Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СК: вязень, які скокнуў з мосту ў Магілёве, вяртаўся з паліклінікі без суправаджэньня


Дзьмітры Дудойць
Дзьмітры Дудойць

У паліклініку Дзьмітры Дудойць ішоў разам з групай вязьняў у суправаджэньні супрацоўніка «хіміі», вяртаўся адтуль самастойна, тады і зьдзейсьніў суіцыд, заявілі сьледчыя.

Асуджаны 43-гадовы жыхар Смаргоняў прыбыў у Магілёў 29 сьнежня 2021 года, каб адбываць пакараньне ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Раніцай 5 студзеня ў суправаджэньні супрацоўніка адміністрацыі «хіміі» група асуджаных пайшла ў паліклініку на прафагляд, паведаміў Сьледчы камітэт.

Сьледчы камітэт апублікаваў відэа здарэньня.

Пазьней Дудойць самастойна пайшоў з установы аховы здароўя ў бок вуліцы Чалюскінцаў.

«Праходзячы па мосьце, ён ускараскаўся на парэнчы пуцеправода і скінуўся зь яго на праезную частку, чым прычыніў сабе сьмяротную траўму», — паведамілі сьледчыя.

Пра здарэньне ў міліцыю паведамілі відавочцы. Сьледчыя агледзелі месца здарэньня, апыталі сьведак. Прызначылі шэраг экспэртных дасьледаваньняў.

Дзьмітры Дудойць быў асуджаны на два гады «хіміі» за камэнтар пра начальніка Ганцавіцкага РАУС Віталя Куляшова. Свой тэрмін ён адбываў у Магілёве. На «хіміі» правёў адзін тыдзень.

У Беларусі на 6 студзеня 2022 году праваабаронцы прызналі палітвязьнямі 965 чалавек.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG