Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 6 студзеня: «хімія» за счэпку ў дзень выбараў, 6 гадоў за паведамленьні ў тэлеграм-канале


Выбарчы плякат у Менску, 2020

Беларусаў працягваюць перасьледаваць за іхную грамадзка-палітычную пазыцыю.

«Хімія» за дзень выбараў

Жыхара Менску Аляксандра Дзям’янцава асудзілі за ўдзел у пратэстах 9 жніўня 2020 году на 2,5 года «хіміі». Прысуд вынес суд Ленінскага раёну Менску 28 сьнежня.

Справу разглядала судзьдзя Тацяна Шоцік, пракурор — А. Кот.

Аляксандар Дзям'янцаў, скрыншот зь відэа МУС
Аляксандар Дзям'янцаў, скрыншот зь відэа МУС

Дзям’янцаў працуе камплектоўшчыкам на менскім прадпрыемстве, мае малое дзіця. Мужчыну ўзялі пад варту летась 9 верасьня. Ён адбываў ранейшае пакараньне (два гады «хіміі») за кіраваньне аўтамабілем нападпітку. Новае пакараньне далучылі да папярэдняга, агулам прызначылі 3 гады «хіміі», зь якіх трэба вылічыць ужо адбытую частку пакараньня.

Паводле абвінавачаньня, Дзям’янцаў 9 жніўня 2020 году каля стэлы станавіўся ў счэпку, не падпарадкоўваўся міліцыі, перашкаджаў руху транспарту.

«Менсктранс» спрабаваў спагнаць зь менчука больш як 3,6 тысячы рублёў матэрыяльнай шкоды. Аднак суд не задаволіў пазоў.

Дзям’янцаў віну прызнаў часткова, адмовіў, што перашкаджаў руху транспарту. Яго вызвалілі з-пад варты ў залі суду.

Тры крымінальныя артыкулы і шэсьць гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму за паведамленьні ў тэлеграм-канале

Гарадзенскі абласны суд асудзіў 33-гадовага Валянціна Панасіка за камэнтары, якія ў жніўні і верасьні 2020 году той напісаў у тэлеграм-канале «Гродно 97%». Яму закінулі «масавыя беспарадкі», «распальваньне варажнечы», «арганізацыю парушэньня грамадзкага парадку», паведамляе «Вясна».

У судзе Валянцін заявіў аб ужываньні да яго гвалту падчас затрыманьня, адмовіўся даваць паказаньні падчас пасяджэньня. Адвакат заявіў, што доказаў ягонай віны ў матэрыялах справы так і не было знойдзена. Але гэтых аргумэнтаў суд не ўлічыў.

Падчас суду стала вядома, што Сьледчы камітэт адмовіўся ўзбуджаць крымінальную справу па факце звароту Валянціна Панасіка з нагоды жорсткага абыходжаньня зь ім.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG