Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сацыял-дэмакраты Нямеччыны папрасілі ня зьмешваць палітыку і «Паўночны паток – 2», заклікаючы адкрыць расейскі газаправод


Кампрэсарная станцыя газаправоду Паўночны паток-2
Кампрэсарная станцыя газаправоду Паўночны паток-2

Пытаньне «Паўночнага патоку – 2» ня варта блытаць з палітычнымі і праваабарончымі спрэчкамі з Масквой. Пра гэта заявіў генэральны сакратар Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны, якая ўзначальвае кааліцыйны ўрад.

«Праект „Паўночны паток – 2“ амаль запушчаны. Перашкаджае пачатку працы толькі адсутнасьць пэўных юрыдычных ліцэнзій. У нейкі момант у гэтых дэбатах павінен наступіць палітычны і юрыдычны мір», — сказаў Кевін Кунерт агенцтву Reuters.

Генэральны сакратар СДПГ заявіў, што праект, якім кіруе расейскі «Газпром», ня варта блытаць з адказамі на тэрытарыяльныя спрэчкі Расеі з Украінай і пытаньнямі правоў чалавека, па якіх у Бэрліна нібыта ёсьць выразныя пазыцыі і дыпляматычныя стратэгіі.

Падтрымка СДПГ «Паўночнага патоку – 2» зьяўляецца процілеглай партнэру па кааліцыі — Партыі зялёных, якая рэзка крытыкуе гэты праект. Лідэр СДПГ, канцлер Нямеччыны Олаф Шольц, як і яго папярэдніца Ангела Мэркель, назваў «Паўночны паток – 2» чыста камэрцыйным праектам.

У сярэдзіне сьнежня ўвесьці газаправод у эксплюатацыю заклікаў канцлер Аўстрыі Карл Нэгамэр, які таксама прасіў ня зьвязваць газпромаўскі праект з акупацыяй Расеяй часткі тэрыторыі Ўкраіны.

Будаўніцтва нафтаправоду завяршылі ў верасьні, цяпер праект чакае ўхваленьня ад рэгулятараў Нямеччыны і Эўразьвязу.

Пазыцыю большасьці нямецкіх палітыкаў у Эўропе падзяляюць ня ўсе. 19 сьнежня вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у галіне замежнай палітыкі і бясьпекі Жузэп Бурэль заявіў, што «Паўночны паток – 2» не зьяўляецца для Эўразьвязу прыярытэтным. Паводле яго, трубаправод далей «застаецца пытаньнем для абмеркаваньня» і «ў любым выпадку павінен будзе адпавядаць патрабаваньням эўрапейскіх нарматыўных актаў».

Супраць будаўніцтва газаправоду выступаюць ЗША, Украіна і шэраг краін Эўразьвязу. Праціўнікі праекту лічаць, што Расея зможа выкарыстаць яго як вагар ціску на іншыя краіны. Кіеў таксама асьцерагаецца, што праз «Паўночны паток – 2» спыніцца транзыт газу праз украінскую тэрыторыю.

Газаправод «Паўночны паток – 2» — супольны праект расейскага «Газпрому» і шэрагу эўрапейскіх, перш за ўсё нямецкіх, кампаніяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG