Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віншаваньне Ціханоўскай, м’юзыкал на «Белсаце». Што паглядзець у навагоднюю ноч замест БТ


Альтэрнатыўная падборка сьвяточных онлайн-праграмаў і віншаваньняў.

Віншаваньне Сьвятланы і Сяргея Ціханоўскіх

31 сьнежня ў 23.46 беларускага часу дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская падсумуе вынікі 2021 году і павіншуе беларусаў са сьвятам на сваім ютуб-канале.

У 23.34 беларускага часу на канале «Краіна для жыцьця» мае зьявіцца віншаваньне з Новым годам і ад блогера Сяргея Ціханоўскага, якое ён з-за кратаў перадаў сваім паплечнікам.

Мюзыкал на «Белсаце»

Сьвяточны вечар на тэлеканале «Белсат» пачнецца ў 21:25 адмысловым выданьнем праграмы «Лукавыя навіны» і сатырычнай перадачай «Жэстачайшы мульт», а ў 22:45 адбудзецца прэм’ера м’юзыкла «Вяртаньне дадому» з удзелам вядомых беларускіх творцаў — Дзяніса Дудзінскага, Кацярыны Ваданосавай, купалаўца Міхася Зуя, Анастасіі Шпакоўскай, Юрыя Стыльскага, гурта «Разьбітае сэрца пацана» і іншых.

Апоўначы беларусам прапануюць разам прасьпяваць нацыянальны гімн «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», а пасьля паглядзець архіўныя падборкі і відэанарэзкі, у тым ліку леташні м’юзыкал «ЧынЧыны ў краіне цудаў».

Новы год для дзяцей

31 сьнежня на ютуб-канале «Бэйбус» у 20.30 пакажуць вядомы швэдзкі мультфільм «Мама Му, Крумкач і Каляды», а таксама прэм’еру двух новых калядных вершаў палітвязьня, рэдактара «Нашай Нівы» Андрэя Скурко.

«Навагодні special» на канале «Годна»

Невялікая сьвяточная праграма ў фармаце цёплых моладзевых пасядзелак плянуецца з 17.00 на рэзэрвовым канале «Годна» (стары быў часова страчаны ў сувязі з затрыманьнем аднаго зь сябраў каманды). Зоркі беларускамоўнага TikTok Ліза і Мікіта запрасілі сяброў і калег, каб згадаць добрае, абмяняцца надзеямі, падзяліцца сьвежымі песьнямі. У эфіры зьявяцца Андрусь Такінданг, Сяргей Башлыкевіч, гурт «Бачу ўпершыню» і музычнае адкрыцьцё году — сьпявачка Iva Sativa.

Сьвяточны эфір ад «Маланкі»

Каманда «Маланкі» ў жывым эфіры з 22-й гадзіны пакажа найлепшыя кліпы беларускіх артыстаў 2021 году. Таксама гледачам нагадаюць яскравыя мэмы, якія будуць папярэднічаць прагнозам аналітыкаў налета. Героям 2021-га «Маланка» уручыць віртуальныя прэміі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG