Эдуарду Бабарыку выставілі новыя абвінавачаньні, яму пагражае да 20 гадоў няволі

Эдуард Бабарыка з Аляксандрай Зьверавай і камандай Ulej
Эдуард Бабарыка з Аляксандрай Зьверавай і камандай Ulej

Палітзьняволены Эдуард Бабарыка ня выйшаў на волю пасьля заканчэньня 18 месяцаў утрыманьня пад вартай праз абвінавачаньне ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў.

Паводле інфармацыі @viktarbabarykaofficial, Эдуарда абвінавачваюць у распальваньні варожасьці і арганізацыі масавых беспарадкаў.

Статус палітвязьня ў крымінальнай справе, зьвязанай зь меркаваным ухіленьнем ад выплаты падаткаў, застаецца невядомым.

У чым падазраюць Эдуарда Бабарыку:

  • артыкул 130 Крымінальнага кодэксу, частка 3 (Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці);
  • артыкул 293 частка 1 (Арганізацыя масавых беспарадкаў).

Кіраўніка ініцыятыўнай групы прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі ягонага сына Эдуарда Бабарыку затрымалі летась 18 чэрвеня. Паўгода ён знаходзіўся ў СІЗА КДБ, нядаўна яго перавялі ў менскае СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага.

17 сьнежня прайшло роўна 18 месяцаў з моманту затрыманьня Эдуарда. Паводле дзейнага заканадаўства, гэта максымальны тэрмін, калі чалавек можа знаходзіцца пад вартай падчас папярэдняга сьледзтва. Але малады чалавек на волю так і ня выйшаў.

Згодна з крымінальна-працэсуальным кодэксам, працягваць утрыманьне пад вартай даўжэй за 18 месяцаў можна, калі папярэдняе расьсьледаваньне скончылі, а матэрыялы крымінальнай справы перадалі фігуранту, каб азнаёміцца. Адвакаты Эдуарда Бабарыкі знаходзяцца пад падпіскай аб невыдаваньні і ня могуць камэнтаваць сытуацыю.

Бацьку Эдуарда Віктара Бабарыку асудзілі на 14 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Адбывае ён пакараньне ў Наваполацку.

Адрас Эдуарда:
СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Эдуард Віктаравіч Бабарыка.

​
XS
SM
MD
LG