Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Душылі пакетам, зрэзалі скуру на пятах». Адзін з асуджаных у «справе анархістаў-партызанаў» расказаў пра катаваньні ў турме


Ігар Аліневіч, Дзьмітры Дубоўскі, Дзьмітры Разановіч і Сяргей Раманаў у судзе

Сястры палітвязьня Дзьмітрыя Дубоўскага Юліі ўдалося атрымаць спатканьне з братам. Ён расказаў ёй пра катаваньні, якія ўжывалі ў дачыненьні да анархістаў, асуджаных 22 сьнежня на тэрміны ад 18 да 20 гадоў турмы, і пра тое, што адбывалася ў першыя дні пасьля іх затрыманьня.

Ад пачутага Юлія знаходзіцца ў шоку і ня ўсё, што расказаў брат, змагла запомніць, але паведаміла асноўнае тэлеграм-каналу «Права на паўстаньне».

Спачатку яны з братам абмяркоўвалі розныя пытаньні, яна перадавала яму прывітаньні, а потым Дзьмітры Дубоўскі расказаў сястры пра іх затрыманьне і катаваньні у турме.

«У мяне ў вушах гучыць, што майго брата душылі, надзяваючы на галаву пакет, ён неаднаразова страчваў прытомнасьць... Ён спрабаваў апісаць, як са зьвязанымі за сьпінай рукамі яго нібы адрывалі ад зямлі. Ён нават спрабаваў прыгадаць, як называецца гэтае катаваньне... Сказаў, што рукі ўсе былі апухлыя і ў крыві ад сьцяжак... Некалькі дзён у СІЗА КДБ ня мог рухацца праз пашкоджаныя рэбры...

Сказаў, што ў Ігара зрэзалі скуру на пятах... Пачаў расказваць пра Сяргея, што яму давялося парэзаць сабе руку... Я яго спыніла. Рашэньне пачаць даваць паказаньні і супрацоўнічаць са сьледзтвам прыняў Дзіма. Ён сказаў, што яму стала шкада хлопцаў і трэба было неяк спыніць гэтыя катаваньні», — кажа Юлія і дадае, што Ігар Аліневіч, паводле брата, падтрымаў яго ў гэтым рашэньні.

Юлія ўдакладніла, што памятае ўсё сказанае «нібыта ўрыўкамі» і можа быць недакладнай ў нейкіх дэталях: «Ці рабілі гэта з нашымі хлопцамі амапаўцы, ці памежнікі... Брат казаў, але я ня памятаю... Ці катавалі іх разам, ці ў асобных пакоях».

Дзьмітры Дубоўскі. Архіўнае фота
Дзьмітры Дубоўскі. Архіўнае фота

Дзьмітры Дубоўскі сказаў сястры, што Сяргей Раманаў падаў заяву ў Вярхоўны суд аб катаваньнях і калі быў на некаторых паседжаньнях у судзе, хацеў убачыць і запомніць тых, хто іх катаваў, але на суд зьявіўся толькі адзін зь іх.

«Са словаў брата, ён проста тросься там. Сяргей і Дзіма яго пазналі. Дзіма з самага пачатку хацеў заявіць аб катаваньнях, але адвакат сказаў, што раскажаш на судзе. Але суд зрабілі закрытым, і мы ня ведаем усіх падрабязнасьцяў. Але ж усё гэта агучвалася ў судзе, запісвалася і, вельмі спадзяюся, усё захаваецца», — кажа Ірына.

Што да абвінавачаньня ў акце тэрарызму, Дзьмітры Дубоўскі сказаў сястры, што ў абвінавачаньні «ўсё вельмі нацягнута», а сюжэт пра затрыманьне Камітэтам дзяржбясьпекі «небясьпечных тэрарыстаў», які круцілі па дзяржаўнай тэлевізіі, «гэта ўсё глупства». Паводле Дзьмітрыя, іх затрымалі выпадкова памежнікі, і каб ня гэта, «КДБ ніколі не даведаўся б і ніякай спэцапэрацыі не было».

22 сьнежня анархістаў Аліневіча, Дубоўскага, Разановіча і Раманава прызналі вінаватымі паводле артыкулаў ч. 2 арт. 289 («акт тэрарызму»), ч. 2 і ч. 4 арт. 295 («незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў» і ч. 1 арт. 333-1 Крымінальнага кодэксу («незаконнае перамяшчэньне празь мяжу забароненых рэчываў, агнястрэльнай зброі і выбуховых прыладаў» — прызналі вінаватымі толькі Дзьмітрыя Дубоўскага і Ігара Аліневіча) і асудзілі на наступныя тэрміны:

  • Ігару Аліневічу прысудзілі 20 гадоў зьняволеньня,
  • Дзьмітрыю Дубоўскаму — 18 гадоў,
  • Дзьмітрыю Разановічу — 19 гадоў,
  • Сяргею Раманаву —20 гадоў.

Што яшчэ вядома пра катаваньні фігурантаў справы анарха-партызан


Некаторыя дэталі затрыманьня адзін зь фігурантаў справы анархістаў Сяргей Раманаў змог расказаць маці падчас свайго суду ў Гомлі.

Паводле слоў Раманава, усіх хлопцаў «схапілі» ня ў той мясцовасьці, дзе афіцыйна абвясьцілі, а зусім у іншай вёсцы. Анархістаў затрымалі пасьля таго, як прадаўшчыца крамы (куды двое зь іх накіраваліся, каб набыць прадукты) патэлефанавала ў памежную заставу.
Сяргей Раманаў расказаў, што допыт праводзілі супрацоўнікі памежнай службы. Проста на памежнай заставе яны пачалі зьбіваць Сяргея, а ў пакой, куды яго зьмясьцілі, пусьцілі слёзацечны газ.
Потым, калі памежнік выйшаў, бо сам ужо ня мог знаходзіцца ў гэтым памяшканьні, Сяргей перарэзаў сабе вены складаным нажом. І калі сілавік вярнуўся, убачыў, што ўвесь пакой і Сяргей былі ў крыві.
Пасьля гэтага хлопцаў везьлі ў кайданах і яшчэ і з гірамі, у выніку ў іх не загойваліся рукі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG