Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2022-і ў Літве абвясьцілі Годам Францішка Скарыны


«Малая падарожная кніжка» Скарыны, 1522
«Малая падарожная кніжка» Скарыны, 1522

Налета спаўняецца 500 гадоў з заснаваньня ў Вільні першай ва Ўсходняй Эўропе кнігадрукарні і выданьня першай друкаванай кнігі ў Вялікім Княстве Літоўскім — «Малой падарожнай кніжкі» (1522).

З гэтай нагоды ўлады Літвы абвясьцілі наступны 2022 год Годам Францішка Скарыны, паведамляе Пасольства Літвы ў Менску.

«Скарына — гуманіст, пачынальнік кнігадрукарства ў ВКЛ, першадрукар Літвы, выдавец, пісьменьнік і доктар мэдыцыны. Францішак Скарына нарадзіўся ў багатай купецкай сям’і ў Полацку, які ў тыя часы быў вельмі важным гандлёвым цэнтрам ВКЛ», — гаворыцца ў паведамленьні.

Дыпляматычнае прадстаўніцтва Літвы ў Беларусі нагадвае, што паміж 1519 і 1521 гадамі Скарына пасяліўся ў Вільні, прывёз туды друкарскае абсталяваньне і запас паперы.

20 траўня 1522 году ў доме віленскага бурмістра Якуба Бабіча Скарына заснаваў першую друкарню ва Ўсходняй Эўропе. Мяркуецца, што дом стаяў на скрыжаваньні вуліц Вялікай і Шкляной. Тут ён выдаў першую кнігу ВКЛ, якая называлася «Малая падарожная кніжка». Дакладная яе назва невядомая, таму дасьледчыкі далі выданьню назву паводле тэксту эпілёгу: «абагульняючы, у гэтай малой падарожнай кніжцы...».

Музэй энэргетыкі і тэхнікі ладзіць праект, прысьвечаны адзначэньню Году Скарыны і інтэрактыўнай прэзэнтацыі культурнай спадчыны. У рамках яго ў супрацоўніцтве з прафэсійнымі мастакамі зь Беларусі — Андрэем Шапоравым і Сьвятланай Петушковай — рэканструяваны друкарскі варштат, які выкарыстоўваўся ў друкарні Скарыны.

31 сьнежня экспанат папоўніць экспазыцыю Музэю прамысловасьці. У 2022 годзе будуць прэзэнтаваныя адукацыйныя і творчыя праграмы, якія дазволяць грамадзтву лепей пазнаёміцца з старадаўняй друкарскай тэхналёгіяй, дзейнасьцю і творамі Францішка Скарыны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG