Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Омікрон» адмяняе навагоднія ўрачыстасьці па ўсім сьвеце


Сустрэча 2021 году на Таймс-сквэр у Нью-Ёрку
Сустрэча 2021 году на Таймс-сквэр у Нью-Ёрку

Другі год запар пандэмія каранавірусу ўмешваецца ў сьвяткаваньне Новага году. У сувязі з пашырэньнем штаму «Омікрон» адмяняюцца навагоднія вечарыны, урачыстасьці, карпаратывы.

Традыцыйная навагодняя цырымонія падзеньня крыштальнага шара на нью-ёрскай Таймс-сквэр пакуль застаецца ў сіле, але яе маштабы істотна скарочаныя. Каб забясьпечыць сацыяльную дыстанцыю, на плошчу дапусьцяць толькі 15 тысяч чалавек замест звычайных 60 тысяч.

Галоўны амэрыканскі экспэрт у барацьбе з каранавірусам Энтані Фаўчы заклікаў суайчыньнікаў адклікаць запрашэньні на навагоднія вечарыны, накіраваныя невакцынаваным, у сувязі з распаўсюдам інфэкцыі па ўсёй краіне.

У Нью-Ёрку, Джорджыі, Фларыдзе, Тэхасе назіраецца ўсплёск новых выпадкаў COVID-19, колькасьць за апошнія два тыдні вырасла ўдвая. Паводле сайту FlightAware, ад Калядаў адменена каля 7 тысяч авіярэйсаў.

Падобная сытуацыя і ў Эўропе. Заплянаваная навагодняя імпрэза на лёнданскай Трафальгарскай плошчы адмененая праз ковід, напісаў у твітэры мэр гораду Садзік Хан.

Канцлер Нямеччыны Олаф Шольц аб’явіў, што ягоны ўрад забароніць навагоднія мерапрыемствы. Гэта азначае, што ў Бэрліне і іншых буйных гарадах ня будзе масавых гуляньняў з фаервэркамі.

У Грэцыі сёлета ня будзе фаервэркаў над Акропалем, паведаміў міністар здароўя Танас Плеўрыс.

Таксама скасоўваюцца ўрачыстасьці і ў Рыме і шэрагу іншых італьянскіх гарадоў.

Навагоднія зборы з удзелам вялікай колькасьці людзей адмянілі ў Індыі, дзе да далейшага апавяшчэньня забароненыя ўсе палітычныя, грамадзкія, культурныя мерапрыемствы.

А як у Менску?

А вось у Беларусі абмежаваньняў з нагоды пандэміі каранавірусу ня будзе. Паводле ўладаў Менску, у сталіцы Беларусі сьвяточныя імпрэзы заплянаваныя на 22 пляцоўках. Публіку будуць весяліць артысты, прадугледжаная праца перасоўных пунктаў грамадзкага харчаваньня. Але салюту ў Менску ня будзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG