Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мянчанка амаль тры тыдні шукае сына з аўтызмам. Яна просіць беларусаў зьвяртаць увагу на бяздомных


Кірыл Кошкін, які згубіўся ў Менску, кадар з камэр відэаназіраньня, фота МУС Беларусі
Кірыл Кошкін, які згубіўся ў Менску, кадар з камэр відэаназіраньня, фота МУС Беларусі

Натальля Караульшчыкава 18 дзён шукае свайго сына з аўтызмам, які пайшоў на працу і згубіўся. Яна просіць беларусаў прыгледзецца да фота Кірыла і зьвяртаць увагу на падобных людзей на вуліцах, у пад’ездах, на гарышчах і ў падвалах.

Кірыл Кошкін выйшаў з дому на вуліцы Асаналіева апоўдні 30 лістапада. Потым знаходзіўся на працы на Кальварыйскай вуліцы да 16-й гадзіны. Яго бачылі ўвечары таго ж дня ў Менску каля станцыі мэтро «Магілёўская».

Кірыл Кошкін, кадар з камэр відэаназіраньня
Кірыл Кошкін, кадар з камэр відэаназіраньня

Яму 24 гады. Гэта высокі мужчына ростам 180-185 сантымэтраў з цёмнымі валасамі. Ён быў адзеты ў чорную зімовую падоўжаную куртку, цёмна-сінія нагавіцы, чорныя боты.

Натальля мяркуе, што сын цяпер можа быць брудны, неахайны, зарослы.

«Зь вялікай доляй імавернасьці Кірыл недзе ў горадзе. Ходзіць хутчэй за ўсё, у яго няма сіл. Ён павінен быў схавацца недзе ў пад’ездзе, на тэхнічным паверсе, у закінутым памяшканьні.

Агледзьцеся ў тым месцы, дзе вы жывяце, паглядзіце больш уважліва вакол, можа, побач жыве нехта, хто мог яго прыгрэць... Калі ласка, глядзіце больш уважліва на кожнага бяздомнага ў чорнай куртцы. Дайце яму шанец выжыць!», — просіць Натальля.

Тым, хто заўважыць падобных да Кірыла людзей, маці прапануе рабіць іхняе фота або відэа і дасылаць ёй, а таксама адразу тэлефанаваць ёй.

На відэа відаць, што ў Кірыла адметная хада.

Хлопец раней ніколі ня браў ежу ад незнаёмцаў, часта мыў рукі.

Кірыл Кошкін
Кірыл Кошкін

Яго шукае міліцыя, пошукавы атрад «Ангел».

Ягоная маці прачэсвае Менск, шукае яго па звалках, аўтазапраўках, крамах, дварах, уздоўж рэк. Езьдзіць у іншыя гарады, дзе маглі бачыць ейнага сына, прыкладам, у Барысаў. Расклейвае ўлёткі разам з валянтэрамі. Яна дзякуе людзям за падтрымку і дапамогу.

«Абсалютна незнаёмыя людзі хочуць дапамагчы мне матэрыяльна, нават проста пакарміць мяне. Я бы прапала бяз вас, але ў мяне ёсьць вы», — напісала Натальля на сваёй старонцы ў Facebook.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG