Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, за якія камэнтары ў «справе Зельцара» прысудзілі 2 гады турмы


Забіты падчас штурму кватэры Андрэя Зельцара супрацоўнік КДБ Дзьмітры Федасюк

У Магілёве вынесьлі першы ў Беларусі прысуд у «справе Зельцара». 5 студзеня судзьдзя суду Ленінскага раёну Магілёва Тацяна Рахманенка засудзіла 45-гадовага магілёўца Аляксандра Гаўрыленку на 2 гады калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і дала штраф у 100 базавых велічынь за абразьлівыя камэнтары ў адрас супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка, забітага ў Менску падчас штурму кватэры Андрэя Зельцэра.

Справу Аляксандра Гаўрыленкі разглядалі паводле артыкулу Крымінальнага кодэксу за публічную абразу прадстаўніка ўлады. У той жа час як каля сотні затрыманых у гэтай справе інкрымінуюць адразу два артыкулы, у тым ліку за распальваньне сацыяльнай варожасьці. Магілёўскім праваабаронцам «Вясны» сталі вядомыя падрабязнасьці гэтай справы і судовага працэсу.

Паводле абвінавачаньня, 29 верасьня 2021 году Гаўрыленка прачытаў пра інцыдэнт з Зельцарам і Федасюком, пасьля чаго скапіяваў карцінку і размясьціў яе ў чаце «Могилев **%», дзе ішло абмеркаваньне гэтай падзеі, а таксама пакінуў свой камэнтар наступнага зместу:

«Есть нестыковки. Не слышновато. Обычно слабовики кроют как сапожники».

Акрамя гэтага, падчас абмеркаваньня Гаўрыленка яшчэ двойчы пісаў рэплікі з нагоды гэтай сытуацыі:

«Туда ему и дорога. +1» і «Не просто убивать, а сжигать на костре».

На судзе Гаўрыленка прызнаў сваю віну.

Што сказала пракурорка?

«Прашу ўлічыць найперш грамадзкую небясьпеку зробленага дзеяньня. Дзеяньні Гаўрыленкі зробленыя ў пэрыяд напружаных грамадзка-палітычных умоваў у краіне, што характарызуюцца ўнутранымі і вонкавымі выклікамі дзяржаўнасьці і сувэрэнітэту краіны, накіраваныя на распальваньне і ўзмацненьне паміж грамадзянамі палітычных поглядаў і перакананьняў, а таму істотна павялічваецца грамадзкая небясьпека, садзейнічае ўзьнікненьню чарговага канфлікту ў грамадзтве», — заявіла на судзе дзяржабвінаваўца.

На яе думку, палітычныя погляды Гаўрыленкі носяць «дэструктыўны характар», пра што, як мяркуе абвінаваўца, сьведчаць «знойдзеныя ў памяці смартфону фатаздымкі, на якіх зафіксаваны ягоны ўдзел у несанкцыянаваных масавых акцыях, захоўваньне ім па месцы жыхарства адпаведнай сымболікі — плякат БЧБ».

Забойства супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка памочніца пракурора азначыла як «сплянаванае, падрыхтаванае на халодную галаву забойства супрацоўніка сілавога ведамства».

У судовых спрэчках пракурорка запатрабавала для магілёўца 2,5 года калёніі агульнага рэжыму і штраф, а таксама папрасіла ў судзьдзі не аказваць неапраўданую гуманнасьць. У выніку судзьдзя Рахманенка прызначыла на паўгода менш, асудзіўшы Гаўрыленку на 2 гады зьняволеньня.

Перастрэлка Андрэя Зельцара з групай КДБ. Што вядома

28 верасьня каля другой гадзіны дня супрацоўнікі КДБ у цывільнай вопратцы ўзламалі дзьверы і ўварваліся ў кватэру, дзе быў Андрэй Зельцар і ягоная жонка Марыя Ўсьпенская.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, Зельцар двойчы стрэліў і сьмяротна параніў аднаго з групы КДБ. Супрацоўнікі КДБ застрэлілі яго ў адказ.

Жонку, якая здымала здарэньне на тэлефон, затрымалі за дапамогу ў забойстве.

Андрэю Зельцару быў 31 год.

У 2008 годзе ён скончыў тэхнікум бізнэсу і права. З 2016-га працаваў у Epam кіраўніком групы (team lead).

Захапляўся фэхтаваньнем, бегам па прыродным рэльефе, трыятлёнам.

Вядома, што ён плаціў дзяржаўнае мыта на права паляваньня. Гэта можа значыць, што стрэльбу ён меў законна, і пра гэта было вядома адпаведным службам. Мяркуючы па фота ў інстаграме Зельцара, марка стрэльбы — «ИЖ-27».

17 жніўня 2020 году ў сваім інстаграме ён заклікаў да ўсеагульнай забастоўкі і «ісьці да канца».

Ягоная жонка Марыя Ўсьпенская працавала ў сетцы крамаў побытавай хіміі, ёй 40 гадоў. У іх ёсьць сын, які нарадзіўся ў 2012 годзе.

Пра загінулага супрацоўніка КДБ спачатку афіцыйна паведамілі толькі пазыўны «Нірвана». У дзень разьвітаньня зь ім, 1 верасьня, з паведамленьня БелТА стала вядома, што яго імя Дзьмітры Федасюк, ён афіцэр групы «А» КДБ. Раней гэтыя зьвесткі неафіцыйна паведаміў ByPol. Федасюку быў 31 год. У яго засталіся жонка і малое дзіцё.

Дзьмітры Федасюк
Дзьмітры Федасюк

Праўладныя СМІ апублікавалі відэа зь месца здарэньня каля восьмай гадзіны вечара. Яно было змантаванае з запісаў дзьвюх камэр — з боку сілавікоў і з боку Зельцара. Сілавікі патлумачылі запіс з пакою Зельцара ягоным жаданьнем «хайпануць».

Некаторыя карыстальнікі сацыяльных сетак палічылі відэа пастаноўкай. У іншых на падставе паказаных кадраў узьніклі сумненьні ў афіцыйнай вэрсіі здарэньня. Выказваліся розныя меркаваньні: і што байца КДБ маглі сьмяротна параніць свае ж, і што Зельцар страляў траўматычнымі, а не паляўнічымі, кулямі (якія, аднак, зблізку таксама маглі нанесьці сьмяротнае раненьне).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG