савецкага раёну Менску 17 студзеня пачаў разгляд крымінальнай справы супраць журналіста выданьня Tribuna.com Аляксандра Івуліна.

Разглядае справу Івуліна судзьдзя Сяргей Шаціла.

На першым паседжаньні прысутнічае лёгкаатлетка Надзея Астапчук, а таксама сябры і сваякі журналіста, паведамляе ТГ-канал @chestnokkk. Беларускую фрыстайлістку Аляксандру Раманоўскую не пусьцілі ў залю пасяджэньня.

Паводле абвінавачаньня, Івуліну ставіцца ў віну, што 23 жніўня і 27 верасьня 2020 году ён нібыта ўзяў удзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, спалучаных зь яўным непадпарадкаваньнем патрабаваньням прадстаўнікоў улады, а з 7 жніўня 2020 году па 26 сакавіка 2021-га праз інтэрнэт-рэсурс YouTube і стварэньне, распаўсюджваньне адпаведных ролікаў ажыцьцявіў арганізацыю такіх дзеяньняў.

«Менсктранс» выставіў Аляксандру Івуліну пазоў на 39 тысяч беларускіх рублёў, піша @chestnokkk.

Аляксандра Івуліна абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Аляксандра затрымалі 3 чэрвеня ў сваёй кватэры, ён адседзеў 30 дзён адміністрацыйнага арышту, а пасьля стаў фігурантам крымінальнай справы.

Допыт журналіста

Падчас допыту Івулін, адказваючы на пытаньне пракурора аб нібыта «выкладаньні відэазапісу заахвочвальнага характару аб сацыяльных, палітычных і міжнародных працэсах, якія адбываюцца ў Беларусі ў электаральны і постэлектаральны пэрыяд», зазначыў, што не разумее сутнасьці абвінавачаньня.

Паводле палітзьняволенага, у ніводным ягоным роліку «не было ніводнага закліку нешта рабіць і нешта мяняць»:

Гэта былі размовы пра рэчы, якія цікавяць кожнага звычайнага чалавека, які жыве ў Беларусі. Там не было ні слова аб падахвочваньнях. Людзі дзяліліся сваімі думкамі, выказвалі свае думкі, — сказаў журналіст.

Аляксандар Івулін таксама адмаўляў выстаўленае яму абвінавачаньне ў стварэньні ў відэароліку «нэгатыўнай ацэнкі дзейнай улады, дыскрэдытацыі палітычнага і сацыяльнага становішча ў Беларусі».

— З прычыны прагляду гэтых відэазапісаў, як вы мяркуеце, людзі бралі актыўны ўдзел у якіх-небудзь групавых дзеяньнях, у тым ліку ў акцыях пратэсту? — спытаў Івуліна пракурор.

— Я магу сказаць, што пасьля прагляду маіх ролікаў людзі пачалі хадзіць на стадыёны і запісваць сваіх дзяцей у футбольныя, гандбольныя, лёгкаатлетычныя сэкцыі, — сказаў палітвязень і дадаў: — Мая любімая гісторыя: жанчына з маленькага Пячэрску за 300 км ад Менску пасьля прагляду відэа на канале вырашыла аддаць дзіця на трэніроўкі ў ФК «Крумкачы». Яна зразумела, што беларускія спартоўцы маюць думкі і ўмеюць гаварыць, апавядаць і дзяліцца. І самае галоўнае, робяць гэта шчыра. На YouTube гэта вельмі адчуваецца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG