Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З актывіста Корбана, якога асудзілі ўмоўна, патрабуюць 35 тысяч рублёў кампэнсацыі «Менсктрансу»


Алег Корбан
Алег Корбан

На былога палітвязьня, лідэра грамадзкай ініцыятывы «Альтэрнатыва» Алега Корбана наклалі вялізны штраф за страты «Менсктрансу» падчас масавых акцыяў пратэсту.

Як паведаміў сам актывіст, матэрыяльны пазоў перавышае 35 тысяч рублёў. «Падыходжу да свайго пад’езду, там сустракае паштарка і ўручае „сьвяточны“ ліст з Маскоўскага суду Менску.

Мне выставілі пазоў: 35 920 рублёў. Грошы патрабуе „Менсктранс“ за „прычыненыя страты“ падчас мірных акцыяў 23 і 30 жніўня, а таксама 6 верасьня 2020 году. І ўсё гэта зь мяне! Таксама жадаюць, каб я аплаціў дзяржаўнае мыта ў 1 796 рублёў. Разам — 37 716 рублёў ці амаль 15 000 даляраў. Ну і як гэта назваць?», — задаўся пытаньнем ён.

Экс-палітвязень не выключае, што ўлады могуць накласьці арышт на кватэру, пакуль ня будзе пагашаны пазоў. Паралельна ён шукае спосабы апратэставаць рашэньне, прынятае безь ягонага ведама.

Алега Корбана затрымалі пасьля ператрусу ў кватэры 25 кастрычніка 2020 году. Спачатку яму прысудзілі 15-дзённы адміністрацыйны арышт паводле арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве), а пасьля заканчэньня тэрміну перавялі ў СІЗА № 1.

У выніку актывіста абвінавацілі паводле частак 1 і 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Сёлета ў красавіку суд Маскоўскага раёну Менску пачаў разглядаць ягоную справу закрытым чынам.

Фігуранту прызначылі пакараньне пазбаўленьнем волі на 1 год 6 месяцаў. Аднак на падставе арт. 78 КК вырашылі не прыводзіць вырак у выкананьне, і палітвязень выйшаў на волю.

7 траўня Вярхоўны суд паведаміў, што актывіста асудзілі з адтэрміноўкай на 1 год. Значыць, калі за гэты час яго не асудзяць яшчэ раз, адбываць прысуджаны тэрмін не давядзецца.

Паводле праваабаронцаў, гэта першы выпадак пакараньня з умоўным нестасаваньнем пакараньня з палітычных матываў ад пачатку леташняй выбарчай кампаніі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG