Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветная арганізацыя здароўя прызнала хваробай залежнасьць ад відэагульняў


Ілюстрацыйнае фота

З 1 студзеня 2022 году залежнасьць ад відэагульняў афіцыйна прызнаная хваробай. Сусьветная арганізацыя здароўя (САЗ) уключыла яе ў пералік новага, 11-га выданьня Міжнароднай клясыфікацыі хваробаў (МКБ-11).

Разьдзел адыктыўных расстройстваў у ёй папоўніла відэа- і лічбавая гульняманія.

У САЗ адзначаюць, што для гульнявой залежнасьці характэрна рэгулярнае ці пэрыядычнае парушэньне здольнасьці кантраляваць частату і працягласьць гульнявых сэсій, працягласьць праведзенага за гульнямі часу, няздольнасьць перастаць гуляць пры зьяўленьні «нэгатыўных наступстваў».

Таксама зазначаецца, што ў выпадку залежнасьці гульням аддаецца прыярытэт над іншымі жыцьцёвымі інтарэсамі і паўсядзённай дзейнасьцю. Сымптомы могуць разьвівацца бесьперапынна на працягу нейкага часу, а могуць выяўляцца зь некаторай рэгулярнасьцю час ад часу. Таксама гульнявая залежнасьць прыводзіць да выражанага стрэсу і значных праблем у асабістым, сямейным жыцьці чалавека, выклікае зьмены яго становішча ў соцыюме, прыводзіць да праблем у вучобе ці працы.

Для таго, каб дыягнаставаць гульнявую залежнасьць, зьмены ў паводзінах чалавека павінны назірацца на працягу году, аднак дадзены тэрмін можа быць скарочаны, калі ўсе дыягнастычныя патрабаваньні выкананыя, а сымптомы сур’ёзныя.

Міжнародная клясыфікацыя хваробаў зьяўляецца асновай для вызначэньня тэндэнцый і статыстыкі аховы здароўя ў глябальным маштабе, гэта таксама міжнародны стандарт для дакладаў аб хваробах. Ва ўмовах шматмоўя ў сьвеце гэты дакумэнт забясьпечвае агульны тэрміналягічны апарат для рэгістрацыі і маніторынгу праблемаў са здароўем. Пэрыядычныя перагляды МКХ з 1948 году каардынуюцца САЗ. Папярэдняя вэрсія дакумэнта дзейнічала з 1990 году.

Цяперашняя вэрсія клясыфікацыі хваробаў зьмяшчае больш за 55 тысяч унікальных кодаў для траўмаў, хваробаў і прычынаў сьмерці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG