Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога прэзыдэнта Ўкраіны Парашэнку падазраюць у «дзяржаўнай здрадзе», выклікаюць на допыт


Пятро Парашэнка перад уваходам у будынак суду ў Кіеве, Украіна, 18 чэрвеня 2020 г.

Дзяржаўнае бюро расьсьледаваньняў Украіны, Служба бясьпекі і Офіс генэральнага пракурора расьсьледуюць «арганізацыю злачыннай схемы пастаўкі вугалю з часова акупаваных тэрыторыяў і фінансаваньні тэрарыстычных арганізацыяў „ДНР“ і „ЛНР“ у памеры 1,5 мільярда грыўняў» (цяпер больш як 55 мільёнаў даляраў у эквіваленце).

Як паведаміла Дзяржаўнае бюро расьсьледаваньняў, у ліку «падазраваных асобаў» — пяты прэзыдэнт і цяперашні дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Пятро Парашэнка.

У верасьні–лістападзе аналягічнае падазрэньне выставілі Ўладзіміру Дзямчышыну — міністру энэргетыкі ў 2014–2016 гадах. Іх абодвух падазраюць у тым, што яны набывалі вугаль з акупаванага Данбасу за сродкі дзяржаўнага бюджэту.

Сьледчыя выклікалі Пятра Парашэнку на допыт 23 сьнежня. У гэты ж дзень абяруць і меру папярэдняга стрыманьня. Пакуль сьледчыя ня кажуць, чаго будуць патрабаваць у судзе — арышту, грашовага закладу ці асабістага абавязаньня (аналяг падпіскі аб нявыезьдзе).

Паводле сьледзтва, «сваімі дзеяньнямі фігуранты справы стварылі энэргетычную залежнасьць Украіны ад Расеі і тэрарыстычных арганізацыяў». У гэтай жа справе праходзіць і лідэр «Апазыцыйнай плятформы „За жыцьцё“» Віктар Медзьвядчук — ён пад хатнім арыштам.

Кіраўнік цэнтральнага штабу партыі «Эўрапейская салідарнасьць» Аляксандар Турчынаў назваў справу супраць Пятра Парашэнкі сфальсыфікаванаю. Сам Пятро Парашэнка цяпер знаходзіцца па-за межамі Ўкраіны. 18 сьнежня ён сустрэўся з Усясьветным Патрыярхам Варфаламеем.

У пачатку 2019 году стала вядома пра пастаўкі вугалю з акупаванага Данбасу празь Беларусь.

Служба бясьпекі Ўкраіны пачала расьсьледаваць дзьве крымінальныя справы: першая тычыцца паставак вугалю з Данбасу ва Ўкраіну беларускімі, расейскімі і эўрапейскімі кампаніямі, другая — фінансаваньня тэрарыстычнай групоўкі (так ва Ўкраіне кваліфікуюць «ДНР» і «ЛНР»).

У адной са справаў фігуравала кампанія, якую зьвязвалі зь Пятром Парашэнкам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG