Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Міжнародны дзень мігранта, дзень памяці Вацлава Гаўла


Дзеці мігрантаў зь беларускага боку польска-беларускай мяжы, лістапад 2021

Падзеі 18 сьнежня ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі.

Сёньня Міжнародны дзень мігранта

4 сьнежня 2000 года Генэральная Асамблея ААН абвясьціла 18 сьнежня Міжнародным днём мігрантаў. У гэты дзень у 1990 годзе Асамблея прыняла Міжнародную канвэнцыю аб абароне правоў усіх працаўнікоў-мігрантаў і іх сямейнікаў. Дзяржавам-чальцам ААН, а таксама міжурадавым і няўрадавым арганізацыям прапанавана адзначаць Міжнародны дзень мігрантаў шляхам распаўсюду інфармацыі аб правах чалавека і асноўных свабодах мігрантаў, абмену досьведам і распрацоўцы захадаў дзеля іх абароны.

Мігранцкі крызіс — 2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.

Гэты дзень у гісторыі

1865 — прынятая трэцяя папраўка да Канстытуцыі ЗША, якая ліквідавала рабства.

1882 — у Беларусі ўсталяваныя першыя тэлефонныя лініі (паміж гомельскім маёнткам князя Паскевіча, ягоны палацам, фабрыкамі і фальваркам).

1890 — у Лёндане адкрылася першая ў сьвеце падземная электрыфікаваная чыгунка (мэтрапалітэн)

1917 — у Менску распачаўся I Усебеларускі кангрэс.

1940 — у нацысцкай Нямеччыне зацьверджаны «Плян Барбароса» — плян нападу на СССР.

1973 (18-26 сьнежня) — нараджэнец Беларусі Пётар Клімук зрабіў арбітальны палёт на касьмічным караблі «Саюз-13» у якасьці камандзіра карабля і стаў першым беларусам у космасе.

1979 — на Менскім паліграфічным камбінаце імя Якуба Коласа надрукаваная мільярдная кніга.

У гэты дзень нарадзіліся

1878 — Іосіф Сталін, кіраўнік Савецкага Саюзу, дыктатар (1924-1953).

1913 — Вілі Брандт, нямецкі палітык, сацыял-дэмакрат, канцлер Нямеччыны (1969-1974).

У памяці

1969 — Пятро Глебка, беларускі паэт, драматург, перакладчык, навуковец, грамадзкі дзеяч.

Пятро Глебка
Пятро Глебка

2002 — Анатоль Канапелька, беларускі паэт, перакладчык, літаратуразнаўца.

Калі ў сярэдзіне 1990-х ён папрасіў у мяне рэкамэндацыю ў Саюз пісьменьнікаў, а неўзабаве і ў Беларускі ПЭН-цэнтар, я крыху зьніякавеў, бо значна лягічнейшай выглядала б сытуацыя адваротная.

І рэч ня ў тым, што Анатоль нарадзіўся на пятнаццаць гадоў раней.

Якраз тады я рэдагаваў у выдавецтве «Мастацкая літаратура» (адкуль праз пару гадоў мяне звольняць зь непаўторнай фармулёўкаю — «за выпуск исторической и другой сомнительной литературы») том новай «Анталёгіі беларускай паэзіі», сярод адметных аўтараў якой быў Анатоль Канапелька.

Ягоныя вершы запомні ліся мне сьвежасьцю й нейкім кранальным наівам, а адзін, што ў сьвядомасьці адразу зьвязаўся з 25 сакавіка, я памятаю і цяпер:

Яшчэ шалее ветравік
асьнежаным крылом,
ды наступае сакавік,
і рушыў крыгалом.
І ўжо ня будзе лютых сьцюж…
Ад самага відна,
як ачышчэньне нашых душ,
да нас ідзе Вясна…

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 494–495.

2011 — Вацлаў Гавэл, пісьменьнік, апошні прэзыдэнт Чэхаславаччыны (1989-1992), першы прэзыдэнт Чэхіі (1993-2003).

1971 — Аляксандар Твардоўскі, расейскі паэт, рэдактар часопісу «Новый мир», дзе ўпершыню былі надрукаваныя творы Васіля Быкава.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG