Пры гэтым вядома шмат выпадкаў звальненьня лекараў за палітыку. А Лукашэнка нядаўна даручыў «разабрацца» з кіраўнікамі ўстаноў аховы здароўя, якія займаюць нібыта «антыдзяржаўную пазыцыю».
У Менску найбольш запатрабаваныя мэдыкі, інжынэры, спэцыялісты ў сфэры адукацыі і культуры
Камітэт працы, занятасьці і сацыяльнай абароны Менгарвыканкаму апублікаваў статыстыку занятасьці насельніцтва за студзень–лістапад.
На 1 сьнежня наймальнікі заявілі ў службу занятасьці насельніцтва амаль 25 тысяч вакансій рознага профілю. Гэта пры тым, што афіцыйна ўзровень зарэгістраванага беспрацоўя ў Менску не перавышае 0,1% ад колькасьці эканамічна актыўнага насельніцтва — на ўліку ўсяго 788 чалавек.
Найбольшы попыт у рабочых кадрах на будаўнічыя прафэсіі: муляр, тынкар, плітачнік, мантажнік будаўнічых канструкцый, сьлесар-сантэхнік, сталяр, электрагазазваршчык.
Гэтаксама бракуе кадраў у сфэры гандлю і грамадзкага харчаваньня, транспарту, прамысловасьці.
Зь пераліку спэцыялістаў найбольш запатрабаваныя мэдычныя работнікі: мэдсястра, лекар, правізар, рэнтгеналябарант, фэльчар.
Сярод дэфіцытных кадраў таксама фігуруюць інжынэрныя работнікі, спэцыялісты ў галіне адукацыі і культуры (артыст, бібліятэкар, выхавальнік, мэтадыст, выкладчык), адміністратары, бугальтары, мэнэджары, кіраўнікі арганізацый і іх структурных падразьдзяленьняў.
Бракуе 1000 мэдычных сясьцёр і амаль тысяча дактароў
Агулам у Менску не хапае амаль 1000 мэдычных сясьцёр, 835 лекараў, больш за 140 фэльчараў ды іншых. Таксама ў сталіцы свабодныя вакансіі для 780 інжынэраў, 230 выхавальнікаў, 115 настаўнікаў. Пры гэтым вядома пра масавыя зачысткі «нядобранадзейных» у дзяржаўных арганізацыях, якія найбольш закранулі мэдыцыну, чыгунку, мэдыя, установы культуры.
На падставе падрыхтаваных сьпісаў людзей прымушаюць звальняцца пры згодзе бакоў за любую праяву грамадзянскай пазыцыі — ад подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты да публічнага асуджэньня гвалту сілавікоў.