Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Варожая прапаганда і фэйкі». Украінскія памежнікі паведамілі першыя вынікі спэцапэрацыі на мяжы зь Беларусьсю


Спэцыяльная памежная апэрацыя «Палесьсе» пачалася 24 лістапада

У часе спэцыяльнай апэрацыі «Палесьсе», якая пачалася 23 лістапада на мяжы Ўкраіны зь Беларусьсю, не зафіксавалі ніводнага парушэньня памежнага рэжыму на ўчастках за межамі пунктаў пропуску.

Як паведамілі ў прэсавай службе Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, за ўвесь час спэцыяльнай апэрацыі была адзіная спроба ўезду зь Беларусі ва Ўкраіну 15 грамадзян краін Блізкага Ўсходу. Яны не змаглі пацьвердзіць мэту паездкі, таму ім адмовілі ва ўезьдзе.

«Таксама зафіксавалі спробы варожай прапаганды скампрамэтаваць захады, якія праводзяцца ў межах апэрацыі „Палесьсе“. У прыватнасьці, было некалькі спробаў пашырыць непраўдзівую інфармацыю аб нібыта затрыманьні і расстрэле групаў нелегалаў украінскімі вайскоўцамі. Гэтая інфармацыю апэратыўна раскрылі і зьняпраўдзілі»,— падкрэсьлілі ў прэсавай службе.

У Дзяржаўнай памежнай службе дадалі, што апэрацыя працягваецца, а рэзэрвы чатырох праваахоўных органаў краіны па-ранейшаму застаюцца паблізу мяжы на выпадак зьмены сытуацыі. Падразьдзяленьні ўжо практыкаваліся ў апэратыўным прыбыцьці на праблемны ўчастак мяжы цягам 30–60 хвілін. Надалей будуюць інжынэрныя ўмацаваньні на ўкраінска-беларускай мяжы.

Што папярэднічала

Пасьля пачатку міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі з Польшчай Украіна заявіла аб намеры ўзмацніць ахову сваёй мяжы зь Беларусьсю. 10 лістапада прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі правёў пасяджэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны. На ёй вызначылі 10 участкаў мяжы, на якіх найбольш імавернае масавае зьяўленьне мігрантаў.

Адначасова Ўкраіна пачала кансультацыі з замежнымі партнэрамі аб узмацненьні бясьпекі на сваіх межах ў сувязі з канцэнтрацыяй расейскіх войскаў паблізу і адначасова міграцыйнага крызісу, створанага Беларусьсю.

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг 15 лістапада на брыфінгу ў Брусэлі па выніках сустрэчы зь міністрам замежных справаў Украіны Дзьмітром Кулебам заявіў, што міграцыйныя праблемы на мяжы з Эўропай і канцэнтрацыю войскаў Расеі каля Ўкраіны трэба разглядаць у комплексе.

19 лістапада міністар унутраных справаў Украіны Дзяніс Манастырскі заявіў, што міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і эўрапейскіх краін у кожны момант можа абвастрыцца. Ён паведаміў, што на ахову мяжы дадаткова накіраваныя 15 гелікоптэраў, 2 самалёты, 44 дроны, а таксама рэзэрвы Нацыянальнай гвардыі і Нацыянальнай паліцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG