Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папа Рымскі заклікаў не дапусьціць канфлікту на тэрыторыі Ўкраіны


Папа Рымскі Францішак выступае з традыцыйным пасланьнем «Да гораду і сьвету» 25 сьнежня 2021
Папа Рымскі Францішак выступае з традыцыйным пасланьнем «Да гораду і сьвету» 25 сьнежня 2021

Папа Рымскі Францішак, выступаючы на Каляды з традыцыйным пасланьнем «Да гораду і сьвету» (Urbi et Orbi), заклікаў не дапусьціць канфлікту на тэрыторыі Ўкраіны.

Як паведамляе Reuters, пантыфік выказаў надзею, што бакі змогуць наладзіць кантакты і будуць адкрытыя для дыялёгу. Папа Францішак таксама згадаў канфлікты ў Сырыі, Емэне, Ізраілі, Афганістане, М’янме і іншых краінах.

Звычайна ў сваёй каляднай прамове папа закранае актуальныя сусьветныя пытаньні. Напрыклад, год таму папа заклікаў гарантаваць усім людзям доступ да вакцынаў ад COVID-19 і згадаў падзеі на Данбасе і самаабвешчаным Нагорным Карабаху.

Сёлета кіраўнік Рымска-каталіцкай царквы зноў зьвярнуўся да вернікаў з гаўбца сабору Сьвятога Пятра ў Ватыкане. Летась у сувязі з пандэміяй зварот перанесьлі ў залю Апостальскага палацу.

25 сьнежня католікі і пратэстанты, а таксама вернікі шэрагу праваслаўных цэркваў сьвяткуюць Божае Нараджэньне — адно з найважнейшых хрысьціянскіх сьвятаў — паводле грыгарыянскага календара. На багаслужбе ў саборы Сьвятога Пятра папа Францішак зьвярнуў увагу вернікаў на ўменьне бачыць праяву Бога не ў грандыёзных, а ў малых рэчах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG