Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску на Нямізе абвалілася пешаходная частка мосту

абноўлена

Як выглядае мост цяпер
Як выглядае мост цяпер

Абрынулася пешаходная частка мосту праз вуліцу Няміга ў Менску. Рух транспарту цалкам перакрыты.

Здарэньне адбылося глыбокай ноччу. Ратавальнікі МНС прыехалі на месца разьбіраць завалы. Яны паведамляюць, што пацярпелых няма. Прычыны і абставіны здарэньня высьвятляюцца. Аварыйны мост будуць цалкам дэмантаваць.

Фота мосту неўзабаве пасьля здарэньня
Фота мосту неўзабаве пасьля здарэньня

Відавочца здарэньня на Нямізе распавёў Onliner, што ў момант абрушэньня мосту побач праводзілі дарожныя працы і літаральна перад абрушэньнем мосту пад ім праходзіў чалавек:

«На вачах усё адбылося. У гадзіны 3 ночы ішлі, спыніліся зірнуць, што дарожнікі робяць. Там стаяў маленькі бус і трактар з каўшом. У апоры ў гэты момант тынкоўка абсыпалася, а яны працы нейкія праводзілі побач. І мост рэзка падаць пачаў перад намі. У гэты час пад ім хлопец ішоў, добра хоць без навушнікаў, дакрычаліся да яго, ён паскорыўся так добра. Потым руку яму паціснулі, з другім днём нараджэньня павіншавалі.

Потым пабеглі наверх з таварышам машыны тармазіць. Міліцыянты хутка сьцямілі што да чаго, дасталі стужку, мы яе нацягнулі так-сяк, яны машыну ўпоперак паставілі. ДАІ, па маіх адчуваньнях, перакрыла рух хвілін праз 20, не раней».

«Папярэдняя вэрсія абвальваньня пешаходнай часткі моста праз вуліцу Няміга ў Менску — стомленасьць канструкцый (у сувязі з працай мэтро і падвышанай нагрузкай з прычыны скокаў тэмпэратур. Усе канструкцыі пуцеправода правераць максымальна апэратыўна і старанна. Высьвятляецца, хто і калі праводзіў экспэртызу зносу канструкцый і даваў заключэньне аб іх прыдатнасьці да эксплуатацыі», — заявіў намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Аляксандар Дараховіч.

З прычыны здарэньня вырашылі адкласьці рамонт пуцеправода па праспэкце Жукава ў раёне чыгуначнай станцыі Менск-Сартавальны.

Паводле яго, цяпер стаіць задача на працягу дня завяршыць дэмантаж канструкцый, якія абваліліся, за тыдзень — разабраць увесь пуцеправод. Працы па будаўніцтве новага мосту будуць весьці кругласутачна, але яны зоймуць некалькі месяцаў.

Да высьвятленьня прычын абвальваньня пуцеправода над вуліцай Няміга ў Менску падключыўся Сьледчы камітэт.

Прэс-служба сталічнай ДАІ паведаміла, што ў сувязі з абвальваньнем моста закрыты рух усіх відаў транспарту:

  • на ўчастку вуліцы Максіма Багдановіча ад вуліцы Янкі Купалы да праспэкта Пераможцаў;
  • на ўчастку вуліцы Няміга ад вуліцы Гарадзкі Вал да праспэкта Пераможцаў;
  • на ўчастку вуліцы Леніна ад вуліцы Інтэрнацыянальнай да вуліцы Няміга;
  • на ўчастку праспэкта Пераможцаў ад вуліцы Мельнікайтэ да вуліцы Няміга.

Удзельнікаў дарожнага руху просяць улічваць гэтую інфармацыю і, каб пазьбегнуць затораў, выключыць са свайго маршруту прылеглыя да месца здарэньня вуліцы. Цяпер ДАІ сумесна з праектнымі арганізацыямі распрацоўваюць альтэрнатыўную схему руху з улікам уведзеных абмежаваньняў.

«Менсктранс» паведаміў пра зьмяненьне шэрагу маршрутаў гарадзкога транспарту.

Цяпер на месцы разьбіраюць завалы
Цяпер на месцы разьбіраюць завалы

Мост быў пабудаваны ў 1962 годзе. Апошні раз капітальны рамонт пуцеправода праводзілі ў 2017 годзе. Кошт яго тады склаў каля 3 мільёнаў рублёў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG