Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска перамагла на сусьветным конкурсе мадэляў, які праходзіў у Дубаі


Ілюстрацыйнае фота. Дубаі, ААЭ
Ілюстрацыйнае фота. Дубаі, ААЭ

Днямі мадэль Анжаліка Кузьмянок з Магілёва перамагла ў фінале міжнароднага конкурсу Miss Model of the World, які праходзіў у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Блог «Отражение» пагутарыў зь пераможцай, пераказваем асноўнае.

«Рада, што ў 23 гады я дасягнула такога ўзроўню, што можна ўжо на пэнсію ісьці», — цалкам сурʼёзна, але са сьмехам гаворыць Анжаліка Кузьмянок.

Паводле яе, прадстаўнікі зь Беларусі і раней бралі ўдзел у конкурсе, але ў пяцёрку не ўваходзілі. Анжаліка ж заняла на конкурсе першае месца. У якасьці ўзнагароды беларусцы падарылі карону, скіпэтр і грашовую прэмію. Таксама ёй паабяцалі даць магчымасьць заключыць кантракт на працу мадэлі з якім-небудзь брэндам.

У мадэльны бізнэс Анжаліка прыйшла ў 14 гадоў — спачатку ў родным горадзе, а потым заключыла кантракт з профільным агенцтвам у Маскве. З таго часу працавала мадэльлю, абʼезьдзіла больш за 30 краінаў сьвету, удзельнічала ў шматлікіх міжнародных і нацыянальных конкурсах прыгажосьці, размаўляе на сямі мовах.

«Мая самая вялікая мара была — перамагчы ў конкурсе прыгажосьці. Першую спробу я зрабіла ў 16 гадоў. Гэта быў мясцовы конкурс прыгажосьці ў Магілёве, на якім мне заявілі, што шанцаў перамагчы ў мяне няма, маўляў, зьнешнасьць непадыходзячая», — успамінае Анжаліка пачатак сваёй карʼеры як мадэлі.

Мадэлінг Анжаліка сумяшчала з вучобай у Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Беларусі, дзе вучылася на юрыста. ВНУ скончыла, але па спэцыяльнасьці працаваць ня стала — аддала перавагу мадэльнай карʼеры.

У 2019 годзе на модным паказе ў Кітаі да Анжалікі падышла арганізатар міжнароднага конкурсу Miss Model of the World і прапанавала прадстаўляць на мерапрыемстве Беларусь, але з прычыны каранавірусных абмежаваньняў, скарыстацца прапановай магіляўчанка змагла толькі ў 2022-м.

Фінал конкурсу праходзіў у Дубаі з 3 па 12 студзеня, разам з Анжалікай за карону пераможцы спаборнічалі яшчэ 24 удзельніцы з розных краін. Як адзначвае Анжаліка, гэты конкурс выключна для мадэляў, звычайная дзяўчына без партфоліё ня можа туды трапіць, ды і ацэньваюць там ня толькі прыгажосьць, але і мадэльныя якасьці.

«Макіяж і ўкладку я рабіла сама, а яшчэ іншым дзяўчынкам дапамагала. Вечаровы строй у мяне быў дзякуючы фундатарам з Турэччыны, а нацыянальны, у васількі, я рабіла разам з мамай. А вось выхаду ў купальніках не было — усё ж арабская краіна», — кажа Анжаліка.

Цяпер, калі ўсе канкурсанткі ўжо зьехалі, яна пакуль працягвае заставацца ў Дубаі і даваць інтэрвію па некалькі разоў у дзень. Потым, калі пляны ня зьменяцца, Анжаліка ў бліжэйшы час паедзе ў Італію — яна цяпер жыве там і нават адкрыла школу мадэляў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG