Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень памяці Эміліі Плятэр, год таму — «Марш мудрасьці» ў Менску


Эмілія Плятэр, карціна Яна Багуміла Розэна

Падзеі 23 сьнежня ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі.

Год таму ў гэты дзень

  • Міністэрства фінансаў ЗША ўвяло санкцыі супраць ЦВК, АМАПу, Галоўнага ўпраўленьня ўнутраных спраў Менскага гарвыканкаму, спэцназу КДБ.
  • У цэнтры Менску прайшоў пазачарговы «Марш мудрасьці» — акцыя пэнсіянэраў.

Дзень у гісторыі

1595 — складаньне Берасьцейскай уніі.

Прамова Пятра Скаргі, ідэоляга Берасьцейскай уніі, карціна Яна Матэйкі
Прамова Пятра Скаргі, ідэоляга Берасьцейскай уніі, карціна Яна Матэйкі

1791 — расейская імпэратрыца Кацярына II усталявала на новадалучаных тэрыторыях Рэчы Паспалітай «мяжу габрэйскай аселасьці».

1884 — у варшаўскім выданьні «Słowo» зьявіўся першы ўрывак з аповесьці Генрыка Сянкевіча «Патоп».

1953 — расстраляныя Лаўрэнці Берыя і іншыя кіраўнікі савецкіх спэцслужбаў сталінскай пары — Усевалад Мяркулаў, Амаяк Кабулаў, Сяргей Гаглідзэ, Павал Мешык, Уладзімір Дэканозаў, Леў Уладзімірскі.

1963 — Папа рымскі Павал VI падвысіў статус Украінскай грэка-каталіцкай царквы з узроўню мітраполіі да вярхоўнага арцыбіскупства.

1990 — 88,5% удзельнікаў рэфэрэндуму выказаліся за незалежнасьць Славеніі ад Югаславіі.

У гэты дзень нарадзіліся

1786 — Вінцэнт Равінскі, аўтар паэмы «Энеіда навыварат», якая амаль стагодзьдзе лічылася ананімнай. Разгадаў загадку аўтарства літаратуразнаўца Генадзь Кісялёў.

У памяці

1831 — Эмілія Плятэр, беларуская паэтка і фальклярыстка, удзельніца паўстаньня 1831 году. У часе паўстаньня Эмілія стала камандзірам вайсковага аддзелу і памерла ад ранаў, атрыманых падчас бою.

Калі вы бывалі ў Варшаве, то, відаць, памятаеце, што адна з цэнтральных яе вуліц названая імем графіні Эміліі Плятэр. Вам могуць з гонарам распавесьці, што гэта польская Жанна д’Арк, якая здабыла сабе вечную славу ў гераічны час вызвольнага паўстаньня 1830—1831 гадоў.

На жаль, ня кожны грамадзянін нашае краіны гатовы ў такі момант удакладніць, што Эмілія — ня полька, а беларуска-ліцьвінка. Яна ваявала з царскімі захопнікамі далёка ад Польшчы, у Беларусі, і была ня проста арыстакраткаю, але беларускай паэткай і фальклярысткаю, якая, да прыкладу, таленавіта выконвала народныя танцы (асабліва непараўнальнай была ў «Лепятусе») і віртуозна валодала жанрам галашэньняў.

Характарам, тэмпэрамэнтам, ахвярнасьцю яна вельмі нагадвала сваю сястру па духу з пачатку ХХ стагодзьдзя — Алаізу Пашкевіч (Цётку).

Блізкія сябры не зьдзівіліся, што, калі ў 1831-м Беларусь усьлед за Польшчай паўстала супраць расейскага панаваньня, Эмілія Плятэр пакінула ўсё — багаты дом, балі, навуковыя й літаратурныя штудыі — і далучылася да інсургентаў.

У тыя дні ёй вельмі прыдаліся яшчэ дзіцячыя захапленьні верхавой яздой і паляваньнем. Юная графіня, што некалі прайшла сымбалічны абрад пасьвячэньня ў рыцары, сваім коштам сфармавала паўстанцкі аддзел зь некалькіх сотняў добра ўзброеных ваяроў і, убраўшыся ў мужчынскую вопратку, ачоліла яго.

Аддзел вёў жорсткія баі з карнікамі ў Інфлянтах і на Віленшчыне, вызваліў ад расейцаў Езяросы (цяпер Зарасай у Літве), а пазьней вызначыўся ў бітве пад Коўняй.

Здарылася нечуваная рэч — дваццаціпяцігадовай жанчыне надалі званьне капітана. Яе прызначылі камандаваць бывалымі жаўнерамі, сярод якіх былі тыя, хто ў маладосьці ваяваў пад штандарамі Тадэвуша Касьцюшкі.

Побач з Эміліяй заўсёды была ад’ютантка Марыя Прушынская. У аддзеле ваявала і настаўніца-шляхцянка Марыя Рашановіч, а дзесяцігадовая Валерыя Ражазінская стала выведніцай.

Сьмерць выбірае лепшых. Зьнясіленая ў баях і паходах, нялёгкіх і для загартаваных мужчын, Эмілія цяжка захварэла. Яе сыход у сьнежні 1831-га сымбалізаваў скон усяго паўстаньня.

Вестка пра гераізм ліцьвінкі, што змагалася з расейскай тыраніяй, шырока разьляцелася па сьвеце. Свае творы прысьвяцілі ёй дзясяткі паэтаў у Францыі, Брытаніі, Італіі, Нямеччыне, Польшчы... Адам Міцкевіч адгукнуўся вершам «Сьмерць палкоўніка», дзе павысіў гераіню ў вайсковым рангу.

Ці ёсьць у гарадах Беларусі сярод мноства вуліцаў Кляры Цэткін, Розы Люксэмбург і Надзеі Крупскай хоць адна, названая ў гонар нашай Жанны д’Арк?

Уладзімер Арлоў. Імёны Свабоды. 4-е выданьне. С. 28-29.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG