Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогер, публіцыст, палітвязень. Хто такі Эдуард Пальчыс, якому прысудзілі 13 гадоў пазбаўленьня волі


Эдуард Пальчыс.

Вырак Эдуарду Пальчысу абвясьцілі 17 сьнежня 2021 году.

Яшчэ школьнікам атрымаў прэмію са спэцфонду прэзыдэнта, дыплём Міністэрства адукацыі

Эдуарду Пальчысу 31 год. Родам ён зь Ліды. Зь дзяцінства захапляўся гісторыяй.

У школе стаў ляўрэатам Спэцыяльнага фонду прэзыдэнта Беларусі для сацыяльнай падтрымкі адораных дзяцей, узнагароджаны Міністэрствам адукацыі дыплёмам і грашовай прэміяй са Спэцфонду прэзыдэнта. Пераможца рэспубліканскіх алімпіяд па гісторыі. Удзельнічаў у расчыстцы сядзібы Ігната Дамейкі ў вёсцы Запольле Лідскага раёну.

Суд над Эдуардам Пальчысам. Менск, 28 кастрчніка 2016 году
Суд над Эдуардам Пальчысам. Менск, 28 кастрчніка 2016 году

У 2008 годзе паступіў на гістарычны факультэт БДУ.

Пісаў пад нікам «Джон Сільвэр»

Эдуард Пальчыс — заснавальнік сайту 1863x.com. Пэўны час пісаў ананімна пад нікам «Джон Сільвэр». Па словах самога Пальчыса, «сайт задумваўся як адказ тым расейскім прапагандыстам, якія ў 2014-м пачалі інфармацыйна атакаваць Беларусь». На сайце зьмяшчаліся гістарычныя і палітычныя тэксты, часьцяком з рэзкай крытыкай уладаў Расеі і Беларусі.

Ён фактычна дамогся ў 2017 годзе забароны ў Беларусі расейскага экстрэмісцкага сайту «Спутник и Погром» за антыбеларускую дзейнасьць, напісаў некалькі скаргаў у Міністэрства інфармацыі, і суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў сайт экстрэмісцкім.

Першы раз супрацоўнікі КДБ затрымалі Пальчыса 5 траўня 2015 году. У яго і ў кватэры бацькоў адбыліся ператрусы, канфіскавалі кампутарную тэхніку. Пасьля допыту і двухдзённага знаходжаньня ў ІЧУ на Акрэсьціна Пальчыса прымусова накіравалі на судова-псыхіятрычную экспэртызу ў РНПЦ псыхічнага здароўя ў Навінках, дзе ён прабыў месяц. Эдуарда прызналі нармальным, адэкватным, у здаровым розуме і адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе.

У верасьні 2015 году Пальчыс праз Расею зьехаў ва Ўкраіну.

Суд над Эдуардам Пальчысам. Менск, 28 кастрчніка 2016 году
Суд над Эдуардам Пальчысам. Менск, 28 кастрчніка 2016 году

Сядзеў у Бранскім і Смаленскім СІЗА

У лістападзе 2015 году на старонцы свайго сайту Эдуард паведаміў аб раскрыцьці ягонай ананімнасьці і аб перасьледзе ў Беларусі.

У выніку апэрацыі спэцслужбаў Беларусі і Расеі 23 студзеня 2016 году Пальчыса затрымалі пры перасячэньні ўкраінска-расейскай мяжы. Больш за 3 месяцы яго трымалі спачатку ў СІЗА Бранску, а потым у Смаленску.

У канцы траўня Пальчыса экстрадавалі ў Беларусь, ён сядзеў у СІЗА Віцебску, затым Менску і Жодзіна.

22 чэрвеня 2016 году тагачасны старшыня Сьледчага камітэту Беларусі Іван Наскевіч пацьвердзіў, што Пальчысу выставілі абвінавачаньне паводле ч.1 арт. 130 (распальваньне варожасьці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасьці) і ч. 2 арт. 343 КК (выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару).

Актывісты зладзілі пратэст супраць будаўніцтва. Менск, 3 сакавіка 2017 году. Выступае Эдуард Пальчыс.
Актывісты зладзілі пратэст супраць будаўніцтва. Менск, 3 сакавіка 2017 году. Выступае Эдуард Пальчыс.

Быў асуджаны ў 2016 годзе на 1 год і 9 месяцаў «хіміі»

25 жніўня 2016 году суд Цэнтральнага раёну Менску на закрытым паседжаньні прызнаў экстрэмісцкай інфармацыйную прадукцыю, разьмешчаную на сайце 1863х.com.

За Пальчыса заступіліся беларускія праваабарончы, міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў», яго прызналі палітвязьнем.

У кастрычніку 2016 году Пальчыса судзілі ў Менскім гарадзкім судзе. Разгляд справы праходзіў у закрытым рэжыме. У выніку Пальчыс быў прызнаны вінаватым толькі паводле ч. 1 артыкулу 130 (распальваньне варожасьці), «парнаграфічны» артыкул

зьнялі. Эдуарда Пальчыса асудзілі тады на 1 год і 9 месяцаў абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу (на так званую «хатнюю хімію»). Ён быў вызвалены ў зале суду. «Хімію» адбываў у бацькоў у Лідзе.

Адвакатка Пальчыса Ганна Бахціна ў 2017 годзе Міністэрствам юстыцыі была пазбаўлена адвакацкай ліцэнзіі. Праваабаронцы лічаць гэта помстай уладаў за абарону палітзьняволеных.

Эдуард Пальчыс аднавіў працу сайту «1863х» — шляхам краўдфандынгу сабраў сродкі. Фактычна сайт існаваў на ахвяраваньні чытачоў.

Скрыншот стрыму #БНР102: Эдуард Пальчыс, Антон Матолька, Павал Белавус.
Скрыншот стрыму #БНР102: Эдуард Пальчыс, Антон Матолька, Павал Белавус.

Неаднаразова Пальчыса штрафавалі за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах: за мітынгі ў Курапатах, за ўдзел у пэрформансе ў барбэршопе «Чэкіст» (з фармулёўкай за «дробнае хуліганства»).

У 2018 годзе Эдуард Пальчыс быў адным з арганізатараў сьвяткаваньня 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ў Горадні і ў Менску.

«Асноўнай зброяй Пальчыса зьяўляліся створаныя і кіраваныя ім інтэрнэт-рэсурсы»

Эдуарда Пальчыса затрымалі летась 27 верасьня ў Менску. Спачатку арыштавалі на 15 дзён за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу 24 траўня каля Камароўскага рынку, потым яшчэ на 15. І ўжо за кратамі завялі крымінальную справу паводле 342-га артыкулу — за арганізацыю альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Потым дадалі яшчэ тры крымінальныя артыкулы.

Улады ў красавіку 2021 году прызналі тэлеграм-канал Palchys экстрэмісцкім.

У прэс-рэлізе Сьледчага камітэту ад 15 лістапада 2021 напісана:

«Асноўнай зброяй Пальчыса зьяўляліся створаныя і кіраваныя ім інтэрнэт-рэсурсы, у тым ліку Telegram-канал і старонкі ў сацыяльных сетках, якія захапілі большую частку аўдыторыі краіны, іх давер і выкарыстоўваліся для кіраваньня сьвядомасьцю натоўпу, унушэньня „патрэбнай“ інфармацыі, схіленьня да заплянаваных злачынных дзеяньняў».

Адмовіўся ўставаць на судзе і заявіў адвод судзьдзі Пятру Арлову

6 сьнежня ў Менскім гарадзкім судзе пачаўся закрыты працэс у справе Пальчыса.

Блогера абвінавацілі паводле чатырох артыкулах КК:

  • — арт. 130 (наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на ўзбуджэньне іншай сацыяльнай варожасьці і варожасьці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасьці, учыненыя групай асобаў, якія прывялі да іншых цяжкіх наступстваў);
  • — арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў);
  • — арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак);
  • — арт. 361 (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь).

На самым пачатку паседжаньня палітвязень адмовіўся ўставаць, сказаўшы, што ня лічыць гэта судом, і заявіў адвод судзьдзі Пятру Арлову. Прасіў пра сваё выдаленьне з залі. У якасьці сьведкі на судзе быў заяўлены Раман Пратасевіч.

Цяжарная жонка Эдуарда Вікторыя Пальчыс пасьля арышту мужа выехала зь Беларусі і ў сьнежні 2020 году нарадзіла за мяжой дачку Эмілію, якой Эдуард пакуль ня бачыў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG