Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая Канстытуцыя: абарона ўлады ад любых замахаў на яе непахіснасьць


Усебеларускі народны сход, каляж
Усебеларускі народны сход, каляж

Калі ў каго і былі нясьмелыя надзеі на тое, што новая Канстытуцыя хоць у нейкай ступені адкрые шлях да палітычных трансфармацыяў, то апублікаваны праект Асноўнага закону разьвеяў гэтыя надзеі.

Пачынаючы з выступу на МЗКЦ 16 жніўня 2020 году, Аляксандар Лукашэнка неаднаразова намякаў на тое, што сыдзе з пасады прэзыдэнта пасьля канстытуцыйнай рэформы. Хадзілі чуткі, што нешта падобнае ён абяцаў Уладзіміру Пуціну і ў верасьні летась, і пазьней.

Аднак нядаўняя яго заява, што датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў ня будзе, паказала, што сыходзіць ён не зьбіраецца.

Цяпер гэты намер увасоблены ў праекце новай Канстытуцыі, які становіць сабой эшалянаваную абарону існай улады ад любых замахаў на яе непахіснасьць.

Па-першае, усе службовыя асобы, чый тэрмін паўнамоцтваў заканчваецца пасьля прыняцьця Канстытуцыі, адбываюць гэты тэрмін да канца. Гэта значыць, прэзыдэнцкія выбары — у 2025 годзе.

Па-другое, хаця і вяртаецца абмежаваньне ў два тэрміны на пасадзе прэзыдэнта, але агаворваецца, што адлік тэрмінаў — з прэзыдэнцкіх выбараў пасьля прыняцьця Канстытуцыі. Гэта значыць, тэарэтычна Лукашэнка можа балятавацца ў прэзыдэнты зноў і ў 2025 годзе, і ў 2030 годзе.

Па-трэцяе, шырокімі палітычнымі паўнамоцтвамі надзяляецца Ўсебеларускі народны сход. Пры гэтым абумоўлена, што кіраўніком гэтай інстытуцыі можа быць і дзейны прэзыдэнт. То бок Лукашэнка можа быць і прэзыдэнтам і старшынём ВНС прынамсі да 2035 году.

Па-чацьвёртае, праект забясьпечвае былому прэзыдэнту пажыцьцёвае крэсла ў Савеце Рэспублікі ды імунітэт ад крымінальнага перасьледу.

Зрэшты, заявы самога Лукашэнкі, як і афіцыйны праект Канстытуцыі, нейкую палітычную інтрыгу ўсё ж захоўваюць. Лукашэнка ў 2025 годзе можа зноў балятавацца ў прэзыдэнты, а можа і пакінуць цяперашнюю пасаду і пайсьці на пасаду кіраўніка Ўсебеларускага народнага сходу.

Гэты сход — даволі цікавы інстытут. Фармуецца ён ня простым народным галасаваньнем, а органамі ўлады і грамадзкімі арганізацыямі (правільнымі, зразумела). Народу там будзе шмат — 1200 чалавек, прычым вырашаць лёсы краіны яго чальцы будуць без адрыву ад вытворчасьці і ня надта часта. Гэта значыць, як орган улады ён будзе непрацаздольным паводле вызначэньня.

Насамрэч і парлямэнт, які ўсё ж фармальна абраны народам і прафэсійны, у рэальных беларускіх умовах — гэта «пятае кола» у вазку беларускай улады. Ну а абноўлены УНС будзе шостым.

Аднак штэмпэлем рашэньняў, прынятых кіраўніцтвам, ён будзе ідэальным.

А паўнамоцтвы гэтых рашэньняў будуць немаленькія: у прыватнасьці, права абвяшчаць імпічмэнт прэзыдэнту, права ўводзіць надзвычайнае становішча і нават загадкавае і экзатычнае права — вызначаць легітымнасьць выбараў.

Калі прэзыдэнт і старшыня УНС — адна асоба, то ўсе гэтыя юрыдычныя вынаходзтвы наогул, як кажуць, ні пра што.

Але на выпадак, калі Лукашэнка ўсё ж вырашыць пакінуць цяперашнюю пасаду, то пераемнік будзе вельмі абмежаваны ў дзеяньнях і жорстка падкантрольны Сходу (чытай — яго старшыні).

Ці будзе гэты выпадак, ці не — гэтае рашэньне Лукашэнка пакідае за сабой да 2025 году. Ім можна дражніць і спакушаць Маскву — магу сысьці, а магу і не сысьці. Але калі і сысьці, то недалёка — ва УНС.

Зрэшты, падобнай няпэўнасьцю і Пуцін дражніць і спакушае расейскія эліты і грамадзтва. Новая Канстытуцыя дае яму права балятавацца ў 2024 годзе. А ці пойдзе — пакуль ня кажа.

Падобную нявызначанасьць захоўвае і Лукашэнка. Але ня вельмі зразумела, для каго і для чаго.

Ня будзем удакладняць, дзе хацела б яго бачыць пратэставая частка грамадзтва, але дакладна не ва УНС. А для ляялісцкай часткі грамадзтва гэтыя дзіўныя ракіроўкі і гульні чужыя і незразумелыя: для іх ёсьць «бацька», і ён займае пасаду «бацькі», і павінен і надалей яе займаць, то які УНС, для чаго УНС, што за трызьненьне? Зусім ужо памяркоўным беларусам таксама не зусім ясна, ці лепш Лукашэнка, які сядзіць на двух крэслах ці на адным.

Складваецца ўражаньне, што адзіны адрасат гэтых палітычных пасаў — гэта Крэмль. Для яго, магчыма, гэта мае значэньне. Зрэшты, зараз наўрад ці вялікае. Ва ўмовах, калі Масква ставіць ультыматум Захаду, калі кажа пра «вайскова-тэхнічнае рашэньне» у выпадку адмоўнай рэакцыі Захаду, ёй увогуле не да канстытуцыйнага дызайну ў аднаго з нямногіх, калі не адзінага хаўрусьніка.

На думку некаторых экспэртаў, адзін з варыянтаў таго расейскага «вайскова-тэхнічнага рашэньня» прадугледжвае выкарыстаньне якраз тэрыторыі гэтага хаўрусьніка.

І ў сувязі з гэтым пытаньне, на колькіх крэслах будзе сядзець Лукашэнка пасьля 2025 году, бачыцца Крамлю другарадным. І хоць тэарэтычна праект Канстытуцыі можа яшчэ зьведаць пэўныя зьмены, падаецца малаімаверным, што яны будуць істотныя і што менавіта такіх зьменаў праекту будзе дамагацца ад хаўрусьніка Масква.

Словам, на бліжэйшыя два з паловай гады праект Канстытуцыі фактычна наагул не прадугледжвае нейкага транзыту ўлады і палітычных трансфармацыяў, няхай і колькі заўгодна кантраляваных. Аднак іх пэрспэктыву і ў 2025 году дакумэнт пакідае ў тумане няпэўнасьці.

Лукашэнка і да жніўня 2020 году, і пасьля ўвесь час вырашаў задачу квадратуры круга: як бы так сысьці не сыходзячы, як бы нешта памяняць не мяняючы.

Рэфэрэндум аб гэтым праекце Канстытуцыі ніякім рашэньнем ня стане, ён і надалей, прынамсі да 2025 году, будзе ламаць галаву над гэтай дылемай.

Аднак урокі гісторыі паказваюць, што адмова ад кантраляванага транзыту ўлады вядзе да некантраляванага, і нават эшалянаваная абарона не абараняе ад бегу часу.

Перадрук з парталу Zerkalo.io

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG