Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэс-сакратара А1 ня выпусьцілі на волю пасьля 15 дзён арышту


Мікалай Брэдзелеў

Мікалай Брэдзелеў застаецца пад вартай, а тым часам кампанія выдаліла са свайго сайту камэнтар пра намер абараніць свайго супрацоўніка.

27 сьнежня скончыліся 15 сутак з моманту затрыманьня прэс-сакратара А1 Мікалая Брэдзелева. Аднак інфармацыі аб тым, што ён выйшаў на волю, няма. Камэнтар у падтрымку супрацоўніка цяпер выдалены з сайту A1 Telekom Austria Group, паведамляе dev.by.

Брэдзелева, паводле інфармацыі крыніцы, маглі звольніць з кампаніі, пакуль ён быў на Акрэсьціна. У А1 пакуль не адказалі на запыт журналістаў.

Начальніка ўпраўленьня грамадзкіх сувязяў А1 Мікалая Брэдзелева затрымалі 10 сьнежня. Сілавікі прымусілі яго сказаць, што зь ліпеня 2020 году ён нібыта перадаваў трэцім асобам інфармацыю, зьвязаную зь яго прафэсійнай дзейнасьцю, а таксама прымусілі паведаміць дэталі свайго асабістага жыцьця.

Пры якую інфармацыю, што нібыта перадаваў Брэдзелеў, ідзе гаворка, незразумела. Яму прысудзілі 15 дзён арышту.

У A1 Telekom Austria Group апэратыўна асудзілі затрыманьне Мікалая, запэўнілі, што «скарыстаюцца ўсімі даступнымі юрыдычнымі і дыпляматычнымі спосабамі» падтрымкі і абароны сваіх супрацоўнікаў. Але менавіта гэты камэнтар цяпер выдалены з сайту.

Прадстаўнік кампаніі ў Вене паведаміў, што Брэдзелеў ня меў доступу да дадзеных кліентаў, у кампаніі пачалі ўнутранае расьсьледаваньне.

Лукашэнка запатрабаваў жорстка разабрацца з тым, што адбываецца, пазьней намесьнік кіраўніка яго адміністрацыі Ігар Луцкі паведаміў, што Апэратыўна-аналітычны цэнтар (ААЦ) праверыць дзейнасьць А1 і супраць кампаніі прымуць «самыя жорсткія меры».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG