Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто зарабляе грошы на адзеньні з лукашэнкаўскімі цытатамі


Майкі і сьвітшоты для крамы «Пула Первого» шыюць у Жодзіне. Продажам займаецца дзяржаўная кампанія, што ўваходзіць у канцэрн «Беллегпрам».

Упершыню зьвесткі пра выпуск адзеньня з цытатамі Лукашэнкі зьявіліся ў канцы жніўня 2021 году. Паводле тэлеграм-каналу «Пул Первого», набор з такіх маек атачэньне Лукашэнкі падаравала яму на дзень народзінаў. Тады ж у праўладных тэлеграм-каналах зьявілася ідэя адкрыць у Менску краму, дзе падобнае адзеньне можа купіць кожны ахвочы.

Краму адкрылі ўжо праз тры месяцы на другім паверсе гандлёвага цэнтру «Замак» (належыць аднаму з уласьнікаў кампаніі «Табак-Інвест», мільянэру Паўлу Тапузідзісу. — РС), акурат насупраць палацу Незалежнасьці. Свабода даведалася, хто і што там прадае.

«Тэкстыльгандаль»

Адзеньне з крамы «#мерчпервого»
Адзеньне з крамы «#мерчпервого»

Юрыдычна крама «#мерчпервого» належыць адкрытаму акцыянэрнаму таварыству «Тэкстыльгандаль». Менавіта яе назва на чэках. Нягледзячы на форму арганізацыі ААТ, кампанія належыць дзяржаве і ўваходзіць у склад канцэрну «Беллегпрам». Кіруе «Тэкстыльгандлем» Сяргей Фацееў. Да пераводу ў Менск ён быў дырэктарам скуранога камбінату ў Пінску.

Пры гэтым непасрэдна «Тэкстыльгандаль» не займаецца продажам маек і баек. На сайце прадпрыемства пазначана, што кампанія гандлюе тканінамі і вырабамі зь іх гуртам, пры гэтым адзеньня ў каталёгу «Тэкстыльгандлю» няма зусім, толькі пасьцельная бялізна, ручнікі і прасьціны. У кампаніі ёсьць свая крама «Нэльлі», але яна далёка ад палацу Незалежнасьці — на вуліцы Платонава ў Менску.

Фота сьведчыць, што выглядае «Нэльлі» значна больш сьціпла за «#мерчпервого», а гандлююць там ня толькі пасьцельнай бялізнай, але і вырабамі іншых беларускіх дзяржаўных брэндаў — «Купалінкі», «Рэчыцкага тэкстылю» і «Сьвітанку».

Паводле справаздачы аб прыбытках і стратах за 2020 год, летась «Тэкстыльгандаль» змог зарабіць 130 тысяч рублёў (у 2019 было 122 тысячы). Агульны тавараабарот пры гэтым склаў прыкладна 6,5 мільёнаў рублёў.

«Сьвітанак»

Бірка з адзеньня з цытатамі Лукашэнкі, на якой у якасьці вытворцы ўказанае ААТ «Сьвітанак»
Бірка з адзеньня з цытатамі Лукашэнкі, на якой у якасьці вытворцы ўказанае ААТ «Сьвітанак»

Распрацоўкай і вырабам маек і сьвітшотаў з лукашэнкаўскімі цытатамі для крамы займаўся адзін з партнэраў «Тэкстыльгандлю» — жодзінскае прадпрыемства «Сьвітанак». Яго лягатып можна пабачыць на этыкетках адтуль. Гэта таксама дзяржаўная структура, частка «Беллегпраму».

Гандлюе «Сьвітанак» акурат тэкстыльнымі вырабамі, мае сетку крамаў у Беларусі, пастаўляе прадукцыю на экспарт, у тым ліку ў краіны Эўразьвязу. Для прасоўваньня прадукцыі ў інтэрнэце «Сьвітанак» актыўна выкарыстоўвае сацыяльныя сеткі, у тым ліку Інстаграм, аднак там прапановаў набыць майкі і сьвітшоты з цытатамі Лукашэнкі пакуль не было.

Цэны на вырабы, якія «Сьвітанак» прадае праз свой інстаграм і сетку крамаў, складаюць каля 20 рублёў за майкі і 45-65 рублёў за сьвітшоты.

Чэк з крамы «#мерчпервого»
Чэк з крамы «#мерчпервого»

У краме «#мерчпервого» за майку просяць 20 рублёў, за сьвітшот 40. Цана на падобныя рэчы ў іншых крамах у ГЦ «Замак», а гэта пераважна крамы вядомых брэндаў, можа быць у разы вышэйшая.

Паводле справаздачы аб дзейнасьці за 2020 год, чысты прыбытак «Сьвітанку» ў параўнаньні з 2019-м скараціўся ў 65 разоў. Прадпрыемства змагло зарабіць толькі 58 тысяч рублёў. За мінулы год колькасьць супрацоўнікаў жодзінскага прадпрыемства скарацілася на 160 чалавек. Кіруе «Сьвітанкам» Юры Лукашэвіч, яго прызначылі на пасаду ў 2015-м.

Пра аб’ёмы продажаў крамы «#мерчпервого» дакладнай інфармацыі пакуль няма. Праўладныя тэлеграм-каналы ў дзень адкрыцьця гандлёвага пункту пісалі пра вялікі ажыятаж. Адзін з пакупнікоў ужо нават пасьпеў трапіць у афіцыйныя зводкі МУС, бо злоўлены п’яным за стырном у сьвітшоце з цытатай Лукашэнкі (відэа інцыдэнту МУС пасьпела нават апублікаваць, але пазьней выдаліла. — РС). Як расказаў Свабодзе адзін з пакупнікоў, празь некалькі дзён пасьля адкрыцьця ўвечары ў будзень там знаходзілася ўсяго некалькі кліентаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG