Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заснавальніка Symbal.bу Белавуса ня выпусьцілі пасьля месяца арышту. Яго трэці раз будуць судзіць


Павал Белавус
Павал Белавус

Агулам за кратамі адзін з заснавальнікаў і першы дырэктар культурніцкай пляцоўкі «Арт Сядзіба», стваральнік крамы Symbal.by, кіраўнік кампаніі «Годна», арт-мэнэджар і журналіст Павал Белавус правёў 30 сутак, але яго далей пакінулі за кратамі.

Сёньня Павал Белавус меўся выйсьці на волю зь менскай турмы на Акрэсьціна пасьля сканчэньня другога адміністратыўнага арышту, але яго зноў «перазатрымалі», заўтра адбудзецца чарговы суд, паведаміў канал @symbalby.

6 сьнежня Белавуса судзілі паводле арт. 19. 1 КаАП (дробнае хуліганства). Суд Ленінскага раёну Менску пастанавіў пакараць Паўла 13-дзённым арыштам.

19 лістапада судзьдзя Ленінскага раёну Юлія Шут арыштавала Паўла Белавуса па ч. 1 арт. 24.23 КаАП на 15 сутак арышту.

Арышт Белавуса

15 лістапада затрымалі грамадзкага актывіста, стваральніка крамы Symbal.by Паўла Белавуса. Яго выклікалі на размову ў міліцыю аб 11 гадзіне, дадому ён не вярнуўся. Пазьней стала вядома, што ён у ізалятары на Акрэсьціна.

Сайт Reform.by стала даведаўся, за што Паўла Белавуса асудзілі першы раз. Калі яго затрымалі 15 лістапада, першапачаткова спрабавалі абвінаваціць у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў і мэтодык вырабу выбухоўкі» (арт. 19.11 і 19.12 КаАП) за перасылку поштай кнігі «Беларуская нацыянальная ідэя». Але ў выніку справу накіравалі на дапрацоўку, і празь некалькі дзён Паўла асудзілі паводле ч. 1 арт. 24.23 КаАП аб несанкцыянаваным пікетаваньні.

«Не змаглі за кнігу даць суткі, вырашылі пікетаваньне татуіроўкай аформіць. Памерам, можа, з карабок запалак», — расказаў Reform.by мужчына, які быў з Паўлам у адной камэры на Акрэсьціна.

Па яго словах, у Белавуса на запясьці нанесена невялікая татуіроўка зь бел-чырвона-белым сьцяжком і надпісам «Мірон». У сям’і двое дзяцей, Мірон — малодшы двухгадовы сын. Менавіта за гэтую татуіроўку заснавальніку Symbal.by далі першыя 15 сутак.

Былы сукамэрнік дадаў, што ад зносінаў з Паўлам Белавусам засталіся вельмі добрыя ўражаньні. Нават разумеючы, што могуць падоўжыць тэрмін, той казаў, што не жадае зьяжджаць з краіны.

Хто такі Павал Белавус

Павал нарадзіўся ў Лідзе, вучыўся на геаграфічным факультэце ў Берасьцейскім дзяржаўным унівэрсытэце.

«Хоць і вучыўся на геафаку, хацеў стаць журналістам. Я паступаў туды, бо добра ведаў беларускую мову, матэматыку, і мне патрэбен быў трэці прадмет. І я такі: „О, геаграфія! Паеду паступаць на геафак“. Але з другога курсу я пачаў пісаць, больш працаваў у журналісцкай сфэры. Дзякуючы геафаку, што я вучыўся ў Берасьці, я пазнаёміўся зь „Дзедзічам“, які зацягнуў мяне ў актывізм», — расказваў пра сябе Павал.

(«Дзедзіч» — агенцтва рэгіянальнага разьвіцьця. Грамадзкая адукацыйная, інфармацыйная і культурная пляцоўка. — РС).

Павал Белавус у сваёй менскай краме Symbal.by. Архіўнае фота
Павал Белавус у сваёй менскай краме Symbal.by. Архіўнае фота

Разам зь сябрамі заснаваў «Арт Сядзібу»

24 сьнежня 2011 году Павал Белавус разам зь сябрамі стварылі інфармацыйна-асьветніцкую арганізацыю «Арт Сядзіба». Праз канцэрты, лекцыі і забаўляльныя імпрэзы, якія рабіла «Арт Сядзіба», да беларушчыны масава далучалася моладзь па ўсёй краіне.

«Пашу я ведаю з 2009-га. Тады ён запомніўся мне сваім творчым і нестандартным падыходам. Мы разам распачыналі „Арт Сядзібу“, рабілі імпрэзы, пераяжджалі з розных памяшканьняў, разам рабілі Symbal.by. Паша для мяне — гэта сапраўдны беларус, які імкнецца зрабіць усё, каб Беларусь і беларушчына былі папулярнымі і прывабнымі. І робіць усё гэта шчыра! Паша — найлепшы сябра, да якога можна зьвярнуцца па дапамогу, параду, няхай гэта будзе вокладка, ці канцэпцыя новага альбому, ці нейкая бізнэс-ідэя. Я заўжды ўпэўнены, што Паша не падвядзе», — кажа Зьміцер Афанасенка, лідэр гурту Amaroka.

На афіцыйным Дні вышыванкі ў Менску. Архіўнае фота
На афіцыйным Дні вышыванкі ў Менску. Архіўнае фота

Зрабіў вышыванкі ізноў моднымі, папулярызуе беларускую культуру

Пазьней Павал стварыў краму Symbal.by, якая папулярызавала рэчы і зьявы, зьвязаныя зь беларускай мовай, культурай і гісторыяй. Вясной і летам 2020-га крама шыла вялікія партыі засьцерагальных масак і перадавала іх мэдыкам па ўсёй краіне. Празь ціск уладаў на пачатку сакавіка 2021-га краму закрылі.

У 2020 годзе Павал стварыў грамадзкую кампанію «Годна», якая прасоўвае сучасную нацыянальную ідэю Беларусі. У ёй каманды маладых людзей стваралі культурныя і гістарычныя праекты.

«Для мяне Паша — ня проста калега і сябра, ён як старэйшы брат, у якога заўсёды можна нечаму навучыцца. Ён марыць аб тым, каб Беларусь была беларускай. Паша вельмі шмат робіць для Беларусі, для таго, каб кожны адчуў годнасьць і гонар за сваю краіну, сваю мову і культуру, ганарыўся, што ён беларус. У яго гэта атрымліваецца, бо ў яго заўсёды шмат ідэй, гараць вочы, ён натхняе тым, наколькі ён любіць сваю працу, сваю місію», — кажа мэнэджар кампаніі «Годна», сяброўка Паўла Аліна Герашчанка.

Вось што пра Паўла і ягоную дзейнасьць гаворыць яшчэ адзін сябра і калега, актор «Свабоднага тэатру» Аляксей Сапрыкін.

Чарга каля крамы Symbal.by пасьля абвяшчэньня аб закрыцьці. 24 чэрвеня 2020
Чарга каля крамы Symbal.by пасьля абвяшчэньня аб закрыцьці. 24 чэрвеня 2020

«Паша ў найвышэйшай ступені справядлівы чалавек. Ёсьць такі знакаміты выраз: „Ну вы ж усё самі разумееце“. І вось Паша на яго заўжды адказваў: „Не, не разумею, чаму я павінен гэта разумець?“. І ён шчыра хоча палепшыць нашую краіну, шмат зрабіць для беларускай мовы, культуры, традыцыяў і гісторыі. Паша вельмі палымяны чалавек, ён вельмі моцна гарыць любой справай, якую ён пачынае рабіць. Для яго праца на ніве беларушчыны стала такім пакліканьнем, стала сэнсам жыцьця, таму што ён заўсёды нешта новае прыдумляе, падхоплівае, стаіць у авангардзе розных ідэяў. Ён адзін з самых палымяных людзей, якіх я сустракаў».

Павал мае жонку Кацярыну і дваіх малых дзетак: Соф’ю і Мірона.

«Паша вельмі любіць сваю сямʼю, сваіх дзетак. У яго нават ёсьць тату зь іх імёнамі: на адной руцэ імя дачушкі, а на другой — імя сынка», — дадае сяброўка Аліна.

«Я ведаю Пашу як чалавека, які шчыра любіць Беларусь», — дадае яшчэ адзін сябра Паўла.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG