Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта прызнаньне». Сацсеткі Латушкі і Цапкалы прызналі «экстрэмісцкімі»


Павал Латушка

Пад рэпрэсіі ўладаў трапілі сацыяльныя сеткі апазыцыйных палітыкаў.

Пра рашэньне суду Цэнтральнага раёну Менска паведаміў ГУБАЗіК МУС Беларусі, які перадаваў матэрыялы ў суд.

Інфармацыйная прадукцыя telegram-каналу «Павел Латушка», telegram-чату «Павел Латушка — Чат», а таксама аналягаў у сацыяльных сетках і відэагостынгу YouTube прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Такое ж рашэньне ўхвалілі і стасоўна сацыяльных сетак апазыцыйнага палітыка Валера Цапкалы:

«Судом Цэнтральнага раёну Менску паводле матэрыялаў ГУБАЗіК МУС Рэспублікі Беларусі інфармацыйная прадукцыя telegram-каналу „Валерий Цепкало“, telegram-чату „Валерий Цепкало обсуждение“, а таксама аналяг на відэагостынгу YouTube прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі», — гаворыцца ў паведамленьні.

З 2020 году Павал Латушка і Валер Цапкала жывуць за межамі Беларусі.

Латушка: «Гэта прызнаньне»

Павал Латушка пракамэнтаваў гэтую інфармацыю Свабодзе:

«Па-першае, я лічу што гэта няпраўнае рашэньне суду Цэнтральнага раёну Менску. Па-другое, ужо раней была заведзеная крымінальная справа супраць мяне „аб стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня“. Па-трэцяе, гэта прызнаньне. Прызнаньне таго, што мы робім важную і патрэбную справу.

Што можна чакаць ад Лукашэнкі, які ня мае падтрымкі ад грамадзянаў? Неўзабаве ён можна прызнаць „экстрэмісцкімі“ сацыяльныя сеткі кожнага беларуса, што яму застаецца?

Мы некалькі месяцаў назад рабілі падлік колькасьці падпісчыкаў у дэмакратычных тэлеграм-каналах, якія былі прызнаныя экстрэмісцкімі і на іх былі падпісаныя больш за 4 млн беларусаў. Таму трэба ясна сказаць — усё гэта выбарнікі, якія галасавалі супраць Лукашэнкі. Ён нічога больш ня можа, акрамя таго як рабіць „экстрэмістамі“ ўсіх нас. Мы працягваем працаваць, спадзяемся, што робім важную справу, і ўдзячныя ўсім, хто быў падпісчыкам і ім застаецца.

Зразумела, гэта робіцца дзеля таго, каб дэматываваць грамадзянаў Беларусі, каб яны адпісваліся ад тэлеграм-каналаў, але я бачу такую тэндэнцыю, што прагляды некаторых допісаў, якія разьмяшчаюцца ў маім тэлеграм-канале, перавышаюць у 2 разы колькасьць падпісчыкаў. Думаю, што ў Беларусі знойдуць магчымасьць, якім чынам сачыць за дэмакратычнымі СМІ і ўсімі тымі, хто працуе дзеля новай Беларусі. Спадзяюся, што гэтую камунікацыю мы не загубім. Я, вядома, зьвяртаюся да ўсіх беларусаў, каб яны далей не адмаўляліся, бо мы працуем для людзей, якія хочуць пераменаў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG