Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фота вайскоўцаў у Алматы ў касках міратворцаў ААН выклікалі ў гэтай арганізацыі зьдзіўленьне і пытаньні


Казахстанскія вайскоўцы ў касках ААН 5 студзеня ў Алматы.
Казахстанскія вайскоўцы ў касках ААН 5 студзеня ў Алматы.

На здымках з Алматы, апублікаваных Associated Press 8 студзеня, можна заўважыць некалькі вайскоўцаў у касках пазнавальнага колеру, які выкарыстоўваюць у сваёй форме міратворчыя сілы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, і з надпісам UN (ААН).

Як паведамляе казаская служба Радыё Свабода, блытаніну вакол «блакітных касак» у Алматы яшчэ больш узмацнілі фота і відэа, якія зьявіліся 9 студзеня ў беларускіх дзяржаўных СМІ. На гэтых фота і відэа відаць, што беларускія вайскоўцы носяць нарукаўныя значкі, якія, як некаторыя сьцьвярджаюць, зьяўляюцца мадыфікаванымі знакамі адрозьненьня Арганізацыі Абʼяднаных Нацый.

Знак Міратворчай роты Беларусі
Знак Міратворчай роты Беларусі

Насамрэч знак адрозьненьня належыць беларускай «Міратворчай роце» і зьмяшчае ангельскі эквівалент фразы «Міратворчая рота», разьмешчаны пад значком, амаль ідэнтычным дызайну Арганізацыі Абʼяднаных Нацый, — Паўночнае паўшарʼе зь вянкамі навокал, што сымбалізуе мір. Да беларускіх знакаў адрозьненьня дададзеныя скрыжаваныя мячы за паўсфэрай. Беларускае міратворчае падразьдзяленьне таксама служыла ў Лібане.

На момант публікацыі артыкула прадстаўнік міратворчай місіі ААН ня даў адказу на пытаньне, якія правілы прымяняюцца ў дачыненьні да выкарыстаньня знакаў адрозьненьня Арганізацыі Абʼяднаных Нацый на вайсковай форме.

Разам з тым прадстаўнік міратворчай місіі ААН 10 студзеня пацьвердзіў Радыё Свабода праз электронную пошту, што ўзброеныя людзі ў блакітных касках, заўважаныя на выявах, якімі падзялілася Associated Press, не былі часткай міратворчай місіі ААН. Ён заявіў: «Мы перадалі нашу занепакоенасьць па гэтым пытаньні пастаяннаму прадстаўніцтву Казахстану».

Прэс-сакратар заявіў, што «краіны, якія прадстаўляюць войскі і паліцыю Арганізацыі Абʼяднаных Нацый, павінны выкарыстоўваць знакі адрозьненьня ААН толькі тады, калі яны выконваюць мандатныя задачы ў якасьці міратворцаў ААН у кантэксьце іх разгортваньня ў рамках апэрацыі ААН па падтрыманьні міру ў адпаведнасьці з мандатам Рады Бясьпекі ААН».

Эрык Дэвід, экспэрт па міжнародным гуманітарным праве і апэрацыях па падтрыманьні міру ў Свабодным унівэрсытэце Брусэлю, кажа, што здымкі з Алматы, відаць, адлюстроўваюць «грубае злоўжываньне з боку ўладаў войскамі, якія носяць гэтыя каскі».

Дэвід сказаў, што, калі за выкарыстаньнем «блакітных касак» стаяць казахстанскія афіцыйныя асобы, «гэта цягне за сабой міжнародную адказнасьць Казахстану за супрацьпраўнае на міжнародным узроўні дзеяньне».

Экспэрт у галіне міжнароднага права кажа, што ня мае «ані найменшага ўяўленьня», чаму каскі маглі быць скарыстаныя ў Алматы. Магчыма, кажа ён, масавы заклік вайскоўцаў прывёў да недахопу рыштунку, або гэта магло быць наўмыснай спробай «стварыць уражаньне, што войскі ААН падтрымліваюць урад Казахстану».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG