Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Рэчыцы затрымалі сяброў загінулага Дзьмітрыя Ўсхопава


Дзьмітры Ўсхопаў. Архіўнае фота

Праваабаронцам дакладна вядома пра чацьвярых затрыманых у Рэчыцы блізкіх сяброў Дзьмітрыя Ўсхопава, піша «Палеская Вясна».

Сёньня, 4 студзеня, у Рэчыцы мае адбыцца пахаваньне Дзьмітрыя Ўсхопава, які загінуў пасьля затрыманьня міліцыяй у навагоднюю ноч.

На цяперашні момант пацьверджаная інфармацыя пра затрыманьне самых блізкіх сяброў Дзьмітрыя, якія меліся прыйсьці на пахаваньне. Гэта Аляксей і Ганна Давыдковы, Аляксандар Снабкоў ды Ільля Бракарэнка. Іх чакалі на пахаваньні, у тым ліку для дапамогі, але яны раніцай ня выйшлі на сувязь. Пазьней іхныя родзічы паведамілі, што іх затрымалі.

Таксама цяпер адсутнічае сувязь яшчэ зь некалькімі блізкімі сябрамі з кола зносінаў Дзьмітрыя Ўсхопава. Але іх затрыманьне пакуль няма каму пацьвердзіць ці зьняпраўдзіць. Інфармацыя пра іхны лёс высьвятляецца.

У навагоднюю ноч у рэчыцкім шпіталі канстатавалі сьмерць 27-гадовага Дзьмітрыя Ўсхопава. Сваякі расказалі журналістам, што Дзьмітрыя затрымала міліцыя і пабіла. Сьледчы камітэт распаўсюдзіў заяву, што «сьмерць ня носіць траўматычнага характару».

«Дзімку даставілі ў РАУС. Там або дапытвалі і білі, або адзін раз ударылі ў галаву, або стрэлілі з пнэўматыкі, я дакладна ня ведаю, — расказала пасьля здарэньня журналістам сястра загінулага. — Ён страціў прытомнасьць у РАУС, яго там жа аблівалі вадой, спрабавалі рэанімаваць, нацельная саколка разарваная. У аддзяленьні ЦРБ яго прынялі ў стане комы.

Па словах тэрапэўта, спрабавалі яшчэ рэанімаваць адрэналінам і масажам сэрца, але час быў страчаны. Адправілі ў морг, а раніцай 01.01.2022 зрабілі па лжывай пастанове сьледчага тэрміновае ўскрыцьцё. У морг не пускалі. Прыехаў начальнік аддзяленьня судмэдэкспэртызы і выклікалі сьледчага, нам паказалі цела. На запясьцях рук і каленках відаць сінякі, на галаве круглая рана. Яму рабілі ўскрыцьцё чэрапна-мазгавой каробкі і брушной паражніны».

Паводле Сьледчага камітэту, затрыманага даставілі ў Рэчыцкі РАУС, потым у межах адміністрацыйнага працэсу павезьлі на мэдагляд у раённую лякарню. Пры пад’езьдзе да мэдычнае ўстановы Ўсхопаву стала кепска. Яго экстрана даставілі ў прыёмны пакой, дзе пачалі праводзіць рэанімацыю, але нягледзячы на намаганьні лекараў, у 1:20 канстатаваная сьмерць.

Таксама ў СК заявілі, што загінулы Дзьмітры Ўсхопаў меў у крыві 4,3 праміле алькаголю і наркатычнае рэчыва — марыхуану.

Прадстаўнік МУС падчас прэс-канфэрэнцыі 3 студзеня заявіў, што «супрацоўнікі дзейнічалі ў адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам», але па факце сьмерці праводзіцца праверка, прызначаныя неабходныя экспэртызы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG