Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Гадавіна выхаду ў сьвет «Вянка» Багдановіча; год таму — у Менску адбылася 14-я акцыя пратэсту пэнсіянэраў


Падзеі 28 сьнежня ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі

Дата дня

28 сьнежня 2017 году памёр літаратуразнаўца Дзьмітры Бугаёў.

Юры Хадыка, Зора, Васіль Быкаў, Вітаўт Кіпель, Дзьмітры Бугаёў, Адам Мальдзіс, Уладзімер Конан, верасень 1995
Юры Хадыка, Зора, Васіль Быкаў, Вітаўт Кіпель, Дзьмітры Бугаёў, Адам Мальдзіс, Уладзімер Конан, верасень 1995

Яго вельмі высока цаніў Васіль Быкаў.

Калі пры канцы 1980-х фармавалася нашая група з дваццаці літаратараў для заснаваньня Беларускага ПЭН-цэнтру, аргкамітэт быў аднадушны: ад літаратуразнаўцаў — Бугаёў.

Бацька шасьцігадовага Зьмітрака, селянін з Крычаўшчыны, у крывавыя сталінскія гады не вярнуўся пасьля чарговага арышту. Аддаць гэта забыцьцю было немагчыма, пагатоў у анкетах ня раз даводзілася запаўняць «бацькаву» графу. Бугаёў вучыўся на філялягічным факультэце Магілёўскага пэдінстытуту ў тыя паваенныя гады, калі студэнткаю гістфаку тамсама была мая маці. Яна ніколі не змагла забыць, як некалькіх выкладчыкаў і студэнтаў забралі проста зь лекцыяў.

У маладога асьпіранта, а затым навуковага супрацоўніка акадэмічнага Інстытуту літаратуры і прафэсара БДУ, не было ілюзіяў наконт мінулага дый свайго часу. Было пакліканьне.

Беларускіх пісьменьнікаў, закатаваных і расстраляных, зламаных ГУЛАГам, надоўга ці назаўсёды разлучаных з радзімай у 1930-я гады, рэабілітавалі як грамадзянаў, але трэба было рэабілітаваць іх для айчыннай літаратуры і акадэмічнай навукі. Дзьмітры Бугаёў стаў адным з тых, хто няўхільна вяртаў забароненыя імёны, ствараў магчымасьці для публікацыі кніг, лічаныя асобнікі якіх захаваліся ў спэцсховішчах. Прычым рабілася гэта тады, калі на высокіх пасадах і ў ЦК КПБ, і ў Акадэміі навук працавала шмат «надзейных» кадраў, правераных за часамі «вялікага правадыра народаў». Такія кадры, што на сумленьні мелі не адзін загублены лёс, хадзілі і па калідорах Саюзу пісьменьнікаў, выступалі з прамовамі на зьездах і канфэрэнцыях.

Першая ж кніга Бугаёва «Шчодрае сэрца пісьменьніка», прысьвечаная даваеннай прозе Міхася Лынькова і выдадзеная празь дзесяць гадоў пасьля сьмерці Сталіна, засьведчыла: у літаратуразнаўства прыйшоў глыбокі сумленны дасьледнік. Потым зьявіліся манаграфіі «Уладзімір Дубоўка» (1965) і «Максім Гарэцкі» (1968), зборнікі літаратурна-крытычных артыкулаў «Шматграннасьць» і «Талент і праца». Бугаёў пісаў пра рэпрэсаванага Барыса Мікуліча, які памёр у сібірскай высылцы, пра расстраляных Васіля Каваля і Платона Галавача.

Ужо ў незалежнай Беларусі ён выдаў кнігу пра Васіля Быкава «Праўда і мужнасьць таленту».

Згадваючы ў 1992-м у адным з інтэрвію сябе і калегаў у 1960–1970-я гады, Дзьмітры Якаўлевіч адзначыў: «Цяпер усё дазволена, і нічым ня трэба рызыкаваць. А тады нам усім многае давалася зь вялікімі пакутамі, кожная пераацэнка даставалася з боем». Прамоўлена было — мы сёньня разумеем — занадта аптымістычна, але калі нядоўгая кволая адліга ў нашых шыротах і закончылася, Бугаёў застаўся бескампрамісным змагаром.

«Гісторыя яшчэ скажа праўду пра нас», — напісаў перад сьмерцю ў жудасны для беларускай гісторыі дзень 29 кастрычніка 1937-га Платон Галавач.

Гэтую праўду нястомна казаў Бугаёў.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 712-713.

У гэты дзень год таму

  • У Менску адбылася 14-я акцыя пратэсту пэнсіянэраў.
  • Аляксандар Лукашэнка прызначыў дату правядзеньня чарговага Ўсебеларускага народнага сходу — 11-12 лютага 2021 году.
  • Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў закон пра фэдэральны бюджэт ЗША, у які ўваходзіць і «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі».
  • Праваабарончая супольнасьць прызнала палітычнымі зьняволенымі яшчэ двух чалавек — журналіста Сяргея Гардзіевіча і былога супрацоўніка праваахоўных органаў Дзьмітрыя Кулакоўскага.

Гэты дзень у гісторыі

1895 — нямецкі фізык-экспэрымэнтатар Вільгельм Конрад Рэнтген абвясьціў пра адкрыцьцё выпраменьваньня, за якое пазьней стаў першым ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі па фізыцы.

1908 — у Вільні заснаваная друкарня таварыства «Наша хата», якое выдавала беларускія падручнікі і дзіцячыя кніжкі.

1913 — у віленскай друкарні Марціна Кухты выйшла першая і адзіная прыжыцьцёвая кніжка Максіма Багдановіча «Вянок».

1920 — скончыліся баявыя дзеяньні Слуцкага антыбальшавіцкага паўстаньня, якое доўжылася адзін месяц.

1991 — Беларусь усталявала дыпляматычныя адносіны з ЗША.

1973 — апублікаваны раман-дасьледаваньне Аляксандра Салжаніцына «Архіпэляг ГУЛАГ».

2011 — заснаваная літаратурная прэмія імя Ежы Гедройця.

У гэты дзень нарадзіліся

1910 — Іван Шаціла, народны артыст Беларусі.

У памяці

1925 — Сяргей Ясенін, расейскі паэт.

Сяргей Ясенін
Сяргей Ясенін

1963 — Даніла Васілеўскі, краязнаўца, пэдагог, вязень ГУЛАГу.

Шмат гадоў працуючы над кнігамі па полацкай гісторыі, я прыйшоў да высновы, што жыхары нашага Прыдзьвіньня маюць у характары рысы, якія вылучаюць іх сярод іншых беларусаў.

Напрыклад, — большую схільнасьць да гумару, іроніі й самаіроніі, якія дзіўным чынам спалучаюцца ў іх з балцкай стрыманасьцю (каб пераканацца ў гэтым, перачытайце тэксты палачанаў Вінцэся Мудрова і Пятра Васючэнкі).

Насельнікаў Полаччыны вылучае й пракаветная глыбокая вера ў дзівосы, што выдатна засьведчыў сваім «Шляхцічам Завальнем» Ян Баршчэўскі. (А пазьней, дарэчы, і расейскі пісьменьнік Аляксандар Грын, насамрэч Грынеўскі — сын удзельніка паўстаньня 1863 году дзісенскага шляхціча Стафана Грынеўскага.)

Такія назіраньні далі мне падставу ўвесьці паняцьце «полацкі мэнталітэт», што вельмі спадабалася Рыгору Барадуліну, які адгукнуўся аднайменным вершам:

Ёсьць полацкі мэнталітэт —

Ад Эўфрасіньні, ад Скарыны,

Ад той абрынутай адрыны,

Дзе сон шукаў

Свой сонны сьлед...

Носьбітам гэтага мэнталітэту быў і выпускнік Полацкай настаўніцкай сэмінарыі, краязнаўца і пэдагог Даніла Васілеўскі.

У сэмінарскія гады ён — сябра напалову легальнага гуртка «Вястун ведаў» (што знаходзіўся пад уплывам ідэяў народніцтва) і натхнёны зьбіральнік прыдзьвінскага фальклёру. Пазьней Даніла стаў аўтарам краязнаўчых допісаў у «Нашу Ніву». Будзеце гартаць старыя падшыўкі ці факсымільныя выданьнні — ня раз сустрэнеце ягоныя псэўданімы Шчыры і Віцень Д. За савецкім часам Васілеўскі зрабіў краязнаўства сваёй прафэсіяй: захоплена працаваў у Полацкім таварыстве вывучэньня мясцовага краю, заснаваў Віцебскае губэрнскае бюро краязнаўства. Ганарыўся ўдзелам у раскопках верхнепалеалітычнай чалавечай стаянкі Бердыж.

Адна зь ягоных найцікавейшых працаў — дасьледаваньне «Лячэбніку» Ганны Шаранды — помніку «чарадзейнай літаратуры» канца ХVІІ — пачатку ХVІІІ стагодзьдзя, які быў настольнай кнігаю полацкіх знахараў і знахарак.

У 1930-я лёс людзей з такімі зацікаўленьнямі, як у Васілеўскага, звычайна складваўся трагічна. Публікацыі пад назовамі кшталту «Краязнаўства ў школах як сродак камуністычнага выхаваньня» былі прызнаныя толькі камуфляжам шкодніцкай дзейнасьці, і ў 1936-м дэкан геаграфічнага факультэту Магілеўскага пэдынстытуту стаў вязьнем ГУЛАГу, «перакваліфікаваўшыся» ў варкуцінскага буравіка.

Сьледчыя ОГПУ ня здолелі выбіць з Данiлы Васілеўскага іроніі.

Захаваліся зьвесткі, што ён, у прыватнасьці, прызнаўся ў намеры далучыць Беларусь да Індыі.

Магчыма, якраз гэтае «чыстасардэчнае» прызнаньне й уратавала яму жыцьцё.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 262-263.

1984 — Мiкола Лобан, беларускі пісьменьнік і мовазнаўца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG