Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія вайскоўцы ў Казахстане пабудавалі блёк-пасты ля аэрадрома. ВІДЭА


Беларускія вайскоўцы ў Казахстане

Міністэрства абароны Беларусі паведаміла, чым займаецца вайсковы кантынгент, які накіравалі ў Казахстан у складзе АДКБ.

Беларускі воінскі кантынгент сіл АДКБ заняты на ахове аб’ектаў ваеннай інфраструктуры Казахстану. Беларускае Мінабароны паведаміла, што вайскоўцы зь Беларусі і Казахстану завяршылі інжынэрнае абсталяванае блёк-пастоў.

Адзін з блёк-пастоў знаходзіцца на трасе ў непасрэднай блізкасьці ад аэрадрому, які ахоўваюць вайскоўцы 103-й асобнай паветрана-дэсантнай брыгады зь Беларусі.

Раней вайсковец зь беларускага кантынгенту сілаў АДКБ палкоўнік Сяргей Красоўскі распавёў падрабязнасьці службы беларусаў у Казахстане, куды іх накіравалі на мінулым тыдні, піша Мінабароны Беларусі.

«Тэрыторыя ахоўнага аэрадрому — 14 кілямэтраў. Гэта пэрымэтар. Узьлётная паласа 3 кілямэтры плюс прылеглая зона бясьпекі. Ахоўваюць тэрыторыю толькі беларусы. Вось зараз прылятае чарговая група з расейскага боку, калегі будуць выконваць пэўныя задачы. І тут мы павінны забясьпечыць ім бясьпечнае прызямленьне, разгортваньне і адлёт».

У відэа ад тэлекампаніі «ВоенТВ» паказаны ўрывак працы беларускай роты на блёк-пасьце ў Казахстане.

Паводле словаў прэзыдэнта Казахстану Касыма-Жамарта Такаева, у краіне ад «міратворчай місіі АДКБ» знаходзяцца 2030 асабовага складу і 250 адзінак тэхнікі. Чакаецца, што вывад войскаў АДКБ пачнецца 13 студзеня.

Незалежны вайсковы аналітык пасьля выхаду рэпартажу пра працу беларускага кантынгенту АДКБ у Казахстане зьвярнуў увагу на форму вайскоўцаў.

Беларускі вайсковы аналітык Ягор Лебядок заўважыў, што на прадстаўленых фота відаць, што беларускія вайскоўцы міратворчай роты ня маюць агульнапрынятых міжнароднымі нормамі апазнавальных знакаў міратворчых сілаў і адносінаў да АДКБ. Больш за тое, тэхніка таксама без апазнавальных знакаў і нумароў машын, асобы вайскоўцаў амаль усе схаваныя балаклавай або бафам.

Беларускі вайсковец у складзе кантынгенту ў Казахстане
Беларускі вайсковец у складзе кантынгенту ў Казахстане

Аналітык заўважае, што беларускія міратворцы ў Лібане выглядаюць зусім інакш, там яны пазначаныя адпаведным чынам, чаго няма ў Казахстане.

Гэтую акалічнасьць Лебядок лічыць вельмі небясьпечнай, паколькі «нават з адносна блізкай адлегласьці яны выглядаюць як проста людзі са зброяй і ў форме, што павышае рызыку нападу на іх».

Дэмакратычныя сілы Казахстану расцэньваюць уваход кантынгенту АДКБ у краіну ня як «міратворчую місію», а як інтэрвэнцыю. Празь вялікія праблемы з інтэрнэтам у краіне, які адключаюць улады, за мяжу не паступае поўная інфармацыя пра падзеі ў Казахстане.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG