Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце замарозіла адносіны з горадам-пабрацімам у Галяндыі. Мы даведаліся, што сталася


Сядзіба муніцыпалітэту Кувордэн

10 сьнежня ўлады Берасьця замарозілі адносіны з галяндзкім горадам-пабрацімам Кувордэнам. Прычынай стаў нібыта «шэраг недружалюбных крокаў» галяндцаў. Мы скантактаваліся з мэрыяй Кувордэна, каб даведацца, што сталася.

Кувордэн — гэта горад з 35 тысячамі жыхароў на паўночным усходзе Нідэрляндаў. Партнэрскія адносіны зь Берасьцем былі ўсталяваныя 20 гадоў таму. Адной з задачаў муніцыпалітэту Кувордэна на эўрапейскім узроўні зьяўляецца рух грузавых цягнікоў. У гэтым кантэксьце на сайце галяндзкага гораду гаворыцца: «Мы працуем разам з нашым горадам-партнэрам Берасьцем у Беларусі і імкнёмся да злучэньня з новым кітайскім Шаўковым шляхам».

Але на пачатку сьнежня сэсія гарадзкога савету дэпутатаў Берасьця прыняла рашэньне аб замарожваньні адносінаў з Кувордэнам. У самім рашэньні нічога не гаворыцца аб прычынах. Мэр Берасьця Аляксандар Рагачук у сваім тэлеграм-канале напісаў, што гэта адказ на дзеяньні галяндцаў, якія першымі замарозілі адносіны:

«На жаль, апошнія паўтара года кіраўніцтва горада-пабраціма спрабавала выйсьці за рамкі дзейнага двухбаковага пагадненьня, распачаўшы шэраг недружалюбных крокаў, уключаючы замарозку партнэрскіх адносін з афіцыйным Берасьцем».

Кувордэн
Кувордэн

«Мы не замарожвалі партнэрства з Берасьцем»

Улады гораду абавязаліся неўзабаве паведаміць мэрыі Кувордэну аб сваім рашэньні. Мінула амаль два тыдні, але галяндцы да гэтай пары не атрымалі ліста зь Беларусі. Пра тое, што беларускі горад-пабрацім замарозіў адносіны з Кувордэнам, яны даведаліся з інтэрнэту. Мэр Берасьця Рагачук назваў гэтае рашэньне адказам на крок галяндцаў, якія нібыта першымі замарозілі адносіны. Але як расказала Свабодзе дарадца па камунікацыях муніцыпалітэту Кувордэна Лізбэт Мэнінк, гэтая інфармацыя не адпавядае сапраўднасьці.

«Афіцыйна мы не замарожвалі партнэрства зь Берасьцем, бо мы не дасылалі афіцыйнай заявы. Аднак апошнім часам мы не кантактавалі з уладамі Берасьця. Мы праінфармавалі нашую гарадзкую раду, што зносіны з уладамі прыпыненыя да далейшага апавяшчэньня». — гаворыць Мэнінк.

Кувордэн
Кувордэн

«Некалькі лістоў спадару Рагачуку, каб нагадаць яму пра важнасьць каштоўнасьцяў»

Што тады прымусіла берасьцейскія ўлады замарозіць адносіны з Кувордэнам? У мэрыі галяндзкага гораду могуць толькі здагадвацца:

«Пасьля выбараў у жніўні 2020 года мы арганізавалі некалькі акцый салідарнасьці з жыхарамі Берасьця, якія выказвалі сваё жаданьне мець больш дэмакратыі і каб у Беларусі дзейнічала вяршэнства закону. Акрамя таго, наш былы мэр напісаў некалькі лістоў спадару Рагачуку, каб нагадаць яму аб важнасьці гэтых каштоўнасьцяў». — расказала Свабодзе Лізбэт Мэнінк.

Паводле яе, улады Кувордэну не атрымалі ніякага адказу зь Берасьця.

«Такім чынам, мы ня маем дадатковай інфармацыі аб тым, якія канкрэтныя „недружалюбныя крокі“ мы зрабілі. Чакаем афіцыйнага ліста ўладаў Берасьця аб іх рашэньні. Пасьля атрыманьня гэтага дакумэнта мы апублікуем афіцыйную заяву», — сказала Свабодзе дарадца па камунікацыях муніцыпалітэту Кувордэна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG