Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нас працягваюць душыць». Лукашэнка паскардзіўся Пуціну на «цяжкі санкцыйны час», а потым яны згуляюць у хакей


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, 2018 г.

28 сьнежня ў Санкт-Пецярбургу прайшоў нефармальны саміт СНД, а 29 сьнежня Пуцін сустракаецца асобна з Лукашэнкам.

У Санкт-Пецярбургу праходзіць нефармальная сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна, паведамляе БелТА.

Як піша праўладны тэлеграм-канал «Пул первого», Пуцін заехаў па Лукашэнку на бездарожніку «Мэрсэдэс», каб даставіць у Канстанцінаўскі палац у Стрэльне. Паводле прэс-службы Лукашэнкі, будуць абмяркоўвацца «актуальныя пытаньні беларуска-расейскага супрацоўніцтва».

Аляксандар Лукашэнка падзякаваў Уладзіміру Пуціну за падтрымку ў «цяжкі санкцыйны час», піша БелТА.

Пра гэта ён заявіў на афіцыйнай частцы сустрэчы з расейскім кіраўніком у Санкт-Пецярбургу.

«Натуральна, вы ведаеце сытуацыю ў Беларусі. Я вам вельмі ўдзячны за тое, што зрабілі, за тую падтрымку, якую аказваеце нам. Не хачу вас улешчваць, рэч не ў лісьлівасьці. А ў тым, што на любую просьбу вы робіце даручэньне тым ці іншым людзям, адгукаецеся. І кампаніі, урад, банкі ідуць насустрач, падтрымліваючы нас у гэты цяжкі санкцыйны час. Нас працягваюць душыць. Пяць пакетаў увялі, кажуць пра шосты. Прытым бязмозглыя, нікому не патрэбныя санкцыі», — паскардзіўся Лукашэнка.

Зь яго словаў, іншыя калегі з постсавецкай прасторы, зь якімі ён сустракаўся напярэдадні, гэтаксама асуджаюць санкцыйную палітыку Захаду.

«Вядома, Расеі дастаецца заўсёды і дасталася гэтым разам. Але вы паказалі тым самым сваю надзейнасьць. Таму вельмі вялікі ўхіл (я ўжо чалавек дасьведчаны ў гэтым пляне) адбыўся ў бок нашага яднаньня — разам вырашаць пытаньні», — сказаў Лукашэнка.

Лукашэнка і Пуцін пацьвердзілі пляны правесьці сумесныя вайсковыя вучэньні на тэрыторыі Беларусі ў 2022 годзе.
Аляксандар Лукашэнка прызнаўся, што даўно прасіў расейскага калегу, каб «не спынялася супрацоўніцтва ў абароннай галіне».

«Вы мяне заўсёды падтрымлівалі ў гэтым пляне. Я вось зьвярнуўся да вас, каб мы не спынялі нашых сумесных вучэньняў, каб працягнулі стварэньне цэнтраў навучаньня нашых хлопцаў новым узорам тэхнікі, якую ў Расеі закупляем. Ведаю, вы і вашыя вайскоўцы разглядаеце мае прапановы аб вучэньнях у Беларусі. Хацелася б, каб гэтыя рашэньні былі прынятыя. Гэта на карысьць беларуска-расейскім адносінам», — сказаў Лукашэнка.

Уладзімір Пуцін на гэта паабяцаў, што ў лютым ці сакавіку такія вучэньні «абавязкова адбудуцца».

Пасьля Пуцін і Лукашэнка згуляюць у хакей. Напярэдадні Аляксандар Лукашэнка браў удзел у саміце кіраўнікоў дзяржаваў СНД, прымеркаваным да 30-годзьдзя СНД. Пра вынікі саміту не паведамляюць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG