Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень Плошчы-2010, год таму — раённыя шэсьці і калектыўныя сьпевы


Масавая акцыя пратэсту супраць фальсыфікацыяў на прэзыдэнцкіх выбарах, Менск, 19 сьнежня 2010

Падзеі 19 сьнежня ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі

У гэты дзень год таму

  • У Менску і ваколіцах, Горадні і іншых гарадах Беларусі прайшлі лякальныя акцыі пратэсту
  • Праваабаронцы прызналі палітвязьнем лекара Арцёма Сарокіна, які паведаміў, што Раман Бандарэнка быў цьвярозым

Дзень у гісторыі

1915 — Казімер Малевіч упершыню апублікаваў у Петраградзе 39 беспрадметных працаў, сярод якіх быў і знакаміты «Чорны квадрат».

Чорны квадрат Малевіча
Чорны квадрат Малевіча

1964 — у вёсцы Лаша адкрыўся мэмарыяльны музэй Яўхіма Карскага.

1965 — пераабраньне Шарля дэ Голя на пасаду прэзыдэнта Францыі.

Шарль дэ Голь
Шарль дэ Голь

1972 — на Зямлю вярнуўся экіпаж касьмічнага карабля «Апалён-17», чым завяршылася амэрыканская экспэдыцыя на Месяц.

2010 — чацьвёртыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, падчас якіх мелі месца масавая акцыя пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і жорсткі разгон пратэсту ўладамі. Былі зьбітыя і затрыманыя сотні чалавек, у тым ліку 5 кандыдатаў у прэзыдэнты.

У гэты дзень нарадзіліся

1812 — Рамуальд Падбярэскі, выдавец, літаратуразнаўца, публіцыст, палітвысланец.

Рамуальд Падбярэскі
Рамуальд Падбярэскі

У 1858 годзе ў Вільні на свой першы сход сабраліся беларускія пісьменьнікі Ўладзіслаў Сыракомля, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Вінцэсь Каратынскі, Арцём Вярыга-Дарэўскі ды іхнія маладзейшыя калегі. Літаратары вялі гаворку пра вялікую сілу прыгожага пісьменства, здольнага аб’яднаць народ і дапамагчы яму ў самыя нялёгкія часы. Адзін з прамоўцаў зьвярнуўся да гісторыі старажытнага сьвету і згадаў войны Рыму з Картагенам. Маўляў, рымляне перамаглі яшчэ і таму, што мелі, адрозна ад картагенцаў, багатую мастацкую літаратуру. На сходзе абмяркоўвалі плян выданьня кніг для беларускага народу, які павінен быў вырвацца з прыгоннага ярма і здабыць волю ад расейскага прыгнёту. Ня раз гаварылася, што тут вельмі не хапае Рамуальда Падбярэскага — выдаўца, літаратуразнаўца, таленавітага публіцыста і фальклярыста.

Скончыўшы гімназію, вілянчук Рамуальд рыхтаваўся паступаць у віленскую alma mater, але апошнюю на той час вышэйшую школу краю зачынілі за падтрымку студэнтамі і выкладчыкамі вызвольнага паўстаньня 1831 году. Вучыцца давялося ў Маскоўскім унівэрсытэце.

У сталіцы імпэрыі Падбярэскі далучаецца да беларускага гуртка і распачынае выдавецкую дзейнасьць. Рэдагаваны ім польскамоўны літаратурнанавуковы альманах «Rocznik Literacki» робіцца, па сутнасьці, беларускацэнтрычным: друкуе нарысы пра Эўфрасіньню Полацкую, з вайсковай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, вершы былых філяматаў і філярэтаў Тамаша Зана і Антона Адынца, паэзію і прозу Яна Баршчэўскага. Тая ж лінія працягваецца і ўзмацняецца пасьля вяртаньня Падбярэскага ў Вільню, дзе ён выдае «Pamіętnik Naukowo-Literacki».

У ўласных публікацыях — фальклёрна-этнаграфічным нарысе «Беларускае вясельле», надрукаваных у пецярбурскай пэрыёдыцы «Лістах зь Беларусі», літаратурнакрытычных артыкулах — Рамуальд Падбярэскі адкрыта заяўляе пра самастойную «беларускую нацыянальнасьць», піша пра «беларускіх паэтаў і беларускіх музыкаў». Ён плянуе заснаваць беларускі часопіс і стаць яго рэдактарам.

Актыўна чытаецца і перачытваецца ў краі прадмова Падбярэскага да знакавага твору нашай новай літаратуры — «Шляхціча Завальні» Яна Баршчэўскага. Нагадаю самы пачатак: «На Беларусі, якую дагэтуль лічылі глухім краем, зь некаторага часу выразна назіраецца незвычайны інтэлектуальны рух».

Гэты рух заўважаюць і расейскія каляніяльныя ўлады. У 1850-м Рамуальда разам з трыма ягонымі супрацоўнікамі арыштоўваюць за антыўрадавую дзейнасьць.

На высылцы ў Архангельскай губэрні, у псыхіятрычнай лякарні, і згасае жыцьцё гэтай выдатнай асобы, якую гісторык, літаратар і журналіст Сяргей Абламейка ў сваіх дасьледаваньнях назваў «першым героем новай Беларусі».

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 54–55.

1915 — Эдыт Піяф, папулярная француская сьпявачка.

1935 — Валянціна Лемцюгова, беларуская мовазнаўца.

У памяці

1995 — Міхаіл Суднік, беларускі мовазнаўца.

2008 — Ніна Мацяш, беларуская паэтка.

Ніна Мацяш
Ніна Мацяш

У дзяцінстве яна была, на першы погляд, звычайнай дзяўчынкай. Ну, можа, крыху больш засяроджанай, чым раўналеткі. Заглыбленай у сябе. Душа ўжо прадчувала хваробу, што таілася ў генах.

Сямнаццацігадовая вясковая дзяўчына перажыла сапраўднае шчасьце , даведаўшыся , што залічаная на францускі факультэт Менскага інстытуту замежных моваў. Але зусім хутка, яшчэ на першым курсе, абрынулася бяда. У інстытут Ніна вярнулася толькі праз чатыры гады, за шэсьць сэмэстраў здаўшы экзамэны экстэрнам. Атрымаўшы дыплём, бліскуча ведала францускую й нямецкую. Ангельскую й польскую вывучыла самастойна.

Невылечная хвароба на ўсё астатняе жыцьцё прыкула Ніну да інваліднага вазка. Але яна ўспрыняла гэта не як свой крыж, а як сваю адзначанасьць, і здолела зьдзейсьніцца ў некалькіх іпастасях.

Яна ўзьнялася ў шэраг нашых выдатных паэтак, атрымаўшы высокія літаратурныя ўзнагароды і галоўную зь іх — чытацкую любоў. Зрабілася прызнанай перакладчыцай, пераўвасобіўшы па-беларуску паэзію нобэлеўскай ляўрэаткі Віславы Шымборскай, «Маленькага прынца» Антуана дэ Сэнт-Экзюпэры, паэтаў францускай «Пляяды»...

Яна зь дзяцінства марыла шмат падарожнічаць і ўрэчаісьніла мроі, пабываўшы ў Варшаве, Бэрліне, Парыжы... Ніна Мацяш стала бясспрэчным маральным аўтарытэтам краіны. Пры ўсёй розьніцы лёсаў я паставіў бы яе ў адзін шэраг з Ларысай Геніюш. Асабіста ведаю дзясяткі людзей, якія прыйшлі да Беларусі дзякуючы Ніне. А іх былі сотні, а мо і тысячы...

Наша мудрая пісьменьніца і крытык Альбіна Сямёнава назвала Мацяш чалавекам эўрапейскага кшталту, асобаю зь ліку абраньнікаў Божых, якія жывуць у рытме гэтага абраньніцтва. Сапраўды, за два дні да адыходу Ніна яшчэ выступала перад чытачамі.

У беларускім сусьвеце зьвініць яе радок-запавет: «Аддавайся жыцьцю сьветланосна!»

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 588–589.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG