Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сілавік сказаў: „Будзь больш сумным“». Хлопца асудзілі на 3 гады хіміі за 1 фатаздымак


Марш Свабоды ў Менску. Ілюстрацыйнае фота
Марш Свабоды ў Менску. Ілюстрацыйнае фота

Хлопцу далі 3 гады хатняй «хіміі» за фатаздымак, зроблены 18 кастрычніка 2020 году. Арцём Сасьнін расказаў, як усё адбылося і чаму ні пра што не шкадуе.

Летась 18 кастрычніка Арцёма сфатаграфавалі на маршы ў Менску. Фота апублікаванае ў сацыяльных сетках Радыё Свабода. Хлопец кажа, што ўбачыў яго ў той жа дзень увечары.

«Я ішоў, фатограф прапанаваў мяне зьняць, я быў ня супраць, зьняў маску, ён мяне сфатаграфаваў, і мы разышліся. Здымак я ўбачыў у той жа дзень 18 кастрычніка, пад ім было яшчэ шмат камэнтаў кшталту „„Замажце“ твар чалавеку, а то мала што яшчэ зь ім будзе“. Я яшчэ з гэтага пасьмяяўся, думаю, ну і добра. І вось 8 верасьня 2021 году да мяне прыйшлі праз гэтае фота. Я меркаваў, што рана ці позна па мяне прыйдуць, я да гэтага трошкі рыхтаваўся», — кажа Арцём Сасьнін.

Хлопец падрабязна распавёў, як яго затрымалі.

Фрагмэнт міліцэйскага пратаколу
Фрагмэнт міліцэйскага пратаколу

«Я прачнуўся а 6-й раніцы, пайшоў на прабежку. Калі вярнуўся, мне патэлефанаваў сябар, маўляў трэба выйсьці пагутарыць, я ўключыў гучную сувязь, каб мама мая таксама пачула, і сказаў ёй: „Ну ўсё, мама, напэўна, гэта па мяне, бо нумар тэлефона не паказваецца“. Гэта я жартаваў. Калі ж я выйшаў на вуліцу, прайшоў пару мэтраў, мяне з усіх бакоў акружыў ГУБАЗіК. Мама потым сказала, што з пад’езду за мной выйшаў іншы хлопец, высокі, у кепцы, які мяне потым затрымліваў. Выявілася, што яны за мной сачылі ўжо тады, калі я быў на прабежцы. Таму потым задавалі мне пытаньні, чым я займаўся, куды хадзіў».

Арцёма затрымалі, забралі тэлефон, закінулі ў бус і зрабілі пару кругоў вакол дому.

«Мы пасядзелі ў бусе, яны задалі некалькі пытаньняў, навошта я езьдзіў ва Украіну (хаця я ня быў там), дзе я яшчэ жыву (хаця ў мяне толькі адна прапіска). Маўляў, пойдзем да цябе дадому ператрус рабіць. Я сказаў маме, што ў нас госьці. Яны забралі ў мяне касьцюм, у якім я быў на фатаграфіі, дзьве майкі з „Пагоняй“ і паперы-экспэртызы фіксацыі пабіцьця».

Раней, у самыя жорсткія дні жніўня 2020-га, хлопец адседзеў арышт на Акрэсьцна. У яго засталіся аўдыёзапісы момантаў, калі яго і іншых людзей закідвалі ў бус, дакумэнты з пацьверджаньнямі пабіцьця. Арцём падаваў гэта ўсё ў Сьледчы камітэт, але справу закрылі, нібыта празь недастатковую колькасьць доказаў.

«Усе паперы сканфіскавалі, адвезьлі мяне ў ГУБАЗіК, там я даў паказаньні, мяне запісалі на відэа для „Жоўтых зьліваў“, але я там сябе не знайшоў, напэўна, занадта ўсьміхаўся, — кажа Арцём. — Мне сілавік нават сказаў: „Будзь больш сумным“. Потым мне іхны галоўны казаў: „Ты мо падкажы нам сваіх знаёмых і сяброў, зь якімі ты меў зносіны, мы можам ім дапамагчы. Лепш мы іх выцягнем з гэтай усёй сытуацыі, і табе таксама будзе ад гэтага добра“. Далей мяне на 10 дзён адправілі на Акрэсьціна, бо ў іх яшчэ не было абвінавачаньня».

«Чалавек мог пару разоў захварэць і пару разоў ачуняць за час знаходжаньня на „Валадарцы“»

Толькі на 9-ы дзень Арцёма наведалі сьледчы і адвакат.

«Адваката я браў дзяржаўнага, свайго наймаць няма сэнсу, бо ўсёй міліцыі „зялёнае сьвятло“, быў бы чалавек, а артыкул заўсёды знойдзецца. На 9-ы дзень мне выставілі абвінавачаньне, паказалі фатаздымак гэты на Свабодзе. Адразу прыпісалі тры артыкулы, але потым пакінулі толькі 342 ч.1 („Арганізацыя дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак“)».

На Акрэсьціна ўсе «палітычныя» у камэры Арцёма спалі без матрацаў на голых шконках. Кожныя тры гадзіны была праверка асабістых рэчаў, падымалі па некалькі разоў уначы, сьвятло не выключалі. Перадачу аддалі толькі праз 10 дзён, калі хлопца перавялі на «Валадарку», дзе ён пабываў у камэрах з 8, 12 і 24 чалавекамі.

«У апошняй „хаце“, дзе былі 24 чалавекі, трохпавярховыя шконкі, а само памяшканьне ўсяго 8 на 5 мэтраў. Дыхаць няма чым, усе кураць, крычаць. Кармілі там добра, але рацыён абмежаваны і хутка надакучвае. Калі я захварэў і выклікаў фэльчара, ён толькі памераў тэмпэратуру (яна была высокая) і проста даў мне таблеткі, хоць мне было вельмі кепска, ламала косткі, балела галава. Вірус хадзіў па СІЗА доўга. Чалавек мог пару разоў захварэць і пару разоў ачуняць за час знаходжаньня там. Праз тое, што наша камэра была ў падвальным памяшканьні („Шанхай“ называецца), нам дазволілі карыстацца вэнтылятарам, бо дрэнна цыркулявала паветра. Таксама ў нас былі прусакі і мышка, якую мы неспэцыяльна падкормлівалі», — усьміхаецца Арцём.

«Там вельмі шмат разумных, цікавых людзей»

Ён трохі апавядае пра побыт падчас адседкі.

«Усе лісты там праходзяць праз цэнзуру. І калі хоць трохі пачынаеш апавядаць, як у камэры жыць, або пра справу, то ліст адпраўлялі назад. Нашы ішлі ад 15 дзён, ад усіх палітычных лісты спэцыяльна затрымлівалі, бо ў звычайных людзей яны ішлі да 10 дзён. Хаця ўсе лісты ў Менск».

Арцём таксама пасьпеў пазнаёміцца і паразмаўляць з мастаком Алесем Пушкіным, якога акурат перавялі з Жодзіна.

«Яго ўсе ведаюць, ён як Ніна Багінская, толькі мужчына. Яго тады прывезьлі да нас, бо хацелі адправіць у псыхдыспансэр на праверку на 21 дзень. Мы не пасьпелі нармальна пагаварыць зь ім. Але ён быў максымальна пазытыўным. Мы разам пабылі дзень-паўтара, і ён увесь час расказваў нам пра гісторыю Беларусі з 1994 году — як усё было. Ён быў зараджаны такі мужчынка».

За ўвесь час на Валадарцы Арцём пазнаёміўся з 15 «палітычнымі».

«У многіх камэрах ёсьць шахматы або нарды, шмат людзей гуляюць, пішуць лісты, малююць, размаўляюць. Калі ёсьць прастора, спортам займаюцца. Там вельмі шмат разумных, цікавых людзей. У СІЗА вельмі добрая ўнутраная бібліятэка. Ты проста пішаш, што табе трэба, і калі гэта ёсьць, то прыносяць».

У агульных камэрах, кажа Арцём, не было моцнага прэсінгу, але да некаторых «палітычных» ставіліся асабліва жорстка.

«Быў хлопец, у якога экстрэмізм, тэрарызм і яшчэ нешта, яго заўсёды выводзілі ў кайданках, галаву ўніз і ўсё такое. А так у агульнай камэры не было моцнага прыгнёту. Калі браць іншыя камэры, дзе 8 палітычных, напрыклад, то да іх больш жорстка ставяцца, у іх забіраюць тэлевізар, нельга днём ляжаць на шконках. Але вось дзе асабіста я быў, было даволі ляяльна».

«Судзьдзя і сьледчы спрабавалі справакаваць мяне на паказаньні»

10 сьнежня адбыўся адкрыты суд на Арцёмам. Хлопцу далі тры гады хатняй «хіміі».

«Судзьдзя і сьледчы спрабавалі справакаваць мяне на паказаньні, якія маглі пагоршыць сытуацыю. Яны задавалі пытаньні, на якія цяжка адказаць, бо прайшло шмат часу, больш за год. Толькі ім гэта было нецікава, і яны маглі адно пытаньне задаць тройчы, пакуль не пачуюць адказ. Калі зачытвалі маю справу, я ўсьміхаўся, бо гэта быў такі сюррэалізм. І сябры, якія былі на маім судзе, казалі, што гэта было нейкае трызьненьне».

Суд цягнуўся два дні.

«У іх на мяне, акрамя фатаграфіі, нічога не было. Толькі яны ўсё роўна мусілі мяне пакараць. Я прыняў тое, што яны мне ставяць у віну, і мо праз гэта так лёгка яшчэ ўсё прайшло. Але насамрэч доказаў не было ніякіх, акрамя здымку на Свабодзе. Такая фатаграфія маёй віны аказалася. І ў іх была задача дапытаць мяне, ці ведаю я яшчэ якіх-небудзь людзей, ці быў на дарозе я. Калі б я быў не на дарозе, то гэта было б проста 15 дзён. Але як толькі бачаць, што вы на дарозе, то прыпісваюць 342 артыкул, частку 1 („Блякаваньне грамадзкага транспарту“)».

Цяпер хлопцу ад Менсктрансу выстаўлены пазоў на 24 тысячы рублёў за перакрытую дарогу.

«Пазоў можа быць ад 24 да 60 тысяч. Са мной сядзеў мужчына, якому быў пазоў 60 тысяч. Яны прыпісваюць такую суму за цэлы дзень. Калі ж зловяць за марш у гэты дзень больш людзей, то яе падзеляць. Таксама яшчэ пад арыштам застаюцца мае тэлефоны, якія правяраюць. Іх могуць адправіць у якасьці кампэнсацыі Менсктрансу».

Зараз ідзе выпадковае вылоўліваньне людзей, кажа Арцём.

«З дапамогай розных фатаздымкаў яны бяруцца за любога чалавека і „раскручваюць“ яго. Цяпер яны бяруцца за фота, зробленыя на дарозе. І нават калі ты быў не на дарозе, у цябе могуць спытаць: „Ці заходзіў ты на яе?“. Калі так, то пачынаюць разьвіваць гісторыю паводле 342 артыкула. Для іх галоўнае — забраць тэлефон або кампутар і там выявіць нешта, што можа дапамагчы. Правяраюць усе нумары праз базу».

«Мама стала бліжэй да мяне»

Арцём кажа, што нягледзячы на ўсё, што зь ім адбылося, ён настроены аптымістычна.

«Для мяне гэта новае выпрабаваньне, якое трэба проста выкарыстоўваць. Гэтыя 3 гады „хіміі“ цяпер мне для таго, каб я пачаў займацца сваім. Атрымаў дык атрымаў, значыць так было наканавана. Калі б не за гэтае фота забралі, то маглі забраць за нешта іншае. Як я ведаю, яны рабілі „маніторынг“ усёй зоны, адпаведна яму проста выбіраюць людзей. Рана ці позна знойдуць усіх».

Таксама хлопец кажа, што праз усю гэтую сытуацыю зьмяніліся стасункі ў сям’і.

«Мама раней ставілася сярэдне да ўсяго — ні туды ні сюды. Як толькі гэта ўсё адбылося са мной, яна стала бліжэй да мяне. Калі мяне забралі, маці засталася адна. Яна ня траціла надзеі, што мяне хутка адпусьцяць, але так не адбылося. Падтрымлівала мяне, прывозіла штотыдзень перадачы (так званы „кабанчык“). Пакуль я там быў, я атрымаў ад яе 13 лістоў, у кожным яна падтрымлівала мяне духоўна і маральна. Я ёй вельмі ўдзячны, надалей нашыя адносіны будуць мацнець з кожным днём».

Бабуля ж Арцёма заўсёды была за Лукашэнку.

«Нават пасьля маёй сытуацыі яна кажа: „Нельга ж так!“. Але ўсё роўна яна пачала лепш ставіцца. Гэтая справа нават умацоўвае стасункі дома. Знаёмыя кажуць мне: малайчына, герой. Я таксама неяк раней думаў зьехаць з краіны, але ў мяне мама і бабуля застануцца, а я не магу іх кінуць адных».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG