Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апублікавалі новы Падатковы кодэкс. Што ў ім


4 сьнежня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале афіцыйна апублікавалі абноўлены Падатковы кодэкс Беларусі. Частка яго палажэньняў набыла моц з 1 студзеня 2022 году.

Сярод новаўвядзеньняў:

  • Новы падатак на прафэсійны даход. Плаціць яго павінны фізычныя асобы, якія ня маюць наймальнікаў і не прыцягваюць да працы іншых фізычных асобаў. Саўмін павінен будзе вызначыць пералік відаў дзейнасьці, на якія будзе распаўсюджвацца магчымасьць выплаты гэтага падатку. Яго выплата будзе замяняць падаходны падатак зь фізычных асобаў і збор за ажыцьцяўленьне рамеснай дзейнасьці, абавязковыя страхавыя ўнёскі ў ФСАН. Да пачатку дзейнасьці платнікам трэба ўсталяваць спэцыяльную аплікацыю і накіраваць у падатковую інспэкцыю апавяшчэньне аб прымяненьні гэтага падатку. Калі выручка за год не перавысіла 60 000 рублёў, плаціць трэба 10% ад даходаў, а калі перавысіла — 20% ад сумы перавышэньня. Плаціць падатак трэба будзе штомесяц.
  • Камэральная праверка адпаведнасьці выдаткаў прыбыткам і падвышаны падаходны падатак для тых, што «жыве не па сродках»: калі выдаткі чалавека перавысяць даходы на 500 базавых велічынь (цяпер базавая велічыня — 32 рублі), у яго патрабуюць тлумачэньня аб крыніцах даходаў. Калі растлумачыць паходжаньня грошай вы не змаглі, з гэтай сумы трэба будзе заплаціць павышаны падаходны падатак (ня звыклыя 13%, а 20%).

Такая ж стаўка будзе прымяняцца, калі кантрольны орган выявіць факт неправамернага неўтрыманьня і непералічэньня ў бюджэт падаходнага падатку зь фізычных асобаў падатковым агентам. Трэці выпадак прымяненьня стаўкі ў 20% — калі ігральны бізнэс зарэгістраваў у СККС (адмысловая кампутарная касавая сыстэма) прыбытак ад выйгрышу на фізычную асобу, якая фактычнай выплаты не атрымлівала.

  • Стаўкі адзінага падатку павялічваюцца, а сфэры дзейнасьці моцна скарачаюцца. Напрыклад, рэпэтытары ў Менску будуць плаціць 82 рублі адзінага падатку ў месяц, няні — 61 рубель, фатографы — 245 рублёў, кур’еры — 136.
  • А вось спрошчаная сыстэма падаткаабкладаньня будзе прымяняцца толькі арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія не вылічаюць ПДВ. Права прымяняць спрошчаную сыстэму падаткаабкладаньня пазбаўляюцца натарыюсы, якія ажыцьцяўляюць натарыяльную дзейнасьць у натарыяльным бюро, адвакаты. Таксама пазбаўляюцца права прымяняць спрошчаную сыстэму ІП, якія аказваюць паслугі: за выключэньнем турыстычнай дзейнасьці, дзейнасьці ў сфэры аховы здароўя; дзейнасьці сухапутнага транспарту; паслуг у грамадзкім харчаваньні; дзейнасьці ў галіне кампутарнага праграмаваньня.

Арганізацыі будуць мець права перайсьці на ССП, калі іх штат не перавышае 50 чалавек (раней 100), валавая выручка за 9 месяцаў не перавышае 1 612 500 рублёў. Асноўная стаўка падатку пры спрошчанай сыстэме падаткаабкладаньня складзе 6 працэнтаў.

  • Падатак для агароднікаў і грыбнікоў. У кодэксе зьявілася абавязаньне для фізычных асобаў, якія атрымліваюць даходы ад рэалізацыі ягад, грыбоў, арэхаў і іншай дзікарослай прадукцыі, іх збору і здачы арганізацыям, плаціць падаходны падатак у выпадку, калі за год яны атрымаюць ад гэтай дзейнасьці даход, які перавышае 200 базавых велічынь (6,4 тысячы рублёў). З сумы перавышэньня давядзецца заплаціць 10%.
  • Адмяняецца льгота на выплату падатку на нерухомую маёмасьць за кватэры ў шматкватэрных дамах. Падатак вылічаецца, зыходзячы з разьліковага кошту квадратнага мэтра, які вызначаецца ў Падатковым кодэксе. Стаўка падатку для фізычных асоб вызначаецца ў 0,1%. Ільгота па падатку на першую кватэру захоўваецца толькі для асобаў пэнсійнага ўзросту, інвалідаў, непаўналетніх дзяцей, недзеяздольных асобаў, вайскоўцаў, удзельнікаў ВАВ і прыраўнаваных да іх, а таксама тых, хто праходзіць альтэрнатыўную службу.
  • Павялічылі некаторыя сумы даходаў, якія не абкладаюцца падаткам:

— Суму даходаў, атрыманых у выніку дарэньня, якія не абкладаюцца падаходным падаткам даходаў, у новым кодэксе павялічылі з 7521 рубля да 8078 рублёў. З сумы перавышэньня трэба заплаціць падатак па стаўцы 13%, а таксама падаць падатковую дэклярацыю па выніках году.

— Суму даходаў ад асноўнага наймальніка, якія не зьяўляюцца аплатай працы (пуцёўкі, прызы, падарункі і гэтак далей), якія не абкладаюць падаткам, павялічылі з 2272 да 2440 рублёў для кожнага месца працы.

— даходы ад іншых арганізацый, якія не зьяўляюцца аплатай працы (прызы, падарункі і гэтак далей) і не абкладаюцца падаткам, павялічылі да 161 рубля ад кожнай крыніцы на працягу году (раней — 150 рублёў).

бязвыплатная (спонсарская) дапамога, а таксама ахвяраваньні, атрыманыя інвалідамі, дзецьмі-сіротамі і дзецьмі, якія засталіся без апекі бацькоў, на дабрачынны рахунак у банку ня будзе абкладацца падаткам для сумаў у памеры да 16142 рублёў (раней — 15030 руб.).

  • Павялічылі стаўкі акцызаў і адзінага падатку. Так, стаўка адзінага падатку за здачу ў наём фізычнымі асобамі жылых памяшканьняў складзе 36,8 рубля (+4 рублі) у Менску за адзін пакой, у абласных цэнтрах — 34,5 рубля. Кодэксам прадугледжана, што адзіны падатак і ІП і іншых фізычных асоб страчвае сваё дзеяньне з 1 студзеня 2023 году, як і збор за ажыцьцяўленьне дзейнасьці ў сфэры аграэкатурызму.
  • Фіксаваныя стаўкі падатку на сабак. Калі раней яны былі прывязаныя да базавых велічынь, то цяпер вызначылі падатак у 46,5 рубля за патэнцыйна небясьпечную пароду і 9,3 рубля за астатнія пароды.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG