Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што казалі Ціханоўская і Лукашэнка ў навагодніх віншаваньнях беларусам


Пераказваем асноўнае, пра што казалі Сьвятлана Ціханоўская і Аляксандар Лукашэнка ў навагодніх віншаваньнях беларусам.

Ціханоўская: «Цяпер наша перамога — гэта больш не пытаньне выпадковасьці ці шанцаваньня. Гэта пытаньне нашай рашучасьці»

Сьвятлана Ціханоўская павіншавала беларусаў з Новым годам на расейскай і беларускай мовах. Асноўныя цытаты з выступу:

  • «Я таксама злуюся. Мы думалі, што не павінна быць так доўга, так складана, не павінна быць столькі страт. Мы захацелі новую краіну і новую будучыню. І мяне таксама злуе, што ў адказ на гэта беларусы атрымалі помсту, гвалт і крызіс».
  • «Мне таксама балюча за Вітольда Ашурка, Дзьмітрыя Стахоўскага, Андрэя Зельцэра, Антона Качанава і ўсіх, каго больш няма з намі. За тысячы безь віны зьняволеных, для каго зараз галоўная радасьць — гэта шпацыр у турэмным двары ці ліст з волі. Балюча за сотні тысяч беларусаў, якія вымушана пакінулі свае дамы, ратуючыся ад уласнай дзяржавы. І за мільёны беларусаў, якія засталіся і жывуць у нявызначанасьці. За кожнага пэнсіянэра, які кінуты ў адзіноце зь мізэрнай пэнсіяй, і кожнага звольненага, які проста не гатовы быць ляяльным. Баліць за выміраючыя вёскі і рэгіёны, якія прыходзяць у заняпад».
  • «Мне таксама страшна: што калі рэжым забярэ яшчэ адно жыцьцё? Што калі нам ня хопіць сілы? Што калі нашым дзецям давядзецца пачынаць усё спачатку? Што калі ўвесь гэты шлях, у які ўкладзена столькі працы, любові і веры, — не прывядзе да перамогі?»
  • «Усім нам часам здаецца, што ў цемры няма ніводнага промня сьвятла. Але гэта ня так. Увесь гэты час, нават у самыя цёмныя дні, я бачу сьвятло — таму што гляджу на вас. На тых, хто кажа «гэта наша зямля, і мы нікуды ня сыдзем». Сьвятлана Ціханоўская пералічыла ў сваёй прамове ўсіх, на каго «глядзіць і бачыць сьвятло», думаючы: «мы — нацыя творцаў, не захопнікаў».
  • «У любых, нават самых жорсткіх умовах, мы зможам, мы створым. Гэты год паказаў: нават калі нас закатваюць у асфальт, наша вера прарастае — i зьнішчае яго сваімі каранямі».
  • «У 21-м кожны для сябе зразумеў, што значыць быць беларусам».
  • «Цяпер наша перамога — гэта больш не пытаньне выпадковасьці ці шанцаваньня. Гэта пытаньне нашай рашучасьці. Гатоўнасьці ўзяць лёс бацькаўшчыны ў свае рукі і кожны дзень нязломна ісьці да новай Беларусі, пра якую мы ўсе так марым».

У відэазвароце Ціханоўскай прынялі ўдзел многія іншыя вядомыя людзі. Сярод іх — Павал Латушка, Тацяна Шчытцова, Вадзім Пракоп'еў, Валеры Кавалеўскі, Павал Лібер, Мікалай Халезін, Натальля Каляда і іншыя. Кожны зь іх сказаў па колькі словаў аб тым, якой бачыць Беларусь у будучыні.

«Азіраючыся ў пачатак 90-х, нам ёсьць чым ганарыцца». Лукашэнка ў тэлезвароце заявіў пра пабудову «пасьпяховай і стабільнай краіны»

  • «Карпатліва, дзень за днём — вось ужо 30 гадоў будуецца і расквітае наша сувэрэнная дзяржава. І пагадзіцеся, азіраючыся ў пачатак 90-х, нам ёсьць чым ганарыцца. Мы пабудавалі сучасную, стабільную і пасьпяховую краіну», — заявіў Лукашэнка.
  • Паводле яго, «мы нямала за гэты год зрабілі»: «Пабудавалі новыя дамы, дарогі, масты, камфартабэльныя жылыя мікрараёны, адкрылі школы, дзіцячыя сады, бальніцы, паліклінікі, падарылі краіне яркія творчыя праекты і спартыўныя перамогі. Усё гэта — вынік вашай працы, вашай самааддачы. І адказ тым, хто ня хоча бачыць на карце сьвету нашу маладую незалежную дзяржаву».
  • У сваёй прамове Лукашэнка згадаў загінулага байца групы «Альфа» і Рамана Кагадоўскага, які выратаваў пры пажары свайго брата, а таксама загінулых пры крушэньні ваенных лётчыкаў: «Мы заўсёды будзем дзякаваць нашым урачам за выратаваньне маленькага беларуса, які вынес з агню брата. Болем і гонарам будуць адклікацца ў нашых сэрцах імёны ваенных лётчыкаў, якія пайшлі ў свой апошні палёт. Мы будзем выхоўваць сыноў на памяці байца гурта „Альфа“, які з гонарам выканаў сваё апошняе заданьне».
  • «Я таксама ганаруся ўсімі, хто праявіў сёлета такія рэдкія ў наш жорсткі век чалавечнасьць, міласэрнасьць, праўдзівы гуманізм да людзей, якія страцілі сваю Радзіму і вымушаныя шукаць новую мясьціну» (верагодна, гаворка пра міграцыйны крызіс — рэд.).
  • «Мы добра разумеем вялікую каштоўнасьць міру, дома і хлеба. Каштоўнасьць таго, за што самі змагаліся ў сваёй гісторыі не аднойчы, — сказаў Лукашэнка. — Беларусь памятае ўрокі мінулага».
  • Лукашэнка заявіў, што 2022-ты стане Годам гістарычнай памяці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG