Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскі абласны суд пакінуў бязь зьменаў прысуды праваабаронцам Судаленку і Ласіцы


Праваабаронца Леанід Судаленка

Паседжаньне па апэляцыі Леаніда Судаленкі прайшло 14 студзеня.

Гомельскі суд разгледзеў скаргу на прысуд палітзьняволенаму праваабаронцу Леаніду Судаленку і ягонай памочніцы Тацяне Ласіцы, і выракі пакінулі бязь зьменаў, паведамляе «Гомельская праўда».

Леанід Судаленка ў сваіх лістах з-за кратаў зазначаў, што ня згодны з прысудам (тры гады калёніі за «масавыя беспарадкі»).

Праваабаронца Леанід Судаленка ў турме з 18 студзеня 2021 году. 3 лістапада яго асудзілі на тры гады калёніі агульнага рэжыму паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і «навучаньне і падрыхтоўку асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяньнях, а таксама іх фінансаваньне ці іншае матэрыяльнае забесьпячэньне» (ч. 2 арт. 342 КК). Суд праходзіў у закрытым рэжыме.

Разам з Судаленкам судзілі таксама валянтэрку «Вясны» Тацяну Ласіцу. Яе пакаралі 2 з паловай гадамі пазбаўленьня волі.

На гэты момант Леанід Судаленка знаходзіцца ў гомельскім СІЗА.

Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»

Па стане на 15 кастрычніка 2021 году за кратамі застаюцца 7 актывістаў «Вясны».

17 верасьня 2020 году затрымалі праваабаронцу «Вясны» Марфу Рабкову. Яна за кратамі ад таго часу. Спачатку ёй выставілі абвінавачаньне паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу — «навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці». Потым дадаліся абвінавачаньні ў «распальваньні сацыяльнай варожасьці да ўлады» (ч. 3 арт. 130 КК) і «ўдзел у злачыннай арганізацыі» (ч. 2 арт. 285 КК). Ёй пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

Таксама застаюцца зьняволенымі:

  • Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Яму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.
  • Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яму пагражае да 3 гадоў зьняволеньня.
  • Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках ёй пагражае да 3 гадоў зьняволеньня.
  • Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Яго абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў). Яму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.
  • Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаваньне групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў). Яму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.
  • Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаваньне групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў). Яму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG