Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы адрэагавалі на контрасанкцыі Беларусі: «Эмбарга не праіснуе доўга і не нанясе істотных стратаў»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Беларускае эмбарга на прадукты харчаваньня не працягнецца доўга і не нанясе істотных стратаў польскай аграрнай галіне, так лічыць віцэ-прэм’ер польскага ўраду, міністар сельскай гаспадаркі Генрых Кавальчык.

«Беларускае эмбарга на прадукты харчаваньня, сярод іншага, зьяўляецца адказам на санкцыі, уведзеныя ЭЗ у дачыненьні гэтай краіны ў сувязі зь міграцыйным канфліктам на польска-беларускай мяжы, яно не павінна працягвацца доўга», — цытуе віцэ-прэмʼера, міністра сельскай гаспадаркі Польшчы Генрыха Кавальчыка польская прэсавая агенцыя (PAP).

«У нас няма падрабязнай інфармацыі пра эмбарга, накладзенае Беларусьсю на імпарт прадуктаў і тавараў з Польшчы. Але хутчэй гэта якраз Беларусь наносіць сабе шкоду», — дадаў Кавальчык.

На ягоную думку, для польскага аграхарчовага экспарту беларускае эмбарга зьяўляецца «нейкай цяжкасьцю», але не занадта вялікай.

«Гадавы абʼём таваразвароту зь Беларусьсю складае каля 200 млн эўра, гэта 0,6% усяго польскага экспарту харчаваньня. Яблыкі зьяўляюцца дамінантным таварам, найбольшы ўплыў забарона акажа на экспарт у садаводзтве, хаця Беларусь у цяперашні час не зьяўляецца найбольш важным кірункам экспарту яблыкаў. Усё больш іх пастаўляецца ў іншыя краіны, напрыклад у Эгіпет», — удакладніў польскі чыноўнік.

Кавальчык таксама выказаў надзею, што пасьля некалькіх тыдняў «блытаніны» пастаўкі адновяцца.

У студзені–кастрычніку 2020 году абʼём экспарту прадуктаў харчаваньня з Польшчы ў Беларусь склаў 205,5 млн эўра, за аналягічны пэрыяд 2021 году — 194 млн эўра (зьніжэньне на 5,6%). Найбольш важнымі таварамі экспарту зьяўляюцца садавіна і гародніна. Кошт імпарту за 2020 год быў на ўзроўні 56,8 млн эўра.

Эмбарга ў адказ на санкцыі

Беларускія ўлады ў адказ на санкцыі Захаду на пачатку сьнежня 2021 году заявілі, што ўводзяць ад 1 студзеня 2022 году харчовае эмбарга супраць тавараў з краін, якія «рэалізуюць дыскрымінацыйную палітыку і ажыцьцяўляюць недружалюбныя дзеяньні».

Пад забарону трапляе прадукцыя з краін Эўразьвязу, а таксама ЗША, Канады, Нарвэгіі, Альбаніі, Ісьляндыі, Паўночнай Македоніі, Вялікай Брытаніі і Паўночнай Ірляндыі, Чарнагорыі, Швайцарыі.

А менавіта: мяса сьвежае, астуджанае і замарожанае буйной рагатай жывёлы, сьвініны і свойскай птушкі, субпрадукты, тлушчы, кілбасы, мяса салёнае, у расоле, сушанае або вэнджанае, харчовая мука зь мяса або мясных субпрадуктаў, малако і малочная прадукцыя, гародніна, садавіна і арэхі, кандытарскія вырабы, соль і іншыя тавары.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG