Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога чэскага вайскоўца асудзілі на 21 год за ўдзел у баявых дзеяньнях ва Ўкраіне на баку сэпаратыстаў


Прарасейскія сэпаратысты ў Данбасе. Ілюстрацыйнае фота

У аўторак Праскі гарадзкі суд прысудзіў 21 год турмы 44-гадоваму Марціну Сукупу за актыўны ўдзел у баявых дзеяньнях ва Украіне на баку прарасейскіх сэпаратыстаў.

Па вэрсіі суду, ён учыніў тэракт і ўдзельнічаў у тэрарыстычнай групоўцы. Сукуп не вярнуўся з Украіны і быў асуджаны завочна, паведамляюць novinky.cz.

«У нас не было ніякіх сумневаў у тым, што падсудны пакінуў тэрыторыю Чэхіі, паехаў ва Ўкраіну і далучыўся да адпаведных структураў сэпаратысцкіх груповак», — заявіла старшыня суду Сільвія Сьлепічкава, якая дадала, што гэта відавочна пацьвярджаецца сьведкамі і допісамі Сукупа ў сацыяльных сетках, а таксама публікацыямі ўкраінскай прэсы.

Па словах Сьлепічкавай, на памер пакараньня ў асноўным паўплывала тое, што Сукуп злоўжываў каманднымі навыкамі, набытымі падчас знаходжаньня ў чэскім войску, і тое, што ён браў удзел у баях значна больш актыўна, чым іншыя абвінавачаныя ў падобных справах.

Адвакат Сукупа абскардзіў прысуд на месцы.

Згодна з прысудам, Сукуп вырашыў паехаць ва Ўкраіну ў 2014 годзе і ўзяць удзел у баях на баку прарасейскіх сэпаратыстаў у складзе вайсковага фармаваньня самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі». Прынамсі да 2018 году ён быў у войску сэпаратыстаў танкістам, камандзірам танкавай роты, пазьней камандаваў батальёнам і артылерыйскай батарэяй.

Паводле прысуду, ён удзельнічаў у баях за гарады Краматорск і Горлаўку, у якіх загінула амаль тысяча ўкраінскіх вайскоўцаў. «Актыўна ўдзельнічаючы ў гэтых збройных канфліктах, ён, па сутнасьці, учыняў тэрарыстычны акт», — сказаў пракурор Марэк Бодлак, які запатрабаваў для Сукупа 20 гадоў турмы.

Адвакатка Сукупа Клара Тврда, аднак, не палічыла віну свайго падабароннага даказанай. Паводле яе, нельга абапірацца на газэтныя артыкулы або паведамленьні Сукупа ў сацыяльных сетках, пагатоў яны могуць быць перабольшаныя або іх маглі няправільна зразумець.

Па словах адвакаткі, было даказана, што Сукуп некалькі гадоў знаходзіўся на тэрыторыі, якую кантралявалі сэпаратысты, але няма ніякага доказу, што ў гэты час ён актыўна ўдзельнічаў у баях. Падсудны, па яе словах, «хацеў закрыць разьдзел свайго жыцьця ў Чэхіі», пры гэтым адвакатка спаслалася на распад сям’і і крымінальны перасьлед праз страхавое махлярства.

Па словах яго сямʼі і знаёмых, Сукуп заўсёды цікавіўся войскам, хацеў удзельнічаць у замежных місіях у складзе чэскай арміі. Сукуп таксама служыў у чэскім войску, пакуль ня быў звольнены ў 1997 годзе. Аднаму са сьведак ён казаў, што яго нібыта абвясьцілі ворагам дзяржавы, бо ён нібыта выступаў супраць NATO. Аднак, па словах пракурора, ён быў звольнены з войска ў сувязі з пабочнай прадпрымальніцкай дзейнасьцю.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG