Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я абавязкова вярнуся, калі ў Беларусі будзе іншае неба над галавой». Вялікае інтэрвію з кубінцам, які выходзіў на пратэсты


Рабэрта Вальдэс Касануэва
Рабэрта Вальдэс Касануэва

Кубінец Рабэрта Вальдэс Касануэва пражыў у Беларусі 30 гадоў. У 2020 годзе, нават ведаючы пра магчымую дэпартацыю, ён выходзіў на акцыі пратэсту. Пасьля затрыманьня яго пратрымалі год і адзін месяц на Акрэсьціна, а потым выслалі з краіны.

Рабэрта — графічны дызайнэр. У Беларусі ў яго засталіся трое дзяцей. Цяпер спадар Касануэва ў Вільні, дзе ён і пагаварыў з карэспандэнтам «Свабоды».

Пра тое, як апынуўся ў Літве

«Пасьля трынаццаці месяцаў, якія я правёў на Акрэсьціна, мяне адправілі ў Расею. Проста таму, што прамых рэйсаў зь Менску на Кубу няма.

Мяне адправілі ў Расею турыстам — гэта такая хітрая схема. Літаральна праз чатыры-пяць дзён пасьля прыезду ў Расею маё імя зьяўляецца ў сьпісе дэпартаваных зь Беларусі. Мне забаронены ўезд на тэрыторыю Беларусі ў бліжэйшыя тры гады.

Натуральна, я ня мог бы аформіць у Расеі працоўную візу. Калі ў базах МУС я іду як дэпартаваны, то ніхто б нават не разглядаў маю заяву.

Па законе я мог знаходзіцца ў Расеі без рэгістрацыі цягам месяца. Мне трэба было вырашаць пытаньне, дзе жыць далей. Я і мае сябры выйшлі на сувязь з Андрэем Стрыжаком, кіраўніком BYSOL, і праз гэтую арганізацыю ўдалося атрымаць гуманітарную візу ў Літву».

Пра Кубу

«Каб вы разумелі, Куба — гэта такі самы рэжым, як Беларусь, толькі яшчэ горшы. Я патлумачу, чаму так.

Беларусь — гэта дзяржава ў цэнтры Эўропы. Яна мае сапраўдныя межы з Расеяй, Украінай, Польшчай, Літвой. Як бы Лукашэнка ні хацеў адключыць інтэрнэт, адасобіцца ад усіх, каб людзі перасталі чытаць навіны пра тое, што адбываецца ў краіне, яму гэта не ўдаецца.

Ён ня можа вырваць Беларусь з кантэксту Зямлі і адправіць яе на Марс.

А Куба — гэта востраў, які з усіх бакоў акружаны морам.

Куба — таталітарная краіна з рэпрэсіўнай вэртыкальлю ўлады. Уся ўлада там таксама ў адных руках. Ніхто ня лічыцца зь людзьмі, якія там нарадзіліся і жывуць.

Ніхто ня ведае, што адбываецца на Кубе. Усе нашы веды пра Кубу канчаюцца аповедамі турыстаў. Але мала хто з турыстаў зважае на тое, чым жывуць мясцовыя. І гэта можна зразумець. Чалавек адпрацаваў год, і яму хочацца адпачыць: пальмы, мора, прыгожыя жанчыны.

А насамрэч там вельмі жорстка: усё рэпрэсуецца, нічога нельга. Таксама кіраўнік Кубы меў, мякка кажучы, неасьцярожнасьць павіншаваць Лукашэнку зь перамогай на выбарах, калі ўсе прызналі яго нелегітымным.

Таму, калі б я трапіў на Кубу, ні да чога добрага гэта б не прывяло. Нават калі б мяне пусьцілі на вуліцу, то хутка па мяне маглі б прыехаць. Гарантый ніякіх няма, мне на Кубу вяртацца было нельга».

Рабэрта Вальдэс Касануэва
Рабэрта Вальдэс Касануэва

Пра антытаталітарныя погляды

«Яны сфармаваліся ў мяне з малых гадоў. Я жыў у гэтай сыстэме, бачыў усё яшчэ да таго, як гэта праявілася ў Беларусі.

Я кажу пра кіраваньне масамі людзей, прамываньне мазгоў. Я ведаў, да чаго гэта можа прывесьці. І я гэта бачыў, і мае бацькі, брат, сястра.

Мой дзядуля быў рэпрэсаваны ў 1962 годзе падчас Карыбскага крызісу. Яго рэпрэсавалі толькі таму, што ён мог быць супраць, хоць ён нават нічога не рабіў. Ён правёў у турме ці пяць, ці сем гадоў.

У нашай сям’і ніхто не ўступаў у праўрадавыя арганізацыі. Такія погляды ў мяне былі ад нараджэньня».

Пра разуменьне сытуацыі ў Беларусі

«У Беларусі я ўсё зразумеў у 2000 годзе. Было дзіўна, калі мне прыйшоў агітацыйны ліст з заклікам, каб я прыходзіў удзельнічаць у выбарах. Я спачатку пасьмяяўся: я ж замежнік, як я магу галасаваць? Але і потым такое прыходзіла пастаянна. Я зразумеў, што гэта не выпадковасьць, а заканамернасьць, і мой голас улічваюць за дыктатара.

Знаёмыя казалі, што я быў у сьпісах на галасаваньне і ў 2020 годзе. Вядома, за каго аддалі мой голас».

За чытаньнем кнігі
За чытаньнем кнігі

Пра шкадаваньні

«Я абсалютна не шкадую, што выйшаў на пратэст. Я шкадую толькі аб тым, што зрабіў так мала. Але я зрабіў усё, што мог. Я пісаў, я маляваў, я выходзіў на вуліцу, я гаварыў пра тое, што так рабіць нельга — гэта не па-чалавечы. Нельга ісьці па галовах людзей, нельга забіваць, нельга катаваць, зьбіваць. Трэба рабіць па сумленьні. Ніякая мэта не апраўдвае сродкі.

Я б мог знайсьці для сябе апраўданьні, напрыклад, што я замежнік, але ў такім разе стаў бы пасіўным саўдзельнікам злачынства. Якая б ні была мая нацыянальнасьць, я найперш застаюся чалавекам.

Мае дзеці — грамадзяне Беларусі, і яны маглі б трапіць пад раздачу ў той момант, калі б ішлі ў краму па хлеб, і такіх выпадкаў вельмі шмат. Маўчаньне — гэта супраць маіх прынцыпаў».

Пра самае цяжкае на Акрэсьціна

«Там няма адкрытага фізычнага гвалту. Яны перайшлі на псыхалягічны ціск, і ён там адбываецца кожную гадзіну, кожны дзень, кожны месяц. Празь нейкі час ты пачынаеш успрымаць гэта як факт.

Псыхалягічны гвалт заключаўся ў поўнай забароне ўсяго. Ты ня маеш права ні на што. Яны даюць зразумець табе, што могуць усё, прычым ня толькі ў рамках закону, але і па-за рамкамі.

Там поўнасьцю падаўляецца асоба. Няма інфармацыі, колькі гэта можа працягвацца. Кожны дзень ты чакаеш, што да цябе нехта прыйдзе, але яны не прыходзяць, спадзяесься на заўтра, і так бясконца».

На кухні
На кухні

Пра тое, за што любіць Беларусь

«За добрых людзей, душэўных. Выдатная нацыя, цудоўныя людзі!

Мне не хапае стасаваньня зь сябрамі, зь людзьмі, якія мяне падтрымлівалі. Дзякуй ім за дапамогу, за лісты, якія мне пісалі. Гэта шчасьце — мець такіх сяброў».

Пра сям’ю

«Я вельмі сумую па дзецях. Дзеці — гэта працяг мяне. Мы стасуемся, сазвоньваемся, трымаем сувязь. Ня маем магчымасьці бачыцца, але захоўваем тыя пачуцьці, якія нас аб’ядноўваюць.

Я б вельмі хацеў іх бачыць, але пакуль гэта толькі мара. Пры цяперашняй уладзе я не змагу вярнуцца ў Беларусь. Але я абавязкова вярнуся, калі ў Беларусі будзе іншае неба над галавой. І гэта дакладна будзе, мы ўсё рабілі не дарма».

Пра пляны

«Я б хацеў займацца тым жа, чым займаўся заўсёды. Я графічны дызайнэр, рабіў розныя праекты. Магчыма, нейкія былі цікавыя, нейкія — ня вельмі. Але ў сваіх працах я заўсёды знаходзіў крыніцу шчасьця».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG